Калядкі ад Польскага Інстытута ў Мінску (фота)

Польскі Інстытут у Мінску пры падтрымцы фірмы Energa S.A. 13 студзеня запрасіў мінчукоў у дзіцячую філармонію (рэканструяваную былую Святадухаву царкву) на плошчы ля Ратушы на традыцыйную паслякалядную імпрэзу.

У гэты раз палякі запрасілі ў Мінск знакаміты сямейны джазавы гурт Паспяшальскіх, з іх самай папулярнай праграмай «Калядкі Паспяшальскіх». Распрацаваная яшчэ ў 1993 годзе і ўдасканаленая ў 2000-м — найпапулярнейшае канцэртнае шоў — яна ўяўляе сабою джазавую апрацоўку калядкавых матываў. Яе з захапленнем прымалі слухачы ўжо амаль ва ўсіх краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Зараз яе пачулі мінчукі — і былі шчыра ўсцешаныя.


На чале сямейнага гурта (усе паўтары дзясяткі музыкаў — Паспяшальскія, або па паходжанні, або па шлюбе) — неардынарная асоба, Ян Паспяшальскі, музыка, кампазітар, журналіст, тэлевядоўца. Удзельнік знакамітых «Чырвоных гітар». Аўтар самай сур’ёзнай польскай газеты «Rzeczpospolitа», вядоўца праграм на тэлевізіі — TVP1 і TVP2, стваральнік фільма пра катастрофу самалёта прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага пад Смаленскам у 2010 годзе.

Але ўсё ж галоўнае ўчора было — музыка — захапляльная, шчырая, бязмежная. Прапануем вам фотарэпартаж з імпрэзы.



Абмеркаванне:

  • З-пад Менску
  • 2018-01-14 18:29:48
Як можна граць у храме?! Вярніце царкву ўніятам!

Каментаваць