Як асобна ўзяты беларус у NАТО ўступаў

Па характару сваіх заняткаў мне калі-нікалі даводзіцца бываць у Маскве — работа такая. Звычайна я спыняюся ў свайго былога аднакурсніка, з якім ужо сябрую шмат гадоў.

Вось і гэтым разам я патэлефанаваў яму, і ён паведаміў, што я прыехаў якраз своечасова, бо ў яго нечакана сабралася наша старая інстытуцкая, як кажуць цяпер маладзёны, тусоўка.



Па характару сваіх заняткаў мне калі-нікалі даводзіцца бываць у Маскве — работа такая. Звычайна я спыняюся ў свайго былога аднакурсніка, з якім ужо сябрую шмат гадоў.

Вось і гэтым разам я патэлефанаваў яму, і ён паведаміў, што я прыехаў якраз своечасова, бо ў яго нечакана сабралася наша старая інстытуцкая, як кажуць цяпер маладзёны, тусоўка.

Хлопцаў я не бачыў гадоў 30. Сустрэча была бурнай. Але дзе тыя інстытуцкія шалапуты-сямідзесятнікі, аматары бардаў, рок-н-рола, партвейну і каўбасы па два дваццаць? Усе, як на падбор, самавітыя дзядзькі.

Успомнілі сяброў. Адзін не прыйшоў з Афгану, а тыя двое палеглі ў Чачні, прычым ваявалі па розныя бакі (у нашай ВНУ вучылася шмат чачэнцаў).

Сашка загінуў у аўтакатастрофе, а ў Валіка спынілася сэрца.

Трыццаць гадоў — гэта тэрмін. Шмат хлопцаў пакінулі нас, а тыя, якія не пакінулі, багата чаго дасягнулі. У каго — хатка на Канарах, у каго — яхта на Міжземным моры, а ў мяне — маленькі будыначак пад Чарнігавам.

— А чаго не пад Смаленскам?

— У NАТО хачу, — пажартаваў я. А чаго: брахаць — не цэпам махаць.

— Ты што, з глузду з’ехаў?

Аднак жарту не зразумелі, вельмі ўжо зараз шмат у тым NАТО знаходзіцца нашых былых сяброў, і кожны, хто жартуе, — выклікае падазрэнне. Паміж мной і маімі сябрамі як быццам чорная котка прабегла. Тут бы і сказаць, што пажартаваў, але коні ўжо шпарка паімчалі брычку, і куды цябе панесла, дружа?

— А чаму б і не? Чым NАТО горш за Саветы?

— Дык яны ўвесь свет пад сябе падабраць жадаюць. Яны такія, яны сякія…

Я вырашыў не здавацца:

 — Але іх прыход, скажам, у Літву, ніхто з літоўцаў і не заўважыў. Нікога не забівалі сапёрнымі рыдлёўкамі, як у Баку або ў Тбілісі. Не стралялі на пасту ў Мядзінінкае ў патыліцу бяззбройных мытнікаў, спачатку паклаўшы іх тварам уніз на падлогу вагончыка. У Неваду ці ў Канаду нядобранадзейных у цяплушках тысячамі не адпраўлялі. Курапат пад Вільнюсам не стварылі.

Але словы мае як гарох аб сцяну — яны не даходзілі ні да каго, як быццам не мелі сэнсу. Аргументы патаналі ў нежаданні чуць. Мне быў вынесены маўклівы прысуд — вораг. Чаму? Гэта ж вунь як цікава! Прыхільнікаў Саветаў сярод маіх сяброў не было, усе асуджалі ГУЛАГ і рэпрэсіі, інакш яшчэ ў той час мы не сталі б сябрамі.

Маўчанне набыло матэрыяльную ліпкасць. Яго парушыў Алібек, дагестанец:

— Правільна гаворыш, брат. У часы даўнія вашы каліноўцы, сасланыя на Каўказ пасля паўстання і якія ўцяклі ад царскага гневу, змагаліся поплеч з маім дзедам у атрадах імама Шаміля. Лозунг у іх быў такі: «За вашу і нашу волю». Каўказ памятае і памятаць будзе.

Сказана гэта было ціха і спакойна, але мне пачуўся ў голасе горца скрыгат зубоўны, я ўбачыў быццам маланку ў яго вачах. Думаю, не я адзін. Хмары згусціліся — вось вам і сяброўства савецкіх народаў. Усе ўсё памятаюць на генетычным узроўні, а ці ўсе? А патрэбна гэта?

Разыходзіліся ціха-ціха, а раніцай, сарамліва хаваючы вочы, асядлалі сваіх жалезных коней. Я выскачыў на трасу Масква–Мінск — хутчэй дахаты. Да Беларусі 400 км. Нямчынаўка — абаронны пояс Масквы, вайсковыя аэрадромы, неба прарэзала пара МІГаў. Мне ехаць да мяжы 4 гадзіны, ім ляцець 7 хвілін. Але з Оршы да Масквы ляцець столькі ж.

