Як рокеры музычны мост паміж Мінскам і Гродна ўсталявалі

Логіка развіцця айчыннага рок-руху патрабуе, каб арганізатары канцэртаў, крытыкі і самі музыканты імкнуліся прадставіць айчыннаму слухачу цікавыя калектывы з розных рэгіёнаў краіны, а не абмяжоўвацца толькі сталіцай.



Адным з прыкладаў супрацоўніцтва на карысць гарманічнасці ў айчынным рок-руху стаў нядаўні сяброўскі канцэрт мінскіх і гродзенскіх рок-гуртоў, які адбыўся ў сталічным клубе "Il Bisonte".

Гродзенскую рок-сцэну, якая ўжо мае сваю гісторыю і трывалую традыцыю, прадставілі тамтэйшыя каманды — пераможцу фэсту «Басовішча–2008» панк-гурт «Тлуста Луста» і гурт «СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!», музыканты якога арыентуюцца на рэп-кор і сучасныя накірункі metal-rock. За гонар сталіцы трымалі адказ маладыя і перспектыўныя каманды «Monkey Bite» і «Тлушч».

Паколькі гродзенскія рок-гурты — госці ў Мінску даволі рэдкія, то я не ўтрымаўся, каб не паразмаўляць з гродзенцамі і высветліць, чым жывуць рок-гурты ў Гродна. Першым маім субяседнікам стаў харызматычны і артыстычны (у сваім панкаўскім амплуа) лідар гурта «Тлуста Луста» Кірыла Богуш:

У Мінск на гэты канцэрт мы прывезлі новую праграму «Donar-Frik-Tour-2015», якая складзена з выключна новых, яшчэ не вядомых слухачам кампазіцый. Таксама мы змянілі стылістыку гурта, якую цяпер можна назваць олд-скульным панк-рокам з вясёлымі сатырычна-гумарыстычнымі тэкстамі. Гэтыя змены мы падмацавалі і новым сцэнічным іміджам. А таксама новым склада гурта.

Пасля выхаду нашых двух альбомаў праграму «Блін першы» і «Пераначуеш — больш пачуеш» у гурце адбыўся працяглы творчы адпачынак. І вось цяпер гурт сабраўся, хоць і новым складам, і мы пачынаем новы этап у гісторыі «Тлуста Луста».

Да адраджэння нашай музычнай творчасці, большай творчай актыўнасці нас натхніла нядаўняе сумеснае выступленне з легендай польскага року гуртом «Lombard» у Беластоку на фэсце, які быў прысвечаны салідарнасці з беларусамі ў Польшчы і з палякамі ў Беларусі. Асабліва запомнілася сумеснае з «Lombard» і яго лідарам Г. Стружняком выкананне кампазіцыі «Шлях да свабоды». Без перабольшвання зазначу, што хіты гурта «Lombard» выклікалі ў нас настальгію, бо гэтыя песні былі знаёмыя слухачам па абодва бакі мяжы.

Таксама я папрасіў гітарыста і вакаліста гурта «СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!» Мікалая Скрабца прадставіць мінскай публіцы сваю каманду, якая ўжо мае адзін жартаўлівы тытул: «уладальнік самай доўгай назвы ў беларускай рок-музыцы»:

«СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!»

Мы працуем ужо два з паловай гады. Нам яшчэ шмат трэба будзе зрабіць для росту нашай вядомасці. Трэба таксама пашырыць нашу канцэртую геаграфію, чым мы зараз цесна займаемся. У нас не так даўно былі канцэрты не толькі ў Гродна, але і Віцебску, вось цяпер у Мінску. У планах выданне дэбютнага альбома, хоць у нашай фанатэцы ўжо ёсць два максі-сінгла з нашымі песнямі.

