Японскі прафесар выдаў кнігу пра Беларусь

 
Улетку ў Токіа выйшла кніга вядомага японскага славіста, прафесара Такійскай палітэхнікі Макота Хаясакі «Беларусь. Гісторыя памежжа: разважанні над мінулым Беларусі».



У мяне няма магчымасці зрабіць разгорнутую рэцэнзію, бо не валодаю японскай мовай. Але зыходзячы з 19-старонкавага аўтарскага рэзюме, перакладзенага на беларускую мову Аляксандрам Смаленчуком, абапіраючыся на грунтоўныя спасылкі, а таксама на асабістае знаёмства з аўтарам (мы знаёмыя з Хаясакі з 1978 года), можна скласці анатацыю каштоўнага выдання, каб зацікаўленыя маглі даведацца пра кнігу, а пры патрэбе пакарыстацца і арыгіналам.

***

Макота Хаясакі з маладых гадоў цікавіўся гісторыяй усходніх і заходніх славян. Яшчэ ў 1978 годзе, будучы аспірантам у Сапара, ён працяглы час стажыраваўся ў Кракаве, займаючыся палітычнай гісторыяй Польшчы XIX стагоддзя. Тады ён жыў у адным пакоі студэнцкага інтэрната «Пяст» з беларускім мовазнаўцам з Мінску, кандыдатам філалагічных навук А. М. Булыкам, і пры нагодзе наведаў Падляшша — памежны рэгіён, дзе палякі, беларусы і ўкраінцы жывуць поруч, і якое зберагло стракаты культурны ландшафт.

Менавіта тады японскі навуковец зацікавіўся гісторыяй Беларусі. Грунтоўна ведаючы польскую мову, Хаясакі вывучаў усходнеславянскія мовы, а калі ў 1992 годзе пабыў на Украіне (Кіеў, Днепрапятроўск, Львоў), дык пачаў вывучаць і ўкраінскую ды напісаў кнігу па гісторыі Украіны. Быў неаднойчы і ў Беларусі, і зноў збіраецца ў Мінск сёлета, каб узяць удзел у славістычным кангрэсе. У 1999 годзе ў Токіа выйшла ягоная манаграфія «Адна з крыніц ідэі рэвалюцыйнай дыктатуры: рускае якабінства і польскае пытанне».

Пазней ён пераехаў у Токіа, працягваючы славістычныя студыі, і ўпрытык пачаў даследаваць гісторыю Беларусі, вынікам чаго стала кніга «Беларусь. Гісторыя памежжа…».

***

Ва ўступе да кнігі аўтар паведамляе пра першапрычыны зацікаўлення гэтай праблемай, у прыватнасці цудатворным абразом Кадзенскай Божай Маці і магнацкім родам Сапегаў (адзін з Сапегаў скраў у Ватыкане гэты абраз і перавёз у Кодню), і шляхам гістарычнай рэтраспекцыі спрабуе знайсці ключ да гістарычнай свядомасці сучасных беларусаў.

У першым раздзеле аўтар акрэслівае навуковую мэту даследавання, метады аналізу (найперш кампаратывістыку) і гаворыць пра важнасць вывучэння гісторыі Беларусі (гэта для японскага і заходняга чытача вельмі істотна, бо там звыклі мець справу з Расійскай імперыяй і Польшчай, а пра Беларусь, як і пра Украіну, часта маюць толькі прыблізнае ўяўленне).

Разгледжана вельмі важная праблема паходжання беларусаў і фармавання беларускай нацыі і дзяржавы, прааналізавана спецыфіка названага працэсу, на якую ўплывалі палітыка Расіі і Польшчы. У прыватнасці, аўтар аналізуе канцэпцыю «заходнерусізму», якая карысталася прыхільнасцю і ў савецкай гістарыяграфіі з яе ленінскай канцэпцыяй.

Адпаведна, асуджалася беларуская шляхта, якая безуважна прывязвалася да польскай, нават такія выдатныя постаці нацыянальна-вызваленчага руху, як Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі ды Ігнат Грынявіцкі. Толькі на пачатку 90-х гадоў ХІХ стагоддзя беларуская гістарычная навука пачала адыходзіць ад ленінізму і шукаць новыя шляхі (канцэпцыя Альфрэда Майхровіча, якая, дарэчы, паўплывала і на даследаванне Хаясакі).

