Як прайсці ў «Ў»

Напрыканцы вясны «НЧ» спяшаўся развеяць чуткі пра раптоўнае высяленне з крамы «Падземка» арт-хаўз галерэі, праінфармаваўшы чытача, што адно з галоўных месцаў прапіскі нефармальнага мастацтва «паляцела, але абяцала вярнуцца». Творчы калектыў галерэі абяцанне выканаў. 7 кастрычніка ў Мінску адбылося адкрыццё галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Пад адным дахам цяпер суседзяць выставачная частка былой «Падземкі» і кнігарня выдавецтва «Логвінаў».

Праспект Незалежнасці 37 А — нават калі вы ўжо стаіце на галоўнай вуліцы сталіцы, гэты адрас вас нікуды не прывядзе, калі не праявіць кемлівасць. Як і ўсё нестандартнае ў цэнтры Мінска, дамок галерэі схаваўся ў двары — проста за будынкам «Подвиг народа». Тое, што вы пабачыце, падышоўшы, і сапраўды подзвіг. Усяго за лета тры субтыльныя спадарыні — Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава (мастацкая секцыя) і Аляксандра Дынько (літаратурная секцыя) пры падтрымцы таварышаў арандавалі, пачысцілі, адрамантавалі былы… пункт прыёму шклатары. Што ж, цяпер звычка моладзі хавацца ад гарадскога шуму ў цёмных дварах атрымае пэўнае культурнае напаўненне…

«Ў» — унікальная літара беларускага алфавіта. Так ці іначай, у «Ў» ствараюць прастору найперш для сучаснага беларускага мастацтва і найшоўшай беларускай літаратуры. Што і пацвердзіла імпрэза адкрыцця, дзе гучалі тэксты сучасных беларускіх аўтараў у выкананні як гэтых самых аўтараў, так і акцёраў. Графік выставаў у галерэі распісаны на паўгода наперад, у кнігарні расклад вальнейшы, але і тут будуць рэгулярна ладзіцца літаратурныя вечары, прэзентацыі новых выданняў. А неўзабаве дзяўчаты плануюць адчыніць у будынку кавярню і прапанаваць яе як месца сустрэч творчай інтэлігенцыі.
---------------------------------------------------------------

Бліжэйшыя імпрэзы галерэі «Ў»:

Выстава мастака Сяргея Кірушчанкі «Earth Art» («Надышоў час шчыльна заняцца прыземленым самацтвам»). Доўжыцца да 26 кастрычніка.

12 кастрычніка прэзентацыя кнігі Аляксандра Сапегі «Сто чашек яблочного чая». У кнізе бубнача джаз-бэнду «Apple tea», сабраныя літаратурна апрацаваныя анекдоты — непрыдуманыя гісторыі з жыцця музыкаў і не толькі.

Фота Юрыя Дзядзінкіна

Каментаваць