У адносінах да маладых гуртоў, бывае, кажуць: яны ў пошуку. Але ў нашым гурце склалася асноўная прынцыповая пазіцыя: мы граем і спяваем стоадсоткава на роднай мове. Гэта не абмяркоўваецца, бо ўся наша творчасць па-беларуску. А што датычыцца стылю музыкі, то мы граем альтэрнатыўны metal з дамешкам рэп-кору. Вось гэтую стылістычную аснову мы ікнёмся разнастаіць элементамі панк-року і рок-н-рола. Тэксты і мелодыі да нашых кампазіцый ствараю я. Хоць у нас ёсць і іншыя прыклады: у нашым рэпертуары ёсць, напрыклад, кавер на Джорджа Майкла «Carelles Whisper», да якога я з арыгіналу напісаў беларускі тэкст.

Пакуль вялася наша размова з гасцямі, канцэрт па законах гасціннасці распачалі сталічныя каманды. І гэта быў гурт «Monkey Bite», які выйшаў на сцэну з вакалістам «Тлушча» Паўлам Белым. Той замяніў асноўнага спевака, які ў гэты час не змог трапіць на канцэрт. Можа, з-за англамоўнай назвы, можа па іншых прычынах, але мне асабіста «Monkey Bite» знаёмы быў мала. Аднак першыя ўражанні ад прафесійнага выканання, ладных мелодый і рытмікі песень былі вельмі прыязнымі. Асабліва, калі музыканты «Monkey Bite» «ужывую» прадставілі свой хіт, вядомы па ратацыі ў інтэрнэце — «Ніколі». Мае асабістыя станоўчыя ўражанні былі падмацаваны апладысментамі слухачоў. Гэтыя эмоцыі былі ўзмоцнены і іншымі спевамі гурта «Monkey Bite», якія пры належнай ратацыі маглі б прэтэндаваць на добрыя водгукі крытыкаў і ўвагу слухачоў: «Каралева», «Камяні», «Зорка»…

Пасля гарачага сэта «Monkey Bite» Павел Белы ўзяў гітару і заняў месца фронтмэна ў сваім «родным» гурце «Тлушч», які працягнуў меладычна-рок-н-рольную хвалю ў клубе "Il Bisonte". Хочацца адзначыць такія іх песні, як «Паміраць сабраўся, а жыта сей», «Барселона», «Lida Sneakers» і іншыя рок-кампазіцыі, якія даказвалі, што гурт «Тлушч» дасягнуў добрага выканаўчага ўзроўню, а іх песні вартыя гучаць на буйных радыёстанцыях і фэстах. Адным словам, мінскія музыканты сваёй энергетыкай стварылі для гасцей з Гродна добрыя ўмовы для працягу канцэрта.

 «Тлушч» і яго лідар Павел Белы

Таму з цікаўнасцю і ўхвалой публіка чакала заслужаных панк-рокераў з гурта «Тлуста Луста». Пакуль музыканты рыхтавалі інструменты і апаратуру, удалося разглядзець новы імідж Кірылы і яго калегаў — гатычна-панкавы, у старых традыцыях — з чорным майкапам і павязкамі, з неверагоднай даўжыні чубамі…

Першыя візуальныя ўражанні змяшаліся з гукавой хваляй старога панк-року. Кірыла Богуш па традыцыі суправаджаў новыя песні ад гурта «Тлуста Луста» працяглымі і дасціпнымі каментарамі, якія толькі дадавалі добрага настрою слухачам. Што тычыцца новай праграмы — «Donar-Frik-Tour-2015», то гэты музычны матэрыял можна назваць крокам да каранёў панк-року, хоць і з беларускім ухілам. Гэтыя рытміка-меладычныя акцэнты добра адчуваліся ў першай кампазіцыі сэта гурта — каверы на хіт N.R.M. «Трактар», у якім зліліся магутная энергетыка, цягучае гітарнае гучанне і рытмічнае буйства ўдарных інструментаў. І, безумоўна, не абышлося без спецыфічнай сатыры і гумару, у якіх гурт «Тлуста», як кажуць гродзенцы, «велькі» спецыяліст. Музыканты пераканаўча прадэманстравалі яго ў такіх панк-скэтчых, як «Саладуха», «Беражыце мужчын» і «Хачу мужа»… Затое слухачы былі задаволеныя!

