Як убачыць новае ў звыклым?

Падаецца, што такога не бачылі мінчукі ў сталіцы, каб рабіць для іх экскурсію даўжынёю ў 2 з паловаю гадзіны? Высвятляецца, што амаль нічога. Можна хадзіць і нават жыць побач з гістарычнымі будынкамі, але «упасці ў ступар» ад простага пытання... 



Тыя, хто хацеў даведацца пра свой горад і ягоную гісторыю крыху болей, сабраліся на дабрачынную экскурсію пад назваю «Менск — горад пад аховай Божай Маці» экскурсавода Паўла Дзюсекава.

Нечаканасці вандроўкі

Чаму мінскія пажарнікі абавязкова мусілі ўмець граць на музычных інструментах, а на пошце ніколі не ўзялі б на працу чалавека, які не адрознівае колеры? У якім старым фільме можна паглядзець на даваенны, не зруйнаваны яшчэ горад і якое дачыненне мае жывая карова да будынку знакамітага Чырвонага касцёлу? Якія неверагодныя прыгоды адбыліся ў Мінску з Наталляй Гусевай, выканаўцай ролі Алісы Сялязнёвай — гераіні савецкага дзіцячага серыялу «Госця з будучыні» і з якога месца ў горадзе трэба пачынаць пошукі прывіду савецкага эратызму? І галоўнае: чаму мы адзіныя ў свеце маем герб, на якім Божая Маці нібыта «пляскае ў далоні»? Некалькі дзясяткаў удзельнікаў экскурсіі цяпер могуць смела «казыраць» новымі ведамі перад сябрамі і знаёмымі. Няма сумневаў, шпацыр па родным горадзе зробіцца для гэтых мінчукоў крыху болей асэнсаваным. Мы ж не станем раскрываць інтрыгу экскурсіі.

Адзін з дыджэяў адраджэння

Нават не гледзячы на холад і слізкія ходнікі, да канца маршруту дайшлі ўсе ўдзельнікі экскурсіі. Звычайна ж Павел Дзюсекаў распачынае сезон у красавіку. Гэтым разам зрабіў выключэнне. Бо экскурсія па Мінску — ягоны выпускны праект на курсах «Дыджэі адраджэння», які вядзе палітык і грамадскі дзеяч Павал Севярынец.

На 12-тыднёвых курсах паводле задумы арганізатараў, рыхтуюцца людзі, здольныя быць грамадскімі лідарамі, ладзіць яскравыя мерапрыемствы, канцэрты, ладзіць разнастайныя шоу, крэатывіць у галіне PR, пры гэтым закладаць фундамент каштоўнасцяў для маладога пакалення. Сярод іх і наш экскурсавод.

Спачатку ўдзельнікаў курсаў было 25 чалавек. Цяпер засталося трынаццаць. Дванаццаць чалавек на словы арганізатараў, будуць залічаныя ў склад гэтакзванага элітарнага ордэну Дыджэяў Адраджэння. «Курсы далі мне кантакты, — распавядае Павел, — курсы пашырылі далягляд, навучылі працаваць у камандзе, і курсы мне шмат чаго далі ў асабістым — у рэлігійным плане.

—  Зміцер Дашкевіч абяцаў падараваць пераможцы кацяня. Ці не баіцеся цяпер перамагчы? Бо прыйдзецца ж даглядаць...

 —  Вы ведаеце, гэта самая вялікая фобія, таму што я памятаю Дашкевіча, — смяецца Павел, — але вельмі моцныя падабраліся супернікі, і Павел Булат і Алесь Мазанік і Павел Пракаповіч, мы зараз ідзем у чацвёрцы лідараў, таму я імкнуся пра перамогу проста не думаць, таму што працуеш, робіш, а 24 лютага будзе ўжо бачна, хто каго.

 Павел Дзюсекаў пад час экскурсіі

Аднак, пра жывёлу Павел усё ж такі клапаціцца. Бо «Менск — горад пад аховай Божай Маці» — частка праекту экскурсавода «Вандроўкі ў мінулае». Усе экскурсіі ў ім — бясплатныя, але калі нехта з удзельнікаў хоча ахвяраваць грошы, то можа гэта зрабіць. Усе сродкі пойдуць на патрэбы прыватнага прытулку «Суперкот».

Як зрабіць маршрут цікавым?

Між іншага, маршруту «Менск — горад пад аховай Божай Маці» ужо тры гады. Тым не меней, Павел усё роўна ўвесь час мяняе і ўдасканальвае яго. Бо ў стварэнні добрай якаснай экскурсіі без творчага падыходу не абысціся. «Я пішу ўсе свае маршруты ад першага да апошняга слова сам, я ўва ўсё гэта ўнікаю, я ўсё гэта даследую, — працягвае Павел, — Тры гады таму, калі арганізоўваліся знакамітыя фэсты экскурсаводаў, мне патэлефанавалі і сказалі: нам патрэбны маршрут, пра легенды Мінску. Я сказаў: добра, будзе! Мне вельмі спадабалася так працаваць таму, што калі маршрут увесь твой, ты ў ім не схібіш, не палянуешся, ты ведаеш, што гэта тваё стварэнне і ты мусіш яго прэзентаваць. Гэты факт дысцыплінуе стымулюе, і ў выніку дазваляе ўвесь твой досвед, які ты набываеш, выкласці людзям.

—  «Вандроўкі ў мінулае» — дабрачынны праект. А чым вы зарабляеце?

— Я працую з рознымі турфірмамі. Важу гасцей Беларусі ў Мір і Нясвіж, мінчукоў важу па Мінску.

—  Хто вашыя асноўныя кліенты?

— Безумоўна 90 працэнтаў тых груп, якія я важу па Мінску — гэта расіяне. Але ўлічваючы, што ў іх пачаўся эканамічны крызіс, я не ведаю, што будзе з гэтым сезонам. Беларусаў на мае экскурсіі ездзіць мала. Гэта школьнікі, настаўнікі ў Дзень настаўніка, дзіцячыя сады, карпаратывы. Але такіх груп, на вялікі жаль, не вельмі шмат.

— Як вы ацэньваеце ўласныя экскурсіі?

— Звычайна для мяне самы вялікі паказчык, ці прыйдзе чалавек у наступны раз, я запамінаю твары людзей. Калі людзі прыходзяць, значыць я разумею, што працую правільна. Я распавядаю так, каб зацікавіць людзей, каб яны прыйшлі яшчэ.

— Калі адбудзецца ваша наступная экскурсія?

— Я думаю, у красавіку, спадзяюся што снег, якога зараз няма, не абрынецца на нас. А калі будуць нейкія прапановы, то магчыма пачну сезон і раней.

Каментаваць