Калі спадчына становіцца сучаснасцю

Логіка падзей засведчыла, што ў свой час музыканты і даследчыкі Тодар Кашкурэвіч і Алесь Лось вылучылі вельмі прадуктыўную для сучаснай нацыянальнай культуры ідэю — адраджэнне беларускай дуды, у тым ліку і з дапамогай фестываляў, на якіх гэты старажытны інструмент быў бы галоўнай дзеючай асобай.



Логіка падзей засведчыла, што ў свой час музыканты і даследчыкі Тодар Кашкурэвіч і Алесь Лось вылучылі вельмі прадуктыўную для сучаснай нацыянальнай культуры ідэю — адраджэнне беларускай дуды, у тым ліку і з дапамогай фестываляў, на якіх гэты старажытны інструмент быў бы галоўнай дзеючай асобай.

Добра памятаю 1992 год: афішы і канцэрты самага першага «Дударскага балтыцкага фэсту» ў Доме літаратара — папярэдніка сённяшняга «Дударскага фэсту». З таго часу прайшло васемнаццаць гадоў, фестываль перажыў некалькі мадыфікацый, змяняў назву, але заваяваў статус нацыянальнага музычнага свята беларускай дуды.

Успомнім, што за гады правядзення фэсту яго гасцямі і ўдзельнікамі былі шмат цікавых музыкантаў з многіх краін свету. Гэта і вядомы выканаўцы на балгарскай гайдзе Ютака Бан (Японія) і расійскі музыкант, які спецыялізуецца на галісійскай гаіце, Стас Зубцоў, новазеландскі выканаўца на шатландскім хайлэндзе, беларус па паходжанні Андрэй Мароз, зоркі польскай дударскай музыкі — аўтэнтычныя гурты «Dudziarzy Wielkopolski» і «Kapela kozlarska Benia Kaspra z Przyprostyni», гурты і салісты з Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы.

Але заўсёды самым важным мастацкім чыннікам усіх фестывальных падзей заставалася беларуская дуда — адроджаны да жыцця ў ХХІ стагоддзі нацыянальны музычны інструмент. Гэтым фактам сучасная беларуская культура абавязана, у першую чаргу, тым невядомым людзям, якія захавалі і даглядалі для будучых выканаўцаў бясцэнны скарб — высокамастацкі дзеючы экземпляр беларускай дуды, які цяпер захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Менавіта яго выканаўчыя магчымасці і тэхналагічныя асаблівасці вывучалі на падставе асабістых этнаграфічных даследаванняў А. Лось і Т. Кашкурэвіч.

«Rasalia»


Потым таленавітымі рукамі і ўпартасцю гэтых майстроў беларуская дуда лепельскага тыпу была ўзноўлена як масавы музычны інструмент, які па свайму дызайну і музычных асаблівасцях поўнасцю адпавядае навуковаму вызначэнню назвы «беларуская дуда». Цікава, што выканаўцы з суседняй Літвы прызналі тып дуды, якую вырабляе Тодар Кашкурэвіч, і сваім нацыянальным інструментам, бо ён мае шмат агульнага з беларускім. Як вынік, — запіс і выданне на CD унікальнага музычнага праекту Тодара і яго літоўскіх сяброў Гвідаса Коверы і Пятраса Вішняўскаса «Цішы Лабаноры».

Упэўнены, што ўсе гэтыя вехі «Дударскага фэсту» добра памятныя і зразумелыя сённяшняму яго прадзюсеру і аднаму з актыўных удзельнікаў руху Змітру Сасноўскаму. Мо таму напярэдадні правядзення дзесятага юбілейнага «Дударскага фэсту» Зміцер падзяліўся са мной сваімі разважаннямі наконт вынікаў шматгадовых фестывальных сустрэч:

«Пачыналі гэты рух такія музыкі, як Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось, Алесь Жура і ўсе старэйшыя майстры і выканаўцы. Я тады прысутнічаў як назіральнік, бо сам не граў на дудзе. Потым далучыўся да іх кола. Таму мае ўражанні эвалюцыі блізкія да думкі Тодара Кашкурэвіча, якую ён выказаў на фестывальнай прэс-канферэнцыі. Сэнс яе ў тым, што дударскі рух пачынаўся як андэграўнд — стваралася замкнёная культура па адраджэнню старажытнага інструмента. Але сёння, калі ён бачыць маладых і таленавітых дудароў, якія валодаюць добрай тэхнікай ігры на гэтым інструменце, бачыць модна апранутую моладзь, якая танчыць на «Дударскім клубе» ці на «Дударскім фэсце», то яго па-сапраўднаму радуе такая значная эвалюцыя!»