***

У другім раздзеле падаецца агульны нарыс беларускай гістарыяграфіі з канца ХІХ стагоддзя і засяроджваецца ўвага на русіфікатарскай тэорыі М. Каяловіча (1828–1891), згодна з якой беларускія землі ёсць часткай зямель царскай Расіі, а Польшча толькі анексавала тое, што ёй не належала. У наследак тэорыі заходнерусізму дзейнічаў і А. Сапуноў (1851–1924).

Але ўжо Я. Карскі (1860–1931) і асабліва М. Доўнар-Запольскі (1867–1934), на якога выявілі значны ўплыў народнікі, рабілі націск на развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Паказальна, што аўтар адзначае аналагічную з М. Доўнар-Запольскім ролю М. Грушэўскага ў развіцці ўкраінскай гістарыяграфіі. Асабліва істотную ролю адыгралі працы В. Ластоўскага (1883–1938), які сцвярджаў, што беларусы паяднаныя з Полацкай Руссю, і адтуль бяруцца вытокі іхняй дзяржаўнасці, ды высунуў так званую «крывіцкую тэорыю».

У. Ігнатоўскі (1881–1931) паяднаў тыя погляды з марксісцкай інтэрпрэтацыяй гісторыі ў БССР. Але гэтыя гісторыкі былі рэпрэсаваныя ў 30-я гады ХХ стагоддзя, а палітыка беларусізацыі гвалтоўна спыненая, погляды тых аўтараў былі асуджаны як «нацдэмаўшчына».

***

У трэцім раздзеле аўтар звяртаецца да праблематыкі Полацкай Русі, засяроджваецца на постацях полацкага князя Усяслава і св. Ефрасінні, звяртае ўвагу, што ў літоўскай хроніцы штучна змяняюцца імёны полацкіх князёў на літоўскія з мэтай легітымізацыі літоўскага панавання.

І яшчэ адзін прыклад «падпраўлення» гісторыі: легенда пра св. Параскеву, у аснове якой ляжыць жыціе св. Ефрасінні Полацкай. З іншага боку, агіяграфію св. Ефрасінні царская ўлада выкарыстоўвала для русіфікацыі беларусаў. Кастрычніцкая рэвалюцыя жорстка праводзіла бязбожную палітыку ваяўнічага атэізму, і толькі пасля распаду СССР была рэабілітавана св. Ефрасіння і ўся спадчына Полацкай Русі.

***

Чацвёрты раздзел аддадзены аналізу эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі і звязаных з імі гістарыяграфічных канцэпцый, найперш пратэстанцкага руху, значэння Статутаў і палітычнай дзейнасці канцлера ВКЛ Льва (Лявона) Сапегі. Аналізуецца спадчына прафесараў У. Пічэты і Ю. Бардаха, прычым першы, хоць і змушаны быў ісці за ўстаноўкамі марксізму, але ягоныя працы, асабліва ў эканамічных абсягах, не страцілі свайго значэння.

Далей аўтар пералічвае заслугі Л. Сапегі, якога ў асобных працах сучасных беларускіх даследчыкаў (І. Саверчанка) услаўляюць як «нацыянальнага героя». Аднак, на наш погляд, чыннасць Сапегі вельмі супярэчлівая, асабліва калі ўзяць пад увагу яго актыўную ролю ва ўсталяванні Берасцейскай уніі 1596 года.

Варта заўважыць, што ў японскай гістарыяграфіі адсутнічае інтэрпрэтацыя Смуты ў кантэксце ВКЛ, і звычайна даследчыкі ствараюць адмоўны вобраз «польскай інтрыгі», атаясамліваюць ВКЛ з польскай экспансіяй, абапіраючыся выключна на расійскую гістарыяграфію.

***

У пятым раздзеле разглядаецца гісторыя Падляшша, дзе перапляліся традыцыі Усходу і Захаду, апісваюцца складаныя працэсы ў рэлігійным жыцці рэгіёну, дзе праводзілася ўнія, потым адбываўся пераслед уніятаў, якія ўрэшце (у 1905 годзе) масава перайшлі ў рыма-каталіцызм.

Адзін праблемны блок кнігі — гэта абраз Кадзенскай Божай Маці ў кантэксце пашырэння Берасцейскай уніі і аповесць Сафіі Косак, выдадзеная ў 1953 годзе; другі — датычыць пераследу ўніятаў расійскімі ўладамі і адлюстраванне тых падзей у аповесці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Уладзіслава Рэйманта (1909 год). Абедзве аповесці аб’ядноўвае прага дасягнуць кансалідацыі нацыі ў межах канцэпцыі «сучаснага паляка», абвешчанай прэм’ер-міністрам Польшчы — Раманам Дмоўскім (1864–1939).

