Калядаванне: жывая каштоўнасць Беларусі

Абыход двароў, рытуальныя застоллі, моладзевыя вечарынкі, гульні ды ігрышчы — гэта ўсё беларускія Каляды. Жывая традыцыя народу, якую можна пабачыць на ўласныя вочы.

У праваслаўных калядныя абыходы прымяркоўваліся найчасцей да Раства (7 студзеня) і Шчодрага вечару (13 студзеня), у каталікоў — да Раства (25 снежня) і свята Трох каралёў (6 студзеня). Агульная тэндэнцыя — чым далей на поўдзень краіны, тым багацейшы калядны абыход.

Цяпер часта пачуеш слова «калядоўшчык» для наймення чалавека з гурта тых, што абыходзілі вёску на свята. У той жа час ёсць варыянт, які больш адпавядае беларускаму словаўтварэнню — «каляднік». Калі пагартаць том акадэмічнай серыі «Беларуская народная творчасць», прысвечаны зімовым песням, то найменне «калядоўшчыкі» знойдзем у тэкстах з памежжа Віцебшчыны, Пскоўшчыны і Латгаліі. «Каляднікі» сустракаюцца ў песнях з Паўднёвай Беларусі. У адной песні з-пад Верхнядвінску пабачым варыянт «калядоўнікі».

Калядныя абыходы захаваліся ў жывой традыцыі, можна паехаць і пабачыць іх на ўласныя вочы, а калі пашанцуе, то і далучыцца.

Калядаванне ў в. Пагост Жыткавіцкага р. 7.01.2014. Фота Алены Ляшкевіч

7 студзеня ходзяць з зоркай. Выконваюць песні для гаспадароў, якія за гэта даюць каляднікам падарункі.

13 студзеня — бадай кульмінацыя беларускага калядавання. У гэты дзень калядуюць у розных раёнах, некаторыя звычаі за сваю адметнасць нават атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а абрад «Цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Калядныя Цары ў в. Семежава Капыльскага р. Фота з сайту livingheritage.by

Абыход двароў у Семежаве здзяйсняе гурт маладых мужчын, што разыгрываюць драму «Цар Максіміліян». Даследчыкі лічаць, што гэта тэатралізаванае відовішча «вырасла» з лялечнай батлейкі, а тая, у сваю чаргу, увайшла ў народны побыт праз спектаклі іезуіцкіх навучальных устаноў. Недалёка ад Семежава, у вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна (дарэчы, радзіма слыннага этнографа Аляксандра Сержпутоўскага) паказ батлейкі спалучаўся са спектаклем самадзейных актораў.

Шчадраванне ў в. Восава Салігорскага р. 13.01.2013. Фота Алены Ляшкевіч

Яшчэ адна нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі – шчадрававанне ў вёсках Рог і Восава Салігорскага раёна 13 студзеня. На першы погляд, яно праходзіць па класічнай схеме, распаўсюджанай па ўсёй паўднёвай Беларусі: у калядным гурце — каза, мядзведзь, журавель, конь, дзед і баба, цыган і цыганка.

Шчадраванне ў в. Восава Салігорскага р. 13.01.2013. Фота Алены Ляшкевіч

Адметная маска Дзеда, зробленая ў выглядзе шапкі з бяросты ў форме цыліндру, з адтулінамі для вачэй і носа. Дзед ходзіць з кіем, якім грукае ў столь кожнай хаты, «шукаючы грошы» (зычачы такім чынам гаспадарам багацця).

Калядаванне «Куры» ў в. Віркаў Клічаўскага р. Фота з сайту livingheritage.by

У Клічаўскім раёне 13 студзеня праходзіць дзіцячы абрад калядавання «Куры» (так завуць удзельнікаў абыходу), які таксама мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Калядаванне «Цыганы» ў в. Віркаў Клічаўскага р., 2015 г. Фота Жаны Ачыновіч.

У Клічаўскім раёне асобна ходзяць дарослыя гурты — «цыганы».

У Давыд-гарадку 13 студзеня праходзіць карнавал «Конікі». Традыцыйна «конікаў» рабілі, прывязваючы мужчыне спераду і ззаду па кошыку і накрываючы іх посцілкай. Цяпер можна сустрэць самых розных персанажаў, вобразы пазычаюцца з дзіснэеўскіх і савецкіх мультфільмаў, фільмаў жахаў і г. д.

У в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р. абыходзячы вёску гурт носіць гарбуз на палцы з запаленай унутры свечкай.

Шчадраванне ў в. Дзятлавічы Лунінецкага р. 13.01.2014. Фота Алены Ляшкевіч

Гурты каляднікаў рознага ўзросту спантанна збіраюцца ў шматлікіх вёсках і гарадах, пераважна на поўдні Беларусі.

Калядаванне ў в. Перасудавічы Бярозаўскага р. 13.01.2015. Фота Алены Ляшкевіч

Разам з традыцыйнымі абыходамі двароў можна пабачыць нават калядаванні па тэлефоне.

Праваслаўныя каляды завяршаюцца Вадохрышчам 19 студзеня, калі па ўсёй Беларусі праходзіць асвячэнне вады і купанне ў палонках. Між тым, не ўсюды Каляды сканчваліся гэтай датай. Яшчэ 2-3 дні лічыліся «пераходнымі» ў некаторых раёнах на памежжы Магілёўскай і Мінскай абласцей і па лініі Жлобін-Светлагорск-Петрыкаў у Гомельскай вобласці.

Абрад «Цягнуць Каляду на дуба» ў в. Новіны Бярэзінскага р. 21.01.2013. Фота Алены Ляшкевіч

Адметныя провады Каляд захаваліся ў жывой традыцыі вёсак Новіны і Чыжаха Бярэзінскага раёна. Абрад «Цягнуць Каляду на дуба» ў Новінах мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. У выглядзе Каляды выступае ўпрыгожаны сноп, які зацягваюць на дуб за вёскай, такім чынам завяршаючы святочны перыяд.



Каментаваць