Яніс Струпуліс: “У медалях жыве гісторыя”

Выстава медальера з Латвіі Яніса Струпуліса адкрылася вечарам 1 красавіка ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы.



Яніс Струпуліс


У экспазіцыі “У медалях жыве гісторыя” дэманструюцца памятныя і юбілейныя медалі, прысвечаныя выбітным дзеячам латвійскай і сусветнай культуры, у тым ліку і беларускай: Янку Купале, Якубу Коласу, Кастусю Каліноўскаму, Францішку Скарыне, Сімяону Полацкаму, Васілю Цяпінскаму, Сымону Буднаму і Мялецію Сматрыцкаму. У планах скульптара — стварэнне вобразаў Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча.     

Першыя крокі ў мастацтва будучы майстар зрабіў у чатыры гады, калі пачаў ляпіць з мяккай гліны, што знайшоў у вясковым кар’еры недалёка ад свайго дому. У хаце ўсё потым было заляпана глінай, і каб гэтага не дапусціць, маці тэрмінова прыдбала хлопчыку пластылін.

Бацькі былі вясковымі настаўнікамі: маці сумленна выкладала латышскую мову, літаратуру і гісторыю Латвіі, але хутка была звольнена з запісам у працоўнай кніжцы “не вартая працаваць у савецкай школе” за тое, што ў яе класе толькі тры вучні ўступілі ў  піянеры. Бацька ў гэтай жа школе выкладаў фізіку, матэматыку, фізкультуру, маляванне і спевы, сам спяваў у хоры, іграў на многіх інструментах і дырыжыраваў. У створаным бацькам школьным струнным аркестры маленькі Яніс іграў на мандаліне. Пазней яму давераць бас у духавым аркестры сярэдняй школы. І хаця даволі цяжкім і нязручным быў гэты інструмент, але з цягам часу стаў падабацца хлопчыку, бо добрыя гукі вывяргаў гэты бас — яны заспакойвалі. Яніс прыгадвае, што ў гады юнацтва ледзь не патануў у віры, пасля чаго па-новаму ўбачыў свет і стаў больш тонка адчуваць жыццё.    

Затым была вучоба на скульптара ў Латвійскай акадэміі мастацтваў і дзесяцігоддзі штодзённай карпатлівай упартай працы. Зараз Яніс Струпуліс — прызнаны ў Латвіі і за яе межамі выбітны майстар, кавалер латвійскага ордэна Трох Зорак, сябра саюзаў мастакоў і дазайнераў Латвіі, ганаровы сябра Акадэміі навук Латвіі, прэзідэнт Клуба медальернага мастацтва Латвіі, сябра Міжнароднай федэрацыі медальераў (FIDEM) і Таварыства медальернага мастацтва Германіі.

На радзіме мастака называюць “чалавекам, які зрабіў нам грошы”, бо амаль усе латвійскія манеты, што з 1992 года знаходзіліся ў грашовым абарачэнні краіны (з 1 студзеня 2014 году Латвія стала сябрам Еўразоны), адбіты з  мадэляў Яніса Струпуліса.

Мастак стварыў больш за 770 медалёў, што экспанаваліся на 440 выставах у 25 краінах свету і адзначаны шматлікімі прэстыжнымі ўзнагародамі, у тым ліку вышэйшымі. Працы майстра захоўваюцца ў 60 музеях 18 краінаў.    

Шэраг сваіх твораў медальер падараваў Купалаўскаму музею. Пры гэтым ён адзначыў, што калі атрымае заказ на манеты для Беларусі, дык зробіць іх з поўнай аддачай і, як заўжды, найлепшым чынам. Яніс Струпуліс пажадаў бацькам купляць сваім дзецям пластылін, гліну, вугаль, алоўкі, туш, фарбы і паперу, каб як мага раней заахвоціць сваіх нашчадкаў да творчасці.   

Выстава падрыхтавана музеям пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, амбасады Латвіі ў Беларусі і таварыства “Беларусь — Латвія”. Дарэчы, гэтая другая выстава мастака ў Мінску, першая адбылася ў 1977 годзе.

.  

Каментаваць