Юбілейная выстава Алеся Сушы адкрылася ў Палацы мастацтва

Выстава Алеся Сушы, прысвечаная 50-годдзю мастака, адкрылася вечарам 17 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва.



Алесь Суша


Жывапісец нарадзіўся ў вёсцы Дамавіцк Чэрвеньскага раёна на Міншчыне ў 1963 годзе. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Івана Ахрэмчыка. Сваю першую ўзнагароду за творчую дзейнасць атрымаў у 1983 годзе за ўдзел у студэнцкай выставе. У 1986 годзе скончыў аддзяленне манументальнага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пасля службы ў войску тры гады стажыраваўся ў творчай майстэрні Акадэміі мастацтва СССР у Мінску.

Працуючы ў Брэсцкім мастацкім камбінаце, Алесь Суша стварыў шэраг манументальных прац, сярод якіх вылучаюцца своеасаблівым рашэннем сграфіта ў горадзе Бяроза “Гімн чалавецтву” (1988) і мазаіка для санаторыя-прафілакторыя Брэста “Мацярынства” (1989). Творчасць мастака была адзначана на маладзёвай выставе ў 1989 годзе, а ягоная праца “Напаследак” брала ўдзел у экспазіцыі маладых мастакоў у Берліне. У гэты перыяд творы жывапісца друкаваліся ў часопісах “Полымя” і “Маладосць”. З 1991 года Алесь Суша — сябра Беларускага саюзу мастакоў (БСМ), а з 1998-га — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх мастацкіх выстаў і міжнародных пленэраў. Падрыхтаваў 10 персанальных выстаў, якія дэманстраваліся ў Беларусі, Літве і Расіі. Са сваім творам удзельнічаў у таргах Крысці.

"Вечар у Завідчыцах"

У 2004 годзе мастак прымаў удзел у рэстаўрацыі Свята-Сімеонаўскага сабора Брэста, у 2006 годзе — у афармленні Нацыянальнай бібліятэкі. Ягоная праца ў тэхніцы леўкасу “Кірмаш”, што вызначаецца каларыстычнай гармоніяй і своеасаблівым стылем выканання, была высока адзначана спецыялістамі. У 2012 годзе за мазаічнае афармленне капліцы ў гонар іконы “Знак Найсвяцейшай Маці Божай” у складзе групы мастакоў атрымаў прэмію прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

 "На рацэ Уса"

 

Алесь Суша працуе як ў манументальным мастацтве (мазаіка, сграфіта і ляўкас), так і ў розных жанрах станковага жывапісу (пейзаж, партрэт, нацюрморт і фігуратыўная кампазіцыя). Творы мастака вылучаюцца высокім прафесіяналізмам і адметнасцю, адлюстроўваюць глыбокі ўнутраны свет мастака, яго душэўныя перажыванні. Алесь Суша неабыякававы да нацыянальнай гістарычнай спадчыны, пра што сведчаць творы “Івянец” (2008), “Ашмяны” (2008), “Навагрудчына” (2009), “Пінск” (2009), “Раваніцкі парк” (2010), “Крэва” (2010), “Шлях” (2010) і “Млын у Гальшанах” (2011).

     "Дзень прайшоў"

 

Працы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у фондах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва і Міністэрства культуры Беларусі, у музеях гарадоў Чэрвеня, Лагойска і Пінска (Беларусь), у мастацкіх музеях гарадоў Бранска і Трубчэўска (Расія), у фондах Міністэрства культуры Арменіі, у шматлікіх замежных прыватных зборах.

   "Букет"

Намеснік старшыні БСМ па выставачнай дзейнасці Леанід Хобатаў назваў выставу “выдатнай культурнай падзеяй, цудоўнай экспазіцыяй сапраўднага класічнага і духоўнага мастацтва, якое можа прэтэндаваць на будучыню і паслядоўнікаў”.

Выстава працуе па 3 лістапада.

"Веснавы дзень"

  "Паўлінава"

Каментаваць