Юры Несьцярэнка: «Наша зямля замярзае пад морам зімы» (аўдыёпрэм’ера!)

Фронтмэн гуртоў White Night Blues і Nestary Band Юры Несцярэнка прэзэнтуе ў чарце на Tuzin.fm кампазіцыю «Мора зімы» са свайго новага сольнага альбому «Аэрапланы ў вырай».



Песьня «Мора зімы» напісаная на верш вядомай пісьменьніцы Людмілы Рублеўскай. Гэта ўжо трэці сынгл з новага альбому музыкі. Дагэтуль Юры паказаў загалоўны трэк «Аэрапланы ў вырай» і песьню «Пэўныя знакі”. «Калі задумвалася аранжыроўка да «Мора зімы», яна адразу ўяўлялася крыху «цяжэйшай» за астатнія кампазіцыі, — распавядае Юры Несьцярэнка. — Але гэта цалкам магчыма ў сольным альбоме, дзе стылістычна прысутнічаюць і фанк, і блюз, і фламэнка, і вось такі варыянт софт-мэталу ці мэлёдык-мэталу».

Юры прызнаецца, што хацеў у новай песьні пакінуць манеру выкананьня цалкам пазнавальнай, але пры гэтым пашырыць стылістычныя межы. Атрымалася самадастаткова і арыгінальна. «Мне заўсёды было цікава экспэрымэнтаваць са стылямі. Многія ўспрымаюць такое імкненьне за прагу да нейкай архаічнаьсці, кансэрватыўнасьці, якая асацыюецца з клясыкай року. Але гэта ўсё ж такі цалкам сучасныя песьні. Яны ўбачылі сьвет напрыканцы 2013-га — пачатку 2014-га. І мне, і музыкам, якія ўдзельнічалі ў запісе, было вельмі цікава сыграць у розных, канкрэтна акрэсьленых стылях, і гэта ўдалося», — дадае музыкант.

Калі кампазыцыі «Мая адзінота» або «Неба навокал», вядомыя слухачам з прэзентацый на «Тузіне Гітоў», больш падыходзілі б да рэпертуару White Night Blues, то «Мора зімы» — гэта хутчэй з рэпертуару Nestary Band. У эклектыцы новага альбома ёсьць своеасаблівы працяг традыцый, закладзеных у папярэдняй плытцы Юрыя Несьцярэнкі «Сьвята вялікіх дажджоў».

Болей даведацца пра новую кружэлку, а таксама паслухаць новую кампазіцыю можна тут: http://tuzin.fm/performer/mp3/581/mora-zimy.html.

Каментаваць