Калядна-сямейны канцэрт Вайцюшкевіча (фота, відэа)

Зміцер Вайцюшкевіч даў калядны канцэрт, запрасіўшы спець з ім гурт NAVI і шматлікіх дзяцей, што наведалі імпрэзу. Выступ піярыўся як мерапрыемства для ўсёй сям’і.

Увечары 7 студзеня мінскі ДК Шарко проста ламіўся: быў поўны партэр і нават амаль запоўнены балкон. Сярод наведвальнікаў — паэт Уладзімір Някляеