Як адрадзіць Дзень памяці паўстанцаў 1863-га?

Падарожжа ў вёску Плябань, дзе захаваўся сапраўдны пантэон загінулым змагарам за незалежнасць Бацькаўшчыны, зладзілі аматары беларускай гісторыі. 

Ганаровая варта ля месца спачыну паўстанцаў

На краўндфандынгавай платформе talaka.by быў абвешчаны збор сродкаў для выпуску ўнікальнай кнігі доктара гістарычных навук Віктара Шведа, прысвечанай паўстанню ў Беларусі 1863 года. Падарожжа ў вёску Плябань — падзяка тым, хто ахвяраваў на яе свае сродкі.

Памятна дошка  нагадвае імёны загінулых інсургентаў

Патрыятычная моладзь усклала кветкі да помніка на магіле паўстанцаў, што знаходзіцца на ўзгорку плябанскіх могільнікаў, запаліла памятныя знічы. Сярод загінуўшых на мануменце пазначаны імёны Рафала Малішэўскага, Людвіга Яманта, Леапольда Банькоўскага, загінулых 21 сакавіка 1863 года ў баі з расійскімі рэгулярнымі войскамі ля ракі Свечкі. У магіле перахаваная зямля з месцаў вечнага спачыну Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, кіраўніка паўстання на Маладзечаншчыне Юльяна Бакшанскага. Гісторыкі і мясцовыя жыхары дадаюць да гэтага спісу імя 15-гадовага паўстанца-гімназіста Ігнацы Сулістроўскага… Гэты помнік героям 1863 года з’явіўся не ў апошнюю чаргу дзякуючы гісторыкам Зянону Пазьняку і Міхаілу Чарняўскаму.

Каардынатар выдавецкага праекту Вольга Сямашка адзначыла:

Кніга доктара гістарычных навук, прафесара Віктара Шведа «Рэквіем паўстанцам 1863–1864 гг. (Гродзенская губерня)» вельмі важная па некалькіх прычынах. Па-першае, у ёй сабрана інфармацыя пра лёс паўстанцаў Гродзенскай і суседніх губерняў і іх камандзіраў, у кнізе таксама распавядаецца пра тое, як рыхтаваліся да паўстання, складзены спісы ўдзельнікаў баёў з расійскімі войскамі, спісы забітых і пахаваных паўстанцаў.

Па-другое, у кнізе пазначаны месцы, звязаныя з падзеямі 1863–1864 гадоў, куды можна будзе накіравацца, каб наведаць магілы герояў. У кнізе будзе асобны артыкул, прысвечаны «чырвонаму» Кастусю Каліноўскаму пад назвай «Кароль Літвы» і «беламу» графу Віктару Старжынскаму. Думаю, кніга стане добрым падарункам для ўсіх тых, хто цікавіцца драматычным акалічнасцям паўстання 1863 года.

Ля магіл герояў



Паводле задумы арганізатараў, урачыстае ўшанаванне герояў Бацькаўшчыны і віктарына, якая была праведзена пры ўдзеле кіраўніка паб-квіза «Імбрыкі ды Імбрычкі» Алеся Мазаніка і знаўцаў беларускай гісторыі са сталіцы, павінны паспрыяць аднаўленню добрай традыцыі адзначэння Дня памяці загінулых паўстанцаў у вёсцы Плябань. Надзвычай важна праводзіць асветніцкую працу — вечарыны і экскурсіі, каб пашыраць веды пра паўстанне. Беларусам неабходна памятаць сваіх герояў асабліва зараз, калі некаторымі шавіністычнымі коламі ў краіне ставіцца пад сумнеў заслугі беларускіх патрыётаў.

— Гэтую ініцыятыву неабыякавых да памяці герояў Бацькаўшчыны падтрымала грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», а таксама арганізатар беларускамоўных паб-квізаў Алесь Мазанік. Сродкі на яе выданне збіраюцца на краўндфандынгавай платформе talaka.by. Мы заклікаем усіх беларусаў, неабыякавых да нашай мінуўшчыны, далучыцца да ажыццяўлення гэтага праекта, — звярнулася да чытачоў Вольга Сямашка.

