Каб любіць Крым, трэба ў чужых краях пабываць

У Гомелі ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна 25 жніўня ў межах праекта “Жывы аўтограф” адбылося адкрыццё мастацкай выставы “Крымскія эцюды” Алега Белавусава. Вядомы гомельскай публіцы найперш як фотамастак, аўтар прадставіў увазе публікі 26 работ, на якіх адлюстраваў улюбёныя краявіды Крыма.



Гэта працы, створаныя за 6 апошніх год. На сённяшні момант я вярнуўся да малявання, хаця разумею, што гэта ў некаторым сэнсе выклік, бо я не маю скончанай мастацкай школы, пэўнай тэхнікі ды вялікай практыкі. Выстаўляюся я таму, што маю непераадольную патрэбу ў такіх жа аматарах, як я. Трэба паглядзець, хто што робіць, хто на якім узроўні, пэўныя ідэі падглядзець. Яны часта правакуюць творцу і гледачоў на свае творчыя пошукі.

Алег Белавусаў прапануе зірнуць на паўвостраў Крым вачамі не турыста, а філосафа. "Сутнасць экспазіцыі ў тым, каб пабыць аднаму, але не ў адзіноце, а з тымі, хто жыў тут тысячы гадоў", — кажа мастак, для якога Крым не турыстычны рай, а радзіма.

— Крым — гэта для мяне ўсё, бо я там нарадзіўся. Гэта мой сэнс існавання. Шчыра кажучы, мне трэба было прайсці 6–8-гадовы шлях разрыву з паўвостравам, каб захварэць настальгіяй. Таму гэтыя словы “каб любіць Беларусь…” актуальныя і для мяне. Трэба сапраўды адчуць стан хваравітага развітання з Радзімай. Толькі тады ты зразумееш, што гэта такое для цябе.

Тут не відаць людзей, але яны тут прысутнічаюць, і Крым быў такім заўсёды. На паўвостраве перапляліся лёсы многіх народаў, дзяржаў і цэлых цывілізацый. Нездарма гэты край так любяць мастакі і літаратары: акрамя прыроднай прыгажосці, іх натхняе асаблівая атмасфера глыбіні стагоддзяў.

— Кожны камень у Крыме кажа пра сваю эпоху. Калі ты адначасова камунікуеш з артэфактамі тысячагадовай даўніны або мінулага стагоддзя, калі ты чуеш музыку Рахманінава, прыгадваеш вершы Максіма Багдановіча або Лесі Украінкі, калі ты бачыш вобразы, якія бачыў у Каровіна, прыгадваеш апісанне Чорнага мора Паўстоўскага, то, канешне, для цябе гэта сплаў усіх эпохаў і культур. Там можна нават гамераўскую Адысею ўбачыць ды адчуць.

Мне вельмі хочацца спадзявацца, што Крым у перспектыве набудзе свой статус як менавіта культурны цэнтр. Я лічу, што, пачынаючы з савецкіх часоў, ён гэты статус згубіў. Я нават скажу, што Валошын быў апошнім аскепкам гэтай культуры, што нараджалася ды вырасла на крымскай зямлі, і мне хацелася б верыць, каб гэты стан справаў змяніўся.

Выстава будзе доўжыцца да 9 верасня а наведаць яе можа любы ахвотны — уваход вольны.

Даведка:

Алег Уладзіміравіч Белавусаў нарадзіўся ў Еўпаторыі (Крым). Скончыў Маскоўскі лесатэхнічны інстытут. Пастаянна пражывае ў г. Гомелі. Захапіўся мастацтвам фатаграфіі ў школьныя гады. Першая персанальная выстава адбылася ў 1996 годзе. Працаваў у кірунку фотарэкламы, расійскіх і беларускіх СМІ. Зараз з'яўляецца фотакарэспандэнтам абласной газеты «Гомельская праўда». У якасці фотакарэспандэнта актыўна супрацоўнічае з многімі перыядычнымі выданнямі.

Як творчая натура аўтар не абмяжоўваецца фатаграфіяй і выяўленчым мастацтвам. Сярод яго захапленняў таксама тэатр і гульня на розных музычных інструментах.

Каментаваць