Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Як селядцамі лячылі гарадзенца, які лётаў на Месяц

У 1664 годзе адзін з гарадзенцаў з’ехаў з глузду, ператварыўшыся з простага гараджаніна ў філосафа. Стаў распавядаць рэчы, якія ў яго становішчы не маглі быць вядомымі. І ўсё б нічога, але ён не ператварыўся ў буйнага і яго прыходзілася звязваць.
Лячылі хворага звычайнымі ў такіх выпадках сродкамі: выпісаныя з Гданьску селядцы прыкладвалі да галавы і пят, а калі гэта не дапамагала, то рвалі курэй напалам і таксама прыкладвалі да галавы і пятаў.

Гісторык Уладзімір Ляўшук адзначае: «Калі я распавёў знаёмаму медыку пра гэты выпадак, ён сказаў, што тут няма нічога дзіўнага. Сёння тым жа займаецца аюрведа, аюрведычная медыцына. Таксама абкладваюць селядцамі і зараз, і нават вылечваюць».

У выпадку гарадзенца селядцы не дапамаглі. Тады суседзі сталі разам прамаўляць малітвы да Маткі Божай, што рабілі ажно да таго часу, пакуль хворы не ачуняў. Яго новыя аповеды выклікалі вялікае здзіўленне: ён расказваў пра падарожжа ў Грэцыю, дзе бачыў мора. Але больш здзівіла гісторыя пра палёт на Месяц, адкуль ён бачыў Зямлю «як яблык». І гэта ў тыя часы, калі толькі з’яўляліся карты сучаснага тыпу, калі яшчэ быў свежы прыклад Галілеа Галілея, якога прымусілі адмовіцца ад уласных поглядаў.

Аповеды гарадзенца ўспрымаліся як факт, таму што ён даў іх пад прысягай. Пазнакаю іх праўдзівасці лічыліся яго вясёлы настрой і агеньчык у вачах, які з’яўляўся пазнакаю Духу Святога.

Гэтую гісторыю расказаў даследчык Уладзімір Ляўшук падчас прэзентацыі пятага нумару «Гарадзенскага гадавіка», у які акрамя яго артыкула, увайшлі матэрыялы гісторыкаў Юрыя Гардзеева, Вячаслава Шведа, Алеся Радзюка, Ігара Трусава Альбіны і Генадзя Семянчукоў, Віктара Саяпіна, Мечыслава Супрона, Любові Зорынай, Кацярыны Канчэўскай, Яўгена Махнача. Ва ўступе да нумару адзначаецца, што ён прысвечаны тэме повязі жыцця і смерці, хвароб і вылечвання ды пакаранняў, стаўлення жывых да памерлых продкаў, месцаў пахаванняў у часе і прасторы, урэшце месца часу ў жыцці горада.

Укладальнік нумару, вядомы гродзенскі гісторык Юрый Гардзееў падкрэсліў: «Лейтматывам тут з’яўляюцца могілкі, стан могілак… Розныя і розныя фрагменты менавіта жыцця і смерці ў нашым горадзе».

Гісторык Яўген Махнач, які займаецца тэматыкай амаль не распрацаванай у нас — некрапалістыкай яўрэйскіх могілак. Складанасць у тым, што ў нас амаль няма спецыялістаў, якія ведаюць іўрыт, ведаюць ідыш, асноўныя мовы, на якіх пісаліся эпітафіі: «Самыя старыя, самыя багатыя яўрэйскія могілкі ў Гродне да нашага часу не захаваліся. Але тут можна заўважыць агульныя рысы развіцця, усё рабілася па канонах. Гэтыя могілкі развіваліся такім жа чынам, як і ў іншых гарадах Еўропы».

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-11-09 14:35:29
"Махнач, які займаецца тэматыкай амаль не распрацаванай у нас — некрапалістыкай яўрэйскіх могілак. Складанасць у тым, што ў нас амаль няма спецыялістаў, якія ведаюць іўрыт, ведаюць ідыш, асноўныя мовы, на якіх пісаліся эпітафіі". Тут усё недакладна - і тэматыка дастаткова распрацаваная (напрыклад, Сяргеем Грунтовым: http://belisrael.info/?p=10111), і спецыялістаў, якія ўмеюць чытаць квадратны шрыфт, нямала (калі пачынаць з "А", то Алесь Астравух...), і эпітафіі на ідышы, як правіла, не пісаліся. Прынамсі, я ніколі не сустракаў, хоць быў на многіх старых яўр. могілках.
  • Васіль Герасімчык
  • 2017-11-09 20:55:50
Дзякуй! Буду ведаць
  • Гісторык
  • 2017-11-14 01:06:52
Так, на надмагіллях надпісы былі толькі на іўрэце. Што тычыцца "няма спецыялістаў", то гаворка ішла толькі пра Гародню.

Каментаваць