Каханне, нянавісць, братазабойства, ажыўшыя на Дзяды продкі... Выйшла новая кніга Някляева

«На ўсякім свеце» — так называецца новая кніга прозы Уладзіміра Някляева. 
У ёй 11 апавяданняў і 2 прыпавесці. Хаця падзел на гэтыя жанры даволі ўмоўны, асабліва, калі казаць пра такога літаратара як Уладзімір Някляеў. Ён дэбютаваў вершамі і шырокае прызнанне займеў за паэтычныя зборнікі. Але проза не адпускае Някляева ўжо ня першы год, а за раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» ён атрымаў прэмію імя Ежы Гедройца.

«Што б ні казалі, ні плялі, мы не ў зямлі, а на зямлі!» — напісаў Уладзімір Някляеў у адным з вершаў. У ягоных творах увогуле як бы няма памерлых. Усе — жывыя. Не Ў зямлі, а НА зямлі, не Ў небе, а ПАД ім. І гэта ня толькі дае чытачу адчуванне цэласнасці свету, але і дазваляе аўтару ствараць неверагодныя, фантастычныя — і ў той жа час на дзіва рэальныя сюжэты, што і стала зместам кнігі «На ўсякім свеце».

Светаў, як вядома, два — гэты і той. У прыпавесці, якая дала назву кнігі, яны злучыліся ў адзін. Усе памерлыя на Дзяды прыйшлі жывымі да сваёй роднае хаты і галоўны герой зусім не дзівіцца, пабачыўшы гэткую фантасмагорыю. У адным з інтэрвію аўтар сказаў, што гэтым творам ён хацеў сабраць у адным месцы ў адным часе ўсю сваю сям’ю:

...Маю на увазе сям’ю з дзядамі, прадзедамі, прапрадзедамі і так далей у глыбіню стагоддзяў. Гэта спроба праз аб`яднанне маёй крэўскай сям’і (Някляеў родам з Крэва) аб`яднаць у адну сям’ю ўсю Беларусь.

Фантазійнага ў новай кнізе шмат. Чаго варты хаця б шчымлівы сюжэт пра тое, як намаляваная на капоце машыны малпа ў крытычны момант ажывае і ратуе з пад колаў дзіця («Што да чаго?»). Ці спрадвечная гісторыя братазабойства, наноў пераказаная праз дачыненьні катоў, якая так і называецца — «Каты». Альбо шчымлівы сюжэт пра каханьне й нянавісьць акторкі і палкоўніка ў «Школе танцаў».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў». І яна ўжо ёсьць у незалежных кнігараспаўсюднікаў.


Цалкам рэцэнзію можна прачытаць на Радыё Свабода



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць