Як «Верасень» спрабаваў здзейсніць мары хворых дзяцей

Карэтны дворык у Верхнім горадзе на некалькі гадзін стаў арэнай музычнай прэм’еры новага незвычайнага стылістычага рок-напрамку — стымпанку, які прадставіў слухачам гурт «Верасень» і яе салістка, аўтар тэкстаў і мелодый Вольга Акуліч.


Стымпанк (ад англ. steam + punk) — эстэтычны напрамак у навуковай фантастыцы, звязаны з імаверным развіццём чалавечай цывілізацыі на аснове паравых тэхналогій і рэалій віктарыянскай эпохі.

Але гэта такі вонкавы антураж музыканатаў, якія ў асноўным арыентуюцца на такія музычныя стылі, як дарк-вэйв, індастрыел і арт-рок. Таму многія музыканты гэтага музычнага напрамку з‘яўляюцца прыхільнікамі складаных музычных формаў і сур’ёзнага падыходу да тэкстаў песень. Філасофскае асэнсаванне з’яў навакольнага жыцця, рамантызм, — а бывае сарказм і гумар, — ствараюць станоўчы эмацыянальны фон для выканаўцаў стымпанка.


Перад пачаткам канцэрта гурта «Верасень» яе лідар Вольга Акуліч, калі прадстаўляла слухачам гурт, адзначыла:

«У нас ўсё крыху інакш. У нас зусім іншыя абставіны, мода. Карацей, мы нязвыклыя для многіх з вас, шаноўныя слухачы. Але мы паспрабуем зразумець вас, а вы — нас!»


Вольга Акуліч адзначыла, што гэты канцэрт адбываецца ў рамках праекта «Пешаходка», які ладзіўся ў Верхнім горадзе. А адна з важнейшых мэтаў музычнай сустрэчы з гуртом «Верасень» — збор сродкаў для праекта дапамогі дзецям з невылечнымі хваробамі «Галоўнае жаданне», якім апякуецца краўдфандінгавая платформа «MaeSens».


Калі слухачы ахінуліся ў акустычную атмасферу першай кампазіцыі гурта «Верасень» — «Яблык», то адразу склалася ўражанне, што гурт шукае сваё гучанне ў канонах арт-рока. Тут слухачоў зацікавілі, а месцамі і ўзрушвалі, гітарныя сола Арцёма Лабіна і клавішныя партыі Анастасіі Лабінай, дружная ігра рытм-секцыі ў складзе Фёдара Немцава (бас) і Аляксея Кулеша (бубны). І новае гучанне было даволі адрознае ад звычнага слухачам камернага, якое дамініравала ў«Верасня» ў мінулым.


А вось многія з кампапазіцый гурта і Вольгі Акуліч былі ўжо знаёмыя слухачам па ранейшым запісам і кружэлкам. Таму гэтыя кампазіцыі, сярод якіх «Мора», «Лета», «Смутак», «Запалі агонь», «Нешта не так», «Цябе няма», «Сцеражыся!» былі сустрэчаны і праводзіліся шчырымі апладысментамі тых, хто наведаў ў гэты вячаровы час Карэтны дворык. Ну а такія рытмічныя кампазіцыі гурта «Верасень», як жаночы дваравы рок-н-рол «Абцасы» і жартаўлівая «Песня жанчыны-кілера» сталі сапраўднымі гітам гэтага канцэрта і фонам для скокаў пад менскім небам.

Чытайце таксама: Рок дзевяностых, трэш-фолк і стымпанк на «Пешаходцы» (фота)

Пасля завяршэння канцэрта гурта «Верасень», што адбываўся ў рамках праекта «Пешаходка», многія маладыя слухачы доўга не разыходзіліся, напаўнялі скрынку для ахвяраванняў сродкамі для здзяйснення дзіцячых мараў. Таксама гэта быў час пытанняў і адказаў на іх, час сэлфі з новымі зоркамі беларускай рок-музыкі. Няхай сабе і не вельмі звыклымі.


Каментаваць