***

Шосты раздзел датычыць праблематыкі Берасцейскай уніі, пачынаючы ад місіянерскай дзейнасці Іосіфа Вільяміна Руцкага (1574–1623) і яго беатыфікацыі, стасуецца з чыннасцю ордэна базыльянаў, Замойскага Сіноду 1720 года, які прыспешыў лацінізацыю ўніяцкага абраду, а адначасова і паланізацыю. Разглядаецца рэлігійная палітыка Расійскай імперыі, якая пасля пэўных хістанняў стала адназначна жорсткай.

Аўтар засяроджваецца на Полацкім саборы 1839 года, дзейнасці епіскапа Іосіфа Сямашкі, якія выклікалі супраціў польскай эміграцыі і найперш гісторыка Валер’яна Калінкі (1826–1886), што заснаваў у Львове «Рускі інтэрнат» для выхавання дзяцей уніятаў (чытай, украінскіх дзяцей) у польскім духу.

Калінка папярэджваў пра небяспеку русіфікацыі, пісаў пра пераслед уніятаў на Падляшшы, расстрэл царскімі войскамі вернікаў у Дрылеве і Пратуліне (студзень 1874 г.). Адначасова Калінка бачыў пагрозу германізацыі ў Познанскім ваяводстве.

Напрыканцы раздзелу аналізуецца дзейнасць славіста з Падляшша Міколы Янчука (1859–1921), які паходзіў з сям’і ўніятаў, а неўзабаве адыграў вялікую ролю ў развіцці беларусістыкі.

***

У сёмым і восьмым раздзелах характарызуецца чыннасць вядомага мовазнаўцы, актыўнага дзеяча беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Б. Тарашкевіча (1892–1938), якая прыпадае на часы раздзелу Беларусі паміж СССР і Польшчаю і, адпаведна, сталася закладніцай палітыкі русіфікацыі і паланізацыі і арганізацыі «Грамада», якая падтрымала стратэгію Камінтэрна.

Разглядаецца палітычная дзейнасць Тарашкевіча, аналізуюцца яго працы, прысвечаныя аграрным праблемам у Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржавах, высвятляецца гісторыя абмену Тарашкевіча на салавецкага вязня Ф. Аляхновіча (1883–1944) і яго трагічная смерць (канец беларусізацыі прывёў да знішчэння мовазнаўцы, які быў забіты НКУС у рамках так званай «Польскай аперацыі»).

Таксама надаецца ўвага каталіцкаму ксяндзу Адаму Станкевічу (1891–1949), які выкарыстоўваў беларускую мову ў набажэнстве і спрыяў развіццю нацыянальнай свядомасці беларусаў. Аўтар спыняецца на нязвычных для славянскай гісторыі сюжэтах: параўноўвае польскую палітыку з палітыкай тагачаснага кітайскага ўраду ў Манчжурыі.

***

У заключным раздзеле аўтар выяўляе агульны погляд на нацыятварэнне ў Еўропе, пачынаючы з Французскай рэвалюцыі канца ХVІІІ стагоддзя, потым разглядаецца перыяд застою ў гісторыі СССР, узнікненне дысідэнцкага руху, выступленні беларускай інтэлігенцыі (у першую чаргу Васіля Быкава) у абарону беларускай мовы, зараджэнне новай беларускай гістарыяграфіі, якая вядзе барацьбу за незалежны погляд на мінуўшчыну.

Кніга месціць у сабе багата фатаграфій, малюнкаў, таксама восем картаў Беларусі і дае цікавы матэрыял пра яе не толькі навукоўцам, але і шырокаму чытачу.

Такім чынам, у працы японскага прафесара разглядаюцца дужа важныя і актуальныя праблемы. Свежы погляд незаангажаванага аўтара на беларускае мінулае і сёння, як ніколі, патрэбны беларусістыцы.

Пераклад з украінскай Яўгена Лецкі

Фота belhist.ru

Абмеркаванне:

  • Аляксандр
  • 2013-12-16 16:26:40
Дакладнае прозвішча аўтара - Хаясака Макото (早坂 眞理). А не Хаясакі, як значыцца ў тэксте навіны :)
  • ucaninoy
  • 2016-03-21 13:08:34
[url=http://canada-onlinekamagra.net/]Kamagra[/url] Celebrex Coupon http://online-synthroidthyroxine.com

Каментаваць