Як у 2017-м архітэктурную спадчыну абаранялі

У аглядах падзей 2017-га троху ў цені засталася сфера аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Нават асвятляючы абарону Курапатаў, найбольш казалі пра дзікі капіталізм па-беларуску і грамадскі супраціў, чым пра сам мемарыял як месца памяці. Паспрабуем запоўніць прабел.

Пасляваенная забудова Мінска

На пачатку года група жыхароў чарговым разам выступіла супраць праекта зносу будынкаў у пасёлку Мінскага трактарнага завода, які прыхільнікі ласкава завуць «Трактарагорадам». Паўгода ішлі экскурсіі, грамадскія абмеркаванні, збіраліся подпісы, друкаваліся артыкулы ў СМІ.
Дамы Трактарагорада, прызначаныя пад знос

Міністэрства культуры было салідарнае з грамадскімі актывістамі ў неабходнасці захавання цэльнасці архітэктурнага ансамблю, але іншыя дзяржаўныя ведамствы да яго не прыслухаліся. Улетку частку Трактарагорада ўсё ж зруйнавалі, хаця, па чутках, інвестар для забудовы пляцоўкі дасюль не знойдзены.

Экскурсія па раёне. Люты 2017 года

Паралельна змаганню за Трактарагорад ідзе падрыхтоўка ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO архітэктуры праспекта Незалежнасці. У складзе міжнароднай намінацыі, што ўлучае пасляваенную забудову Мінска, Берліна, Кіева і Масквы наш праспект зойме цэнтральнае месца як найбольш завершаны ансамбль.

Падавалася б, Трактарагорад не менш каштоўны за праспект Незалежнасці ці Асмалоўку, якую пакуль ўдалася адстаяць. Прынамсі, жыхары і актывісты зрабілі ўсё, што маглі. Але ў Асмалоўкі больш паспяховая гісторыя: канчатковае рашэнне пакуль не прынятае, але выглядае на тое, што будынкі ўсё ж застануцца. 


Кастрычніцкая плошча

Напрыканцы снежня стала вядома, што на месцы знесенага ў 2014 годзе музея Вялікай Айчыннай вайны плануюць пабудаваць бізнес-цэнтр. Будаўніцтвам зоймецца кампанія «Белінета-Роба», якая ўваходзіць у «Дана-Холдынгс». Новы будынак размесціцца паміж Палацам прафсаюзаў і офісам кампаніі velcom. Але эскізы праекта, прадастаўленыя забудоўшчыкам, выклікалі шырокі рэзананс у грамадстве.


Літаральна перад Новым годам, 28 снежня, была створаная інтэрнэт-петыцыя супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра на Кастрычніцкай плошчы. «Не дапусцім узвядзення вельмі пасрэднага, несучаснага, залішне эклектычнага, недарэчнага і дысануючага з навакольнай забудовай будынка бізнес-цэнтра ў самым цэнтры Мінска», —заклікаюць аўтары петыцыі. Цяпер пад ёй больш за 2700 подпісаў.

Абарона Курапатаў

У лютым-сакавіку прагрымела паспяховая абарона ахоўнай зоны вакол Курапатаў ад незаконнай забудовы. Потым, акрамя традыцыйных Дзядоў, на тэрыторыі мемарыяла прайшла Ноч расстраляных паэтаў. Карыстаюцца папулярнасцю экскурсіі па ўрочышчы. Пасля праўладнага суботніка ў Курапатах 25 сакавіка з’явілася кволая надзея, што мемарыял стане месцам памяці для ўсіх беларусаў, а не толькі для «нячэсных». Час пакажа.
 Курапаты. Люты-сакавік 2017 года

Пісьменнік, галоўны рэдактар газеты «Культура» і грамадскі дзеяч Ілля Сін (Свірын) называе рост грамадскай актыўнасці найвялікшай пазітыўнай тэндэнцыяй году.
«У Курапатах і Асмалоўцы зусім невялікія групы актывістаў паўплывалі на лёс аб’ектаў. Шэраг падобных ініцыятыў дзейнічае па ўсёй краіне. Напрыклад, сядзіба ў Грушаўцы Ляхавіцкага раёна, да якой невялікая арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана змагла прыцягнуць вялікую грамадскую ўвагу. Наладжанае супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі, якія атрымалі грант Еўразвяза на рэстаўрацыйныя работы. Працягвалася фінансаванне рэстаўрацыі Наваградскага і Крэўскага замкаў, хоць і ў недастатковым памеры. Але гэта лепш, чым нічога».


Надзвычайныя здарэнні ў культавых будынках

У чэрвені праз непаладкі з электраправодкай згарэў 300-гадовы драўляны касцёл у Клюшчанах (Астравецкі раён). У снежні гарэў храм у вёсцы Рэчкі Вілейскага раёна. Агонь пашкодзіў дах і перакрыцці. Таксама ў снежні абрынуўся мур касцёла езуітаў у Мсціславе, нягледзячы на шматлікія спробы грамадскіх актывістаў уратаваць будынак. Касцёл стаіць, але будзе разбурацца хутчэй і хутчэй, калі не распачнуцца кансервацыйныя мерапрыемствы.
Касцёл езуітаў у Мсціславе. Снежань 2015 года

Ілля Сін лічыць, што калі прычыны пажараў — надзвычайныя здарэнні, то мсціслаўскі выпадак — следства бяздзеяння мясцовай улады: «У Беларусі вельмі шмат такіх праблемных і адначасова вельмі каштоўных помнікаў спадчыны, дзе не праводзіцца ні кансервацыйных, ні супрацьаварыйных работ. Зразумела, калі за аб’ектам ніхто не сочыць, ён паступова разбураецца і рана ці позна нешта там абрынецца.

У Мсціславе касцёл знаходзіцца ў цэнтры горада, не на ўскрайку ці недзе ў глухой вёсцы. Каля яго ўвесь час ходзяць людзі, тыя ж прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі. Можна было лёгка заўважыць, што адбываецца з касцёлам і зрабіць нейкія захады па яго ратаванні. Нават у адсутнасць сродкаў можна было прыцягнуць валанцёрскую дапамогу для супрацьаварыйных мер. Для такіх выпадкаў Міністэрства культуры прапануе самыя простыя рашэнні: калі дах правальваецца, закрыць яго рубероідам… Ну і кшталту таго».

***
Амаль год таму ў Беларусі быў прыняты новы Кодэкс аб культуры. Але, на думку Іллі Сіна, ён, на жаль, не прынёс значных зменаў у заканадаўчую базу, што датычыцца помнікаў архітэктуры. «Ужо даўно Міністэрства культуры прапануе стварыць дзяржаўную інспекцыю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (на ўзор прыродаахоўнай), незалежную ад мясцовай улады, цэнтралізаваную. Такая інспекцыя забяспечвала б кантроль за выкананнем ахоўнага заканадаўства. А пакуль ёсць як ёсць», — падсумоўвае Ілля Сін.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць