Як калядавалі на польскім Разточэ (фота, відэа)

6 студзеня адзначаецца свята Трох Каралёў і завяршаюцца каталіцкія Каляды. У польскім рэгіёне Разточэ год таму да святаў аматары аднавілі калядны спектакль Herody і паказалі ў вёсках, дзе з ім абыходзілі хаты яшчэ пакаленне таму. 

Большасць хат упрыгожаныя да Калядаў. Болей за тое, убраную ялінку я заўважыла нават на могілках. Лампадкі для памерлых у калядны час таксама адпавядаюць тэматыцы часу.


На Разточэ недзвычай прыгожыя пейзажы і вельмі адкрытыя людзі — бадай што, як і ўсюды на вёсцы.

Самую непасрэдную рэакцыю выклікаў персанаж Смерць: пабачыўшы яе, гаспадары жартавалі: «Усе праходзьце ў хату, а вось гэтай нам ня трэба!»; «Сухавэнджаная, ты да каго? Мо да мяне ўжо?». Калі я пасля выканання гэтай ролі зняла маску, гаспадары пазналі мяне: «А вось гэтую пані мы бачылі ўжо, па могілках хадзіла, але так апранутая не была і касы не мела». Каляднікі аджартаваліся: «Ну, а дзе ж ёй, Смерці, яшчэ хадзіць, як не па могілках! Усё інвентарызавала, хто ёсць, каго няма».


У вёсках, па якіх мы калядавалі, здаўна прынята было даваць каляднікам не ежу, а грошы. Таму «ўлоў» за першы дзень быў немалы: 440 злотых (каля 100 еўра).

Летась арганізатары калядавання сабранае выдаткавалі на друк кнігі аб традыцыйнай музыцы Разточэ, якая стала кароткім офлайн варыянтам онлайн энцыклапедыі muzykaroztocza.pl.


Кнігу прэзентавалі ў шэрагу вёсак наваколля, таму шмат хто з гаспадароў пазнаваў каляднікаў, ды і прымалі іх ужо не першы год: сябры грамадскай арганізацыі «Towarzystwo dla natury i człowieka» калядуюць на Разточэ з 2007 года. Былі і сумныя выпадкі: пазнаўшы каляднікаў, адзін гаспадар згадаў леташні абыход і выбачыўся, што не можа прыняць, бо нядаўна памерла цешча. Гэтай забароны прытрымліваюцца і ў Беларусі: хату, дзе за год быў нябожчык, каляднікі мінаюць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць