Юбілей выбітнага польскага кампазітара

Польскі сейм абвясціў 2013-ы Годам Вітольда Лютаслаўскага — аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх кампазітараў ХХ стагоддзя, піяніста і дырыжора, што займае пачэснае месца ў гісторыі польскай музыкі пасля Фрэдэрыка Шапэна.

 



Вітольд Лютаслаўскі (1913–1997) нарадзіўся ў сям'і землеўладальнікаў. Яго бацька, польскі палітычны дзеяч Юзэф Лютаслаўскі (1881–1918) быў арыштаваны і забіты бальшавікамі.

Вітольд складаў музыку з дзевяцігадовага ўзросту (прэлюдыя для фартэпіяна, 1921), вучыўся ігры на скрыпцы і фартэпіяна. У 1937 годзе ён скончыў Варшаўскую кансерваторыю, аднак паралельна вывучаў і матэматыку як студэнт Варшаўскага ўніверсітэта.

У Варшаўскай кансерваторыі Лютаслаўскі навучаўся ў вядомага расійскага і польскага кампазітара, прафесара Вітольда Восіпавіча Малішэўскага, вучня Рымскага-Корсакава і заснавальніка Адэскай кансерваторыі. Менавіта таленавіты педагог Малішэўскі заклаў асновы кампазітарскага майстэрства Вітольда. Лютаслаўскі высока цаніў музычныя творы Ігара Стравінскага, Караля Шыманоўскага, захапляўся мазавецкім фальклорам. У яго ранніх працах заўважны ўплыў польскай народна-паэтычнай творчасці і фальклорнай мелодыкі.

Падчас Другой сусветнай вайны Лютаслаўскі быў мабілізаваны, выконваў абавязкі радыётэлефаніста, трапіў у палон, але па дарозе ў канцлагер здолеў збегчы. Разам з сябрам Анджэем Пануфнікам кампазітар зарабляў у варшаўскіх кавярнях, збіраў сродкі для артыстаў, якія хаваліся ад нацызму.

 Праслухоўванні ў кафэ былі адзіным спосабам пачуць жывую музыку ў акупаванай немцамі Варшаве: патрапіць на канцэрты было немагчыма, бо акупацыйныя сілы забаранілі ўсе арганізаваныя сходы.

У кафэ «Adria», дзе гралі сябры, Лютаслаўскі пазнаёміўся са сваёй будучыняй жонкай Марыяй Данутай Багуслаўскай. Гэты шлюб быў трывалым, і навыкі Дануты ў рэдакцыйнай працы мелі вялікае значэнне для кампазітара: яна стала яго сяброўкай і перапісчыкам, рэдагавала яго працы.

У 1945 годзе Лютаслаўскі быў абраны сакратаром і скарбнікам нядаўна створанага Саюза польскіх кампазітараў. Пасля вайны сталінскія ўлады забаранілі яго Першую сімфонію нібыта за фармалізм. Ён жа рашуча імкнуўся захаваць сваю мастацкую адметнасць. Смерць Сталіна ў 1953 годзе прынесла некаторае паслабленне культурнага таталітарызму у Расіі і яе сатэлітаў. У 1956 годзе палітычныя падзеі прывялі да частковага пацяплення музычнага клімату, і быў заснаваны фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень».

Міжнароднае прызнанне прыйшло да кампазітара пасля прэміі ЮНЕСКА (1959 г.) і выканання струннага квартэта ў Стакгольме (1965 г.).

Лютаслаўскаму належаць 4 сімфоніі, канцэрт для аркестра, шэраг камерных і вакальных твораў. Ён — першы лаўрэат Прэміі Гравемайера (1985 г.), лаўрэат прэміі імя Сонінг і прэміі Гердэра (абедзве — 1967 г.), прэміі Эрнста Сіменса (1983 г.), прэміі Кіёта (1993 г.), узнагароджаны залатым медалём Каралеўскага філарманічнага грамадства Вялікабрытаніі (1987 г.), кавалер французскага Ордэна мастацтваў і літаратуры, ганаровы доктар многіх універсітэтаў, у тым ліку Кембрыджскага.

Творы Лютаслаўскага выконвалі лепшыя музыканты свету, сярод якіх М. Растраповіч, Х. Холігер, Д. Фішэр-Дзіскаў, Г. Мутар, Д. Апшоў, Г. Шолці, Э.-П. Саланен, А. Віт і іншыя. Лютаслаўскі з’яўляўся ганаровым доктарам шэрагу прэстыжных універсітэтаў Польшчы, Еўропы і Амерыкі, у тым ліку Каралеўскай Акадэміі музыкі ў Лондане, Акадэміі прыгожых мастацтваў у Парыжы, Акадэміі Св. Цэцыліі ў Рыме, Амерыканскай Акадэміі мастацтваў.

У 1980 годзе Лютаслаўскі па-мастацку падтрымаў «Салідарнасць». У канцы свайго жыцця ён быў узнагароджаны Ордэнам Белага Арла, вышэйшай узнагародай Польшчы.

В. Лютаслаўскага запрашалі да ўдзелу ў прэстыжных фестывалях конкурсах кампазітараў, для чытання лекцыяў і правядзення майстар-класаў. Ён атрымаў мноства міжнародных узнагарод і прызоў.

Наша краіна таксама далучылася да святкавання стагоддзя з дня нараджэння знакамітага кампазітара. Вечар класічнай музыкі, прысвечаны Вітольду Лютаслаўскаму, адбыўся ў Дзяржаўнай філармоніі пры падтрымцы Інстытута Польскага ў Мінску. Жыхары і госці Мінска змаглі наталіць свае душы выдатнай музыкай дзякуючы майстэрству артыстаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Партыю фартэпіяна выконваў Г. Алекна.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр РБ выканаў канцэрт для фартэпіяна ў 4-х частках і маленькую сюіту. Кіраваў аркестрам выдатны майстра Павел Котла з Варшавы, які сёння з’яўляецца дырыжорам Лонданскага сімфанічнага аркестра.

Фота з польскіх архіваў

Каментаваць