Сваіх землякоў-панкаў актыўна і гучна падтрымалі музычныя экстрэмалы з гурта «СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!». Музыканты набылі вядомасць пасля выпуску двух максі-сінгаў «Спроба першая» і «Сэрца разбітае». Кампазіцыі з гэтых рэлізаў і былі выкананыя на гэтым сумесным канцэрце. Тыя, хто знаёмы з творчасцю каманды, пазнаў такія спевы, як «Мой лёс», «Хлусня», «Попел» — сур’ёзных, філасофскіх па зместу і, меладычных па кампазіцыі. Хоць, канешне, рэп-кор — гэта больш рытмічная чытка тэксту, чым меладычныя хады. Але гурту ўдавалася знаходзіць баланс паміж энергічным выкананнем і сэнсавым напаўненнем твораў. Што вялікая рэдкасць для адэптаў гэтага экстрэмальнага музычнага напрамку.

Урэшце, пасля заканчэння гродзенска-мінскага канцэрта-спліта склалася ўражанне, што нашы госці — гурты «Тлуста Луста» і «СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!» — вартыя прадстаўнікі і пасланцы рэгіянальнага рок-руху Гродзеншчыны. Радасна, што гэтыя музыканты, як і шмат іншых па ўсёй краіне, крыніцу сваёй творчасці і натхненне знаходзяць у нацыянальных традыцыях, у мелодыцы роднай беларускай мовы.

Абмеркаванне:

  • Марына
  • 2015-11-23 21:15:07
А вось не паверыце, і я трапіла на гэты канцэрт, хоць ніякай маштабнай рэкламы не было. Проста напаролася ў інтэрнэце на абвестку пра адкрыццё новага клубу "IL Bisonte" (Мінск, вул.
Чарнышэўскага, 10а). Рызыкнула пайсці вечарком 22 лістапада і не пашкадавала. Асабліва "Тлушч" спадабаўся. Такія рэзвыя хлопчыкі!!! А альбом "Пераначуеш — больш
пачуеш" і магнітыкі гурта "TlustaLusta" нават удалося знайсці сярод мэрча на канцэрце. Комп якраз ужо і ўпрыгожаны стыльным сувенірам гарадзенскіх панкаў. Дзякую
"Новаму часу" за падрабязны і аператыўны рэпартаж.
  • Рэдакцыя
  • 2015-11-23 22:38:28
І вам дзякуй за прыемныя словы! :)
  • Дзядзенька
  • 2015-11-26 16:32:09
А "Хлусні" ж ня было... :)
  • Цёценька
  • 2015-11-27 03:04:17
У кожнага свой слух, як сказаў адзін лапух. Калі журналіст пачуў, а дзядзенька не, дык час у паліклініку. Хоць сама я па назвах не запамінала. Затое адшукала адзін файлік з Гародні пра гэты канцэрт
https://www.youtube.com/watch?v=R5JFM4P7ZAQ
  • Скрабец Мікалай
  • 2015-11-29 12:17:01
Скажу як удзельнік і аўтар усіх песен гурта СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры! - песні Хлусня не было ў гэты раз, хто бы там што не пачуў і хто бы куды не звяртаўся да лекара:)

P.S. Прабачце мяне, аўтар, але артыкул зусім не карэктны:

1. Я не вакаліст і гітарыст гурта, а толькі бас-гітарыст.

2. У нас выходзілі: адзін максі-сінгл (3 песні: Хлусня, Мой лёс, Попел), сінгл + кліп на яго (Сэрца разбіта) і асобны інтэрнэт-сінгл (Каханне...)

Дзякуй за разуменне:)
  • Груня
  • 2015-12-02 00:16:50
Знайшла з клуба "Il Bisonte" адмысловае інтэрв'ю нашых музычных крытыкаў пра стан беларускага рок-н-ролу https://www.youtube.com/watch?v=R5JFM4P7ZAQ

Каментаваць