Якая мова ў беларускай кінадушы

У адным з нумароў «Новага часу» Віталь Воранаў папракнуў наша кіно за «неіснаванне», бо беларуская мова ў айчынных стужках амаль не гучыць.



Кадр з фільму Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», 2003


Хаця беларуская мова не толькі ў мастацтве, але і ў краіне пад ціскам, рызыкну заявіць: магчыма годнае беларускае кіно без аніводнага беларускага слова, і наадварот, беларускамоўнасць карціны — зусім не гарантыя яе чыннасці.
 
Кіно — гэта мастацтва, дзе мова — толькі адзін з элементаў складанага вобразу (у кіно — свая мова пластыкі, позірку, руху, шумоў). І ёсць выпадкі, калі і беларуская гутарка звініць фальшам. У свой час Кузьма Чорны пісаў пра небеларускую мову ў беларускай літаратуры — кіно гэта таксама тычыцца. 
 
Паказальная тут карціна «Свежына з салютам» Івана Паўлава. Фільм, зняты ў 2001 годзе, нават адмыслова рэкламаваўся, як «стужка на беларускай мове». Але камедыя пра вяскоўцаў, што прагнуць зарэзаць кабанчыка — толькі дазволенае этнаграфічнае гета заходнерускага краю. Мова — яшчэ адзін дамешак да экзатызмаў, якімі любуецца «культурны» каланізатар, у якога Масква ў галаве. З іншага боку, карціна Міхаіла Сегала «Франц+Паліна», дзе гучаць беларуская і нямецкая мова, гэта расейская стужка, заснаваная на годным беларускім матэрыяле (аповесці Алеся Адамовіча).
 
Пакуль айчынных — і, тым больш, замежных — стужак з беларускаю моваю вобмаль, папярэджанні Кузьмы Чорнага што да кіно, не самыя надзённыя — але калісьці пра іх варта будзе задумацца.
 
У фільме мусіць быць нешта, што робіць яго сваім, і гутарковая беларуская мова толькі адзін з магчымых, і не заўжды прысутных вынікаў гэтага загадкавага нешта.
 
Зірнем на італьянскія карціны 1960-х гадоў. Тады з’явіўся жанр, пагардліва названы крытыкамі «спагеці-вэстэрнамі». Дзікі Захад у гэтых карцінах здымаўся ў Італіі і Іспаніі, стваральнікі спачатку шыфраваліся за ангельскімі імёнамі; стужкі агучваліся на ангельскай.
 
Але гэта былі італьянскія стужкі. Спагеці-вэстэрны пераўзышлі амерыканскія арыгіналы. І не ў апошнюю чаргу гэта адбылося таму, што за іхняй спінай была італьянская культура. Тысячагоддзі багатага мастацтва падштурхоўвалі да самадастаткова-выкшталцоных кадраў. Веліч нямых пеплумаў — стужак на антычную тэму, імі праславілася Італія, — адбівалася ўрачыстымі постацямі аскетычных герояў. Перастрэлкі ў салунах гучалі як опера, а Эніа Марыконэ станавіўся Джузэпэ Вэрдзі кінематографу.
 
Душа зрабіла гэтыя карціны італьянскімі. Не ў меншай ступені душа адбівалася ў італьянскіх трымценніках — gialli, што часта таксама здымаліся на ангельскай мове. Барочная экзальтацыя гвалту, ужо зададзеная ў спагеці-вестэрнах, дасягнула ў gialli свайго піку. І яна заканамерна ўмагчымілася ў краіне з цвёрдай каталіцкай традыцыяй, дзе ствараў афектаваныя скульптуры Ларэнца Берніні.
 
Менавіта душа ажыўляе карціну, надае фільмам пазнавальную аўру. Гэтая душа ўвасабляецца кінамовай; і калі запатрабуецца — душа скарыстаецца той ці іншай гутарковаю мовай. 
 
Стужкі Андрэя Кудзіненкі, скрытыкаваныя васпанам за недастаткова цвёрдую моўную дысцыпліну, маюць сваю душу. Гэтая душа — беларуская. І гутарка ў фільме гучыць дакладна на той мове, якая адпавядае кінавобразу і запатрабаванай сітуацыі: калі беларуская мова, калі — польская, а калі — руская. І хаця маюцца дробныя шурпатасці з акцэнтамі, беларускай мовы ў фільмах роўна столькі, колькі і неабходна — каб атрымаць рэжымныя абвінавачанні ў нацыяналізме і «скрыўленні сапраўднае праўды».
 
Іншае пытанне, а ў якіх творах і калі беларускай мовы можа быць больш?
 
Зразумела, калі фільм мае быць шчырым люстэркам сучаснае вуліцы, то цяжка абмінуць паноўную там — не тытульную — мову. А вось гістарычнае кіно — проста патрабуе мову беларускую. Кінафантастыцы таксама добра б на ёй загаманіць — тым больш, што можна пагуляць з новымі і забытымі словамі.
 
Увогуле, жанравае кіно, якое само па сабе ўмоўнасць, дазваляе скарыстоўваць беларускую мову напоўніцу і без усялякіх папрокаў за «няпраўду». Для жанру важней не адпаведнасць побыту, а правілы апавядання і самакаштоўная рыторыка вобразаў. Беларускамоўныя баевікі, касцюмныя меладрамы і фільмы жахаў чакаюць сваёй агучкі.
 
І тут мы падыходзім да зеўры, якая зусім нецярпімая. 
 
Для беларускай культуры, грамады — і дзяржаўнасці — куды страшней не тое, што нешматлікія беларускія фільмы яшчэ не загучалі на роднай мове ў поўны голас, а тое, што замежныя — пераважна, галівудскія — стужкі пакуль не гавораць на мове Быкава і Купалы.
 
Няма дубляжу камедый і бомба-фільмаў, гераіні эратычных трылераў крычаць з пастаўленымі МХАТаўскімі інтанацыямі, а персанажы Дыснэя і студыі «Піксар» нічога не ведаюць пра глухое «г» і зацвярдзелае «ч».
 
У Беларусі затаптаная эфірная прастора беларускае мовы. У краіне адсутнічаюць беларускамоўныя тэлеканалы, радыё ванітуе суседскім шансонам, а беларускія дзеці забылі мову — бо няма ўжо дзе і пачуць. 
 
Гэта трэба будзе ў першую чаргу аднаўляць і гэта ствараць.
 
Але гэта можна ствараць ужо зараз. Хаця тэлеканалы і радыё — акупаваныя, сеціва — адкрытае. Адзін фільм, перакладзены на мову, для беларускае грамады важнейшы за тысячы семінараў, дзе «лідараў грамадзянскай супольнасці» вучаць «праяўляць лідарскія здольнасці» ў «арганізацыі семінараў».
 
Кожная даступная стужка з беларускім гучаннем, кожны кліп і кожная дакументальная замалёўка — гэта ажыўленне краіны і гэта цвік у труну дыктатуры.
 
Гэта рупар для кінадушы, якая яшчэ не загаманіла напоўніцу — але загамоніць. Дзеля гэтага яна мусіць кшталтавацца, адчуць сябе дый пабачыць іншых, добра навучыцца мастацкай мове, якая і фармуе голас, гатовы апрануць на сябе беларускае маўленне. 
 
І душа мусіць дзякаваць Творцу, які даў ёй саму здольнасць да словаў.

Каментаваць