«Праца — дзеўка наша гарненька, палюбіць коміна радзенька»

Старажытны абрад «Жаніцьба коміна» правёў філіял Веткаўскага музея разам з гомельскай краязнаўчай арганізацыяй «Талака».

Традыцыйна ў беларускіх вёсках, асабліва на Гомельшчыне, праводзілі гэты абрад, як сімвал пераносу працы з вуліцы ў хату. Было прынята такой абрадавай дзеяй як жаніцьба коміна распачынаць восеньскія, зімовыя вячоркі: хто на іх праў, хто ткаў, вышываў — займаліся кожны сваёй справай.

«Мы сёння запальвалі лучыну — так званы «комін», і мы яго «жанілі». Абрад мае такую назву, бо коміна «жэняць» з працай. У адмысловых песнях спявалі «Праца – дзеўка наша гарненька палюбіць коміна радзенька» — распавяла маршалак краязнаўчай арганізацыі «Талака» Лідзія Лешчанка. — Асноўным атрыбутам свята з’яўляецца свяча, каторая ўвоткнута ў насенне, каторае насыпана ў гарбуз. Звычайна людзі заходзілі з вуліцы ў хату і запальвалі ад гэтай свячы комін. Гэта станавілась сімвалам таго, што праца перайшла з вуліцы ў хату».

Абрад «Жаніцьба коміна» да сёй пары захаваўся ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Там яго і здабылі «талакоўцы» падчас штогадовых экспедыцый.

Запальванне коміну

«Як, што і да чаго рабілася нам у вёсцы Пагост распавядала Кацярына Аляксееўна Панчэня, — зазначыў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка. — Пачынаючы з абрадавай дзеі, калі мы ўнеслі ў хату агонь, запалілі наш комін, які рабілі па традыцыі таксама аўтэнтычна. Запаліўшы сённяшні комін мы, магчыма, запалілі ўнутры сябе гэтае святло, цяпло, якім будзем саграваць нашых наведнікаў у сцюдзёную зіму. І далей вечарына працягвалася ў лепшых традыцыях вячорак: гэта вячэра сумесная — хто што прынёс, тое і елі, гэта традыцыйныя танцы і спевы, гэта казкі. То бок у традыцыі ўсе вечарыны былі такія вельмі аб’ёмныя і складаныя: там людзі працавалі, там людзі распавядалі казкі, якім навучалі як трэба жыць, як сябе паводзіць адзін з адным, былі танцы, дзе моладзь падвучвалася як танцаваць, як весці сябе больш даросла, былі старэйшыя людзі, якія за гэтым усім назіралі і парады нейкія свае давалі.»

Існавалі таксама і элементы варожбы падчас жаніцьбы коміна:

Дзяўчаты награбаюць сабе насенне, каб даведацца ці знойдуць яны сабе пару ў гэтым годзе

«Звычайна людзі, добрыя суседзі, заходзілі з вуліцы, прыносілі гэты вось агеньчык у хату, запальвалі комін і абсыпалі яго пасля насеннем. — распавядае Лідзія Лешчанка, — Далей дзяўчаты пачыналі з гэтым насеннем варажыць: награбалі сабе яго з падлогі і лічылі, адкідваючы па дзве насеннінкі – калі атрымлівалася парная колькасць – значыць дзяўчына ў гэтым годзе знойдзе сабе пару.»

Дзявочыя варожбы на насенні


На вечарыне сабралося каля трыццаці чалавек, якія разам спявалі, вадзілі карагоды, танчылі пад гармонік ды вячэралі за традыцыйным сталом. Свята атрымалася на дзіва непасрэдным, жывым і непастановачным. Кожны тут знайшоў сваё месца і сваю ролю ў абрадзе.

«Я думаю, сённяшняя вечарына стала вельмі аўтэнтычнай і традыцыйнай, таму што мы імкнуліся сцэнізаваць нешта, мы не імкнуліся паказаць звонку гэта, мы сабралі людзей, якія разам вадзілі карагод, якія разам запалілі гэтую свечку, збіралі зерне і кветкі, танчылі, спявалі, — падкрэсліў Пятро Цалка. — То бок людзі сапраўды прыядналіся да Веткаўскага музея, да той годнай справы, якой мы займаемся, да традыцыйнай культуры. Я ўпэўнены, што той, хто сёння прыйшоў, яшчэ вернецца не толькі на вечарыны, але і на нашыя іншыя імпрэзы і выставы. Я ўпэўнены, што і ў вёску захочуць паехаць на шматлікія абрады – у той жа самы Пагост Жыткавіцкага раёна, каб пабачыць што і як там адбываецца. Бо, канешне, мы імкнемся паказаць сапраўднасць, адкрытасць, але ўсё ж такі сапраўдная традыцыйная культура там — у вёсцы, сярод тых бабуль, якія яшчэ ў свае 80-90 гадоў нясуць вось гэтую і песню, і мудрасць народную.»

Веткаўскі музей, які па словах гомельцаў, заўжды не толькі падтрымлівае і захоўвае традыцыйную культуру, а яшчэ і займаецца яе жыццём надалей, гэтым годам вырашыў распачаць цэлы цыкл вечарын. Самая першая з іх была па традыцыі звязаная з жаніцьбай коміна. Пасля ў планах музея вясельныя вечарыны, кудзельныя, калядныя, перадвелікодныя вечарыны, якія будуць закрываць гэты цыкл і азначаць, што трэба ўжо на вуліцу ісці, гуляць, танцаваць, ну і працаваць канешне ж.




Каментаваць