«Testamentum terrae»



«Ад сябе дадам наступнае, — працягвае Зміцер Сасноўскі, — тады, у канцы 80-х гадоў, цяжка было ўявіць сучасны стан развіцця айчыннай дударскай школы. Таму сённяшні яе ўзровень і дасягненні падаюцца ледзь ні цудам. Калі мы і далей усе разам будзем працаваць у тым жа рэчышчы, то мы і не ўяўляем, якія перспектывы нас чакаюць у наступныя 10–15 гадоў!»

Вось з гэтых перспектыўны пазіцый і была задумана праграма юбілейнага дзесятага «Дударскага фэсту». Галоўнае патрабаванне да ўдзельнікаў — падчас свайго выступлення ў музейным комплексе «Дудуткі» ці на канцэртнай пляцоўцы ў парку Чэлюскінцаў, дзе былі запланаваны канцэрты сёлетняга «Дударскага фэсту», — выканаць навінкі рэпертуару, паказаць новыя стылістычныя напрацоўкі і гучанне, арыгінальныя выканаўчыя прыёмы.

Трэба адзначыць, што ўжо другі год старт канцэртных падзеў «Дударскага фэсту» адбываецца ў Дудутках. Гранне на дудзе ва ўмовах вольнага паветра з’яўляецца своеасаблівым экзаменам для выканаўцаў, а для слухачоў — найбольш прымальнай формай адпачынку пад цудоўную дудовую музыку. Вось таму арганізатары «Дударскага фэсту» і ў гэтым годзе прапанавалі наведвальнікам музейнага комплексу некалькі арыгінальных музычных падзей. Першым у шэрагу фестывальных імпрэзаў стаў канцэрт «Адраджэнне аўтэнтычнай традыцыі», у якім прынялі ўдзел такія вядомыя дудары, як Т. Кашкурэвіч, А. Жура, Ю. Панкевіч, Я. Барышнікаў і іншыя. Па сваёй задуме канцэрт быў камерным, на якім можна было задаваць пытанні выканаўцам і майстрам, атрымаць кансультацыю па тэхніцы грання на інструменце…

«Кашлаты Вох»


З поспехам прайшоў і традыцыйны канцэрт «Сярэднявечны баль» з удзелам гуртоў «Стары Ольса», «Rasalia», «Кашлаты Вох», «Testamentum terrae», які папярэднічаў галоўнай інтрызе першага дня «Дударскага фэсту» — конкурсу імправізацый «Псіха-фольк» пад рытмы ды-джэя Паўла Балцэвіча. Такі творчы эксперымент выклікаў немалы інтарэс сярод слухачоў, бо ўсе яго ўдзельнікі прысутнічалі пры нараджэнні своеасаблівага музычнага кірунку — сінтэзу дудовай імправізацыі і электроннай музыкі. Цікава, што арганізатары «Дударскага фэсту» атрымалі прапанову ад арт-дырэктара комплексу «Дудуткі» А. Захаранкі правесці ў «Дудутках» вялікі канцэрт такой незвычайнай музыкі, якую самі музыканты ахрысцілі «этна-электроніка». Канцэрт першага фестывальнага дня пад назвай «Псіха-фольк» быў завершаны кампазіцыямі гуртоў «LitvinTroll», «Testamentum terrae», «Кашлаты Вох», якія выкарысталі гэту нагоду для таго, каб у палявых умовах «выпрабаваць» свае канцэртныя навінкі, лепш падрыхтавацца да апошняга дня фэсту.