Дзяўчаты дэманструюць свае ўменне валодаць шабляй

Вёска Плябань — знакавае месца для беларусаў. Тут у мясцовым касцёле (цяпер праваслаўнай царкве) захоўвалася зброя паўстанцаў, лячыліся параненыя інсургенты, а праз чыгунку — магіла паўстанцаў. Таму вельмі важна, каб беларусы часцей бывалі ў гэтых краях, адчулі яго энергетыку і зразумелі, што за нашу незалежнасць продкі не шкадавалі сваё жыццё.

Перабудовданы ў царкву касцёл у Плябані

У памяшканні плябана (драўлянай жылой пабудова ў стылі класіцызму, якая належала ксяндзу), цяпер месціцца Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту, які гатовы спрыяць пашырэнню ведаў пра подзвіг лепшых сыноў Айчыны. Музейная экспазіцыя Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту распавядае пра гісторыю вёскі, якая ўпамінаецца ва ўніяцкім рэестры 1766 года як юрыдыка (адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада гарадскога самакіравання.). Шмат экспанатаў і інфармацыі на стэндах гэтага музею паказваюць гісторыю плябанскіх могілак, а таксама знаёмяць з асобамі тых паўстанцаў, якія загінулі падчас бою з царскімі карнікамі 23 сакавіка 1863 года.

Плябан — помнік  архітэктуры класіцызму

Пра ўсе акалічнасці гісторыі гэтай багатай на падзеі мінулага вёскі падчас экскурсіі па залах былога плябана распавяла гасцям дырэктар Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту Ала Сцяпанаўна Ліхтаровіч, а таксама валанцёры-рэканструктары Юрый ды Іван, якія ў вобразе шляхціцаў прадэманстравалі вайсковыя прыёмы бойкі на шаблях, а таксама разам з гасцямі акунуліся ў віхуру шляхецкіх забаў для развіцця «не толькі глузду, але і цягліц».

Практыкаванні не толькі для глузду, але і для цягліц!

Тэматыка паўстання 1863 года стала асноўнай і для ўдзельнікаў віктарыны «Кастусь Каліноўскі і паплечнікі». Інтэлектуальнае змаганне было гарачым. Пераможцы атрымалі шыкоўныя прызы — выдатна зробленыя копіі паўстанцкіх «канфедэратак» (аўтарства вядомай фальклорнай спявачкі і майстрыхі Юліі Літвінавай) з адмысловымі кукардамі.

На працягу дзесяці раўндаў гістарычнай віктарыны яе ўдзельнікі адказвалі на даволі складаныя відэапытанні, звязаныя з асобамі кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў, з фактамі іх біяграфій, са старонкамі барацьбы супраць царызму. Для многіх з прысутных гэтыя звесткі дапаўнялі іх веды пра тагачасную барацьбу за незалежнасць Бацькаўшчыны, рабілі больш аб’ёмнымі вобразы яе герояў, ворагаў і здраднікаў. У выніку напружанай інтэлектуальнай працы выявіліся пераможцы: каманда «Мроя», удзельнікі якой і атрымалі запаветныя прызы.



Часта даводзіцца чуць ад беларускіх чыноўнікаў, маўляў, «незалежнасць нам звалілася на галаву». Магілы беларускіх герояў сведчаць: незалежнасць Беларусі выпакутавана і адплачана крывёю нашых герояў, памяць пра якіх павінна жыць у нашых сэрцах вечна! Гэтай мэце і павінен служыць адроджаны Дзень памяці беларускіх паўстанцаў…

 

Абмеркаванне:

  • Алесь
  • 2017-06-22 14:21:07
Міхаілу Чарняўскаму - у тэксьце пра вандроўку памылкова напісана Мікалаю
  • Валеры Мазынскі
  • 2017-12-14 13:31:04
Мішам яго клікалі ў дзяцінстве, а ўжо мы яго ведаем толькі як Міхась!!!

Каментаваць