Як глядзець нудны фільм

Усе мы любім цікавыя фільмы. Але іх мала, нудных — значна болей. Здараецца, трапіш на суцэльную цягамоціну, а сысці няма як. І мусіш пільнаваць за гадзіннікам, і ўсё не дачакаешся, калі ж гэта ўсё скончыцца.
 



Дык ці можна глядзець нудны фільм і атрымліваць асалоду?

Ёсць розныя нудныя стужкі — і да кожнай патрэбны свой палюбоўны падыход. Нуда — адваротны бок экстазу: калі адны шалеюць ад нечага, зусім не факт, што тое ж будзе з іншымі.

Самыя паважаныя нудныя фільмы — аўтарскія. Менавіта іх збіраюць на фестывалі, абмяркоўваюць, узнагароджваюць, пестуюць. І дасюль здараецца, што чалавека лічаць разумным, калі ён здольны сказаць нешта ўзнёслае пра карціну, ад якой мухі дохнуць.

Як ні дзіўна — і на гэта не зважаюць — большасць аўтарскіх стужак абапіраюцца на нармальныя сюжэты: каханне і любоўныя закалоты, прыгоды і гангстэрскія гісторыі, гістарычныя драмы і хронікі. Але з гэтых сюжэтаў наўмысна выразаецца ўсё, што чакае глядач. Мы хочам пабачыць перастрэлку, а нам падсоўваюць доўгую панараму двароў, дзе нічога не адбываецца. Мы прагнем эмоцый, але замест гэтага — тупы твар непрафесійнага акцёра хвілінаў на дзесяць. Мы гатовыя разрыдацца, а нам прапануюць нешта настолькі мудрагелістае, што карціць зарагатаць.

Замест чаканых паваротаў сюжэту аўтар устаўляе свой роздум, прыём і эксперымент. Менавіта гэтай гульнёй з формай і апраўдваецца нуда. Паказваецца не тое, што варта бачыць, а тое, як гэтаму бачанаму выкручваюць рукі, скрыляюць мантажнымі склюдамі і катуюць закадравымі шумамі. Узорным кіназанудай, які ўвайшоў у падручнікі кіно, быў Мікеланджэла Антаніёні. Ягоныя «Прафесія: рэпарцёр», «Чырвоная пустыня» (і асабліва «Прыгода», асвістаная нават канскай публікай) — гэта зацягнутыя карціны з пасланнем і фармальнымі экзерсісамі.

Але і яму не параўнацца ў занудстве з авангардыстам Эндзі Уорхалам, чые «фабрычныя» стужкі ажно шэсць гадзінаў паказвалі, як чалавек спіць, — і толькі ў сярэдзіне карціны дапускалася дзеянне: герой паварочваўся на другі бок.

Многія рэжысёры любяць занудзіць, каб схаваць уласную пустату; у карцінах знікаюць нават парэшткі сюжэту, а прыёмы крадзеныя. Няшчасны глядач, якога закідаюць у нуду — паводле Сартра, экзістэнцыйную — вядзе сябе, як небарака, захоплены тэрарыстамі. У цёмным пакоі, прыкуты да крэсла, ён спрабуе захопніка палюбіць — і адшукаць сэнс там, дзе яго няма. І што яму яшчэ застаецца?

Але большасць нудных карцінаў — гэта не аўтарскае пасланне, не эксперымент і нават не фестывальная эксплуатацыя нуды. Гэта — няздольнасць распавесці жанравую гісторыю, халтура, злепленая абы-як, ці, прынамсі, пракол годнага рэжысёра, які стаміўся — і гоніць вал замест таго, каб крышачку адпачыць.

Такія стужкі — самыя ўдзячныя для нуднага прагляду. Вам не трэба шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі, дзе нікога і няма, не трэба лавіць прыёмы і пільнаваць мантажныя чыхі. Можна расслабіцца — на такія карціны варта хадзіць кампаніяй. Можна сачыць за ляпамі і дасціпна каментаваць. Можна прадказваць развіццё стужкі на колькі крокаў наперад — і адчуваць сябе мудрацом, чые прароцтвы збыліся на 200 адсоткаў. Можна заняцца падлікамі: колькі разоў і якіх абставінах герой менавіта з такім тупым тварам, і колькі разоў ён сказаў, напрыклад, «эх».

Можна дазволіць сабе глядацкае хуліганства — уявіць героямі тых, хто зусім не пасуе карціне (сяброў на праглядзе і саміх сябе, палітыкаў, дурных кіраўнікоў). Пародыя, зробленая ўласнымі рукамі ў рэжыме жывога кінапрагляду, скасуе вымушаную нуду.

Дазволю падсумаваць парады кароткай інструкцыяй, заснаванай на 20-гадовым досведзе прагляду і нудных, і цікавых карцінаў.

Напачатку трэба абавязкова вызначыцца, на які фільм вы ідзяце. Не варта чакаць ад баевіка доўгіх сцэнаў з мыльнае оперы і наадварот.

1. Фільм нудны: праверце, ці не памыліліся вы кіназалаю.

2. Фільм усё роўна нудны: вярніцеся да пункту 1.

Памылкі няма — фільм нудны.

Варыянт а) аўтарскі фільм:

— Сачыце за прыёмамі.

— Калі вам усё роўна нудна, а фільм прадугледжвае форму і сэнс — паглядзіце дома тлумачэнні, вярніцеся ў кінатэатр.

— Нягледзячы на ўзмоцненыя веды, фільм застаецца нудным: пакіньце фільм фестывальным крытыкам, няхай пакутуюць, і смела сыходзьце з кінатэатру.

Варыянт б) фільм жанравы:

— шукаем ляпы;

— дасціпна іх каментуем;

— займаемся кінапрароцтвамі;

— калькуем пацешныя дробязі.

Лічым героямі антыгерояў і цяпер глядзім пародыю, палітычны трылер, нестандартную драму.

Нясумнага вам прагляду!

Каментаваць