«UNIA»


І вось ён надышоў: апаратура «адчэканая», музыканты на сваіх месцах, а слухачы запоўнілі адкрытую пляцоўку сталічнага парка Чэлюскінцаў. Спачатку на фестывальную сцэну запрасілі вядомага выканаўцу Алеся Журу, які з’яўляецца аўтарам першага айчыннага дударскага альбома. Яго CD «Дудар» — важкі ўнёсак у нацыянальную дударскую дыскаграфію. Алесь выканаў на галісійскай гаіце творы старажытнай чэшскай музыкі, ірландскія джыгі.

Ад першых жа песень гурта «Rasalia» слухачы не пераставалі танчыць. На шырокім пляцы гэта было зручна рабіць, асабліва разам з удзельніцамі танцавальнага гурта «Гістрыён». Было бачна, што ідэя дзявочага дударскага гурта — зусім не фікцыя. Бо поспех залежыць не ад полу музыкантаў, а ад іх таленту. А ў гурту «Rasaliа» ён відавочны: слухачоў захапляюць цудоўныя аранжыроўкі, індывідуальнае выканаўчае майстэрства і прыгажосць дзяўчат. «Такога няма нідзе» — паўтараем услед за Лявонам Вольскім!

«LitvinTroll»


Адной з нечаканасцяў гэтага дня фэсту стаў гурт «Testamentum terrae», які прадстаў як у традыцыйным дудовым гучанні, так і ў рок-версіі. Аб мэтах такой эвалюцыі распавядае кіраўнік «Testamentum terrae» Юрась Панкевіч: «На гэтым фэсце мы выступілі ў дзвюх праграмах. Адну мы стварылі па запісах вядомага фалькларыста М. Федароўскага, і слухачы яе ўжо добра ведаюць. Гэтыя кампазіцыі ўвойдуць у другі наш альбом «А ў стольнай Вільні», які будзе прысвечаны музыцы шляхецкага падворка. Паводле дэвізу сёлетняга фэсту «Псіха-дуда-драйв», мы падрыхтавалі некалькі песень і ў рок-аранжыроўках. Гэта кампазіцыі «Конунг», «Па саду, саду» і знаёмая слухачам «Полька» ў новай аранжыроўцы. Гэта сюрпрыз нашым прыхільнікам і, спадзяюся, ён ім спадабаецца!»

Юрась не памыліўся: тыя, хто ў гэты дзень наведаў «Дударскі фэст», з вялікім задавальненнем сустрэлі стылістычныя эксперыменты гурта і аддалі належнае яго харызматычнаму лідэру Юрасю Панкевічу.


Маладую плынь гуртоў напрамку «псіха-дуда-драйв» прадстаўлялі такія розныя каманды, як «UNIA» і «Кашлаты Вох». Удзельнікі першага калектыву не толькі змянілі дызайн сваіх сцэнічных касцюмаў, але і значна пасталелі прафесіянальна і выканаўча. Гэта было заўважана слухачамі, якія ад душы віталі малады і энергічны гурт. Тое ж можна канстатаваць і адносна «Кашлатага Воха», удзельнікі якога абралі за творчае крэда панк-рок у спалучэнні з дудовай музыкай. Эпатажны імідж музыкантаў, у прыватнасці, яго фронтмэна Вячкі Красуліна (дуда, вакал, блок-флейта, ударныя, варган), экспрэсіўныя паводзіны на сцэне спачатку прывялі слухачоў у ступар, але потым «Кашлаты Вох» здолеў захапіць іх увагу з дапамогай музыкі — кампазіцый «Цёпла на двары», «Рэклама», кавера на песню «Neuro Dubel» «Машына»...

Калі казаць пра хэдлайнераў «Дударскага фэсту–2010» — гурты «Стары Ольса», «LitvinTroll», «ZNICH», — то іх праграмы не вылучаліся нейкай навізной: гучалі знаёмыя хіты, якія зноў і зноў прыводзілі ў захапленне слухачоў незвычайнасцю гучання, феерычнасцю аранжыровак, віртуознасцю выканання. Іх поспех і творчыя здабыткі, як і дасягненні іншых дударскіх гуртоў і капэл, сведчаць пра тое, што мэты «Дударскага фэсту» і яго ініцыятараў дасягнуты — беларуская дударская школа набыла рэальныя абрысы. І гэта, па агульнаму назіранню слухачоў, майстроў і музыкантаў-дудароў, неаспрэчны факт!
 

Каментаваць