Каханне ў лялечнай рэчаіснасці

Намаганнямі праекту «Cinemascope» распачаўся пракат лялечнай анімацыі для дарослых «Анамаліза».
imdb.com

imdb.com


Новая стужка ад праслаўленага сцэнарыста ды рэжысёра Чарлі Каўфмана («Вечнае ззянне чыстага розуму», «Сінекдаха, Нью-Ёрк») была створана ў супрацы з рэжысёрам анімацыі Дзюкам Джонсанам. Сумная гісторыя пра крызіс ды самоту белага гетэрасэксуала сярэдняга ўзросту ўжо атрымала процьму прэстыжных кінематаграфічных прэмій ды прызоў (прыз журы Венецыянскага кінафестывалю, намінацыя на прэмію Оскар за найлепшы анімацыйны фільм),  а цяпер — да 13 красавіка ў кінатэатры «Ракета» — мае гонар парадаваць айчынных аматараў інтэлектуальнага кіно.

Аўтар канцэпыі паспяховага ўзаемадзеяння ў кліент-арыентаваным бізнэсе Майкл Стоўн спрабуе адчуць рэчаіснасць, дакрануцца да сапраўднасці ўва ўласным існаванні. Гледачам прасцей – мы загадзя ведаем, што ў ягоным жыцці ўсё лялечнае ды штучнае. У жыцці Стоўна ёсць толькі два голасы — ягоны ды голас усіх астатніх. Вакол яго няма людзей, ёсць толькі шэрая аднастайная маса ўсмешлівых ды паспяховых прадаўцоў сваіх паслуг, дзеля якіх ён і напісаў свой бэстсэлер па паляпшэнні эфектыўнасці...

Якая паслуга можа выратаваць такога кліента як Майкл Стоўн? І ці можа гэта здарыцца наогул? У крытычны момант адчаю ён чуе новы голас — Яе. Ліза прыехала з сяброўкай паслухаць лекцыю гуру кліент-арыентаванай практыкі, а цяпер чароўным голасам спявае яму песні незвычайнай прыгажосці ў нумары класу люкс...

Гісторыя прывіднага («анамальнага») кахання стомленых жыццём людзей — гэта толькі вонкавая абалонка «Анамалізы». Грамадства спажыўцоў ды лагодных усмешлівых прадаўцоў, якія прайшлі ўсе трэнінгі ды этапы па станаўленні паспяховымі ды мэтанакіраванымі, наўрад ці здольнае на сапраўдныя перажыванні ды эмоцыі. Менавіта дзеля дасягнення гэтага эфекту лялькі ў фільме рухаюцца з небяспечнай рэалістычнасцю, а пустэча на твары Майкла Стоўна передадзена з такой неверагоднай дакладнасцю. Максімальнае пагружэнне ў лялечную рэчаіснасць, якая анічым прынцыпова не адрозніваецца ад нашай штодзённасці (ніякай фантастычнасці, казачнасці ці мастацкай вычурнасці — суровы лялечны рэалізм!), дасягаецца ў сэксуальнай сцэне, зробленай на эмацыйным узроўні з такой скурпулёзнасцю ды старанасцю, якой можа пазайдросціць любы ігравы фільм. І пры гэтым глядач бачыць на працягу ўсяго фільма швы на тварах лялек-актораў. І толькі для таго, каб раптам не запамятаць, што перад ім лялькі.

imdb.com

imdb.com


Метафара Каўфмана — грамадства пададзенае як лялечная супольнасць — з’яўляецца дакладнай візуалізацыяй аднаго з найважнейшых канцэптаў пасляваеннай гуманістычнай філасофіі (экзістэнцыялізм, Франкфурцкая крытычная школа, «Грамадства спектакля» Гі Дэбора). Грамадства, арыентаванае на камфорт ды паспяховую працу з кліентамі («Як надвор’е?», «Ці каштавалі мясцовае чылі?», «Ці былі ў нашым заапарку?»), не мае патрэбы ў канкрэтным чалавеку, яму патрэбны ідэальны вобраз, напрыклад, белага гетэрасэксуала сярэдняга ўзросту. Белы гетэрасэксуал сярэдняга ўзросту — гэта патэнцыйны шчаслівы кліент, карыстальнік паслугаў і папросту чалавек, які ў стане плаціць.

Але ж расплата за стварэнне ідэальнага вобразу – гэта няздольнасць пабачыць ды адчуць сапраўднасць, праўдзівасць ва ўласным жыцці. У той самы момант, калі Ліза за сняданкам стане кляцаць зубамі па відэльцу — ды страціць першасную ідэальнасць ды прывабнасць, ейны голас ператворыцца ў шэрую масу тысяч безасабовых галасоў, а светлая мара — вырвацца аднекуль адсюль некуды туды — патоне ў адчаі шэрай руціннай рэчаіснасці…

Каментаваць