Стрэлка спідометра паказвае 140. Я ўяўляю сябе пілотам натаўскага штурмавіка, які ўзнімаецца ў неба з-пад Оршы. Не паспеў адарвацца ад зямлі — ужо бачу рэшткі сцяны Смаленскага крамля, ледзь вышэй — і вось яна, Масква. А ў ёй лаўкі, але не пасудныя, а малочна-трактарныя, у іх топчуцца, не, не сланы, а мядзведзі-адзінаросы. У іх няма аніякага ўяўлення, што рабіць з Беларуссю. Фарфор яшчэ не ўвесь раздушаны, але сляды пагрому бачу паўсюль. Вось якія гэтыя бульбашы, мы іх кормім, мы іх поім… Старая савецкая песня. «Накормленая» Украіна дала такога гапака-драпака, што не зловіш. Паслалі патрыярха Кірыла пасклейваць фарфор — відавочная правакацыя. Украіна, а зараз ужо і ўкраінцы, ніколі не пагодзяцца з тым, што іх зямля з’яўляецца «кананічнай» зямлёй рускай царквы. Газавы ціск на краіну змусіў яе жыхароў задумацца, наколькі дружалюбная да іх Масква, да простых яе жыхароў? А зараз Кірыл у нас, хіба можа краіна мець царкву, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў іншай краіне? Каталікі — гэта іншая справа, Ватыкан — не Італія, а сама па сабе царква-дзяржава.

А што рабіць з Грузіяй? Вось і Вахтанг Кікабідзэ адмовіўся прыняць «Ордэн Дружбы» з маскоўскіх рук. Яго зняважыў Кабзон, маўляў, што яны з Бубай былі сябрамі, а цяпер?

Як наогул утрымаць Каўказ? Хутка вырастуць дзеці забітых на чачэнскай вайне баявікоў. Усе яны кроўнікі і прагнуць помсты. Гэтак жа, як жадалі яе ў 70-я дзеці сасланых у Казахстан чачэнцаў і інгушоў. Жадалі і чакалі. Выраслі, адужэлі і ўзяліся за зброю. Выступілі тыя — выступяць і гэтыя, калі толькі Масква не зменіць палітыку ў дачыненні да Каўказа, Сібіры, Далёкага Усходу. Жыхары апошніх двух рэгіёнаў пры нечуваным багацці зауральскіх земляў жывуць у галечы. Калоніі ўсё аддаюць метраполіі. Цэнтр і дапушчаныя да кармушкі алігархі набіваюць свае кішэні. Прагнасць да дабра не даводзіць і не вядзе да міру. Было «Бостанскае чаяванне», яно легла ў аснову вызвалення штатаў Амерыкі ад прагнасці Брытанскага льва. Хто дасць гарантыю, што не будзе Іркуцкага або, скажам, Екацярынбургскага чаявання? Ніхто не чакаў развалу СССР, тым не менш, імперыі ў тым яе выглядзе, у якім яна існавала, ужо няма. А былыя савецкія рэспублікі адна за адной уступаюць у NАТО. Хто не ўступіў, той стаў у чаргу — не агрэсіі дзеля, а дзеля спакойнага жыцця. NАТО ваюе за мяжой, а Расія ў сваіх межах.

Злева Катынь. Месца расстрэлу тых палякаў (сярод якіх было нямала беларусаў), якія добраахвотна і без бою здаліся савецкім уладам. Расія — гэта пераемнік Саветаў. У чым? У расстрэлах? Пакуль не.

У нас ідуць ваенныя вучэнні з удзелам расійскіх войскаў. Замежныя салдаты маршыруюць па нашай зямлі, нязгодных з такім з’явішчам лупцуюць пакуль не рыдлёўкамі, а палкамі. Гэта пакуль, гэта пакуль...

Усход і Захад будуць адчайна змагацца за Беларусь (мяжа ў трохстах кіламетрах ад сталіцы — такое і ў страшным сне не ўбачыш, нагадаем пра ракеты на Кубе). Усё залежыць ад таго, з кім вырашыць быць кожны асобна ўзяты яе жыхар. Ці гатовыя мы аддаць сваіх дзяцей гінуць за інтарэсы імперыі ў абмен на энергарэсурсы?

Можа, усё гэта мяне не кране? Можа, гэта нас абміне? Само сабой неяк уладзіцца? Нават і не ведаю. Але падобна, што такая пазіцыя — пазіцыя страуса, а страусы ніколі не вызначаліся розумам.

З кім будзеш ты, мая Беларусь? А твае дзеці, ці не ў Чачні?

Рыгор Вязынскі

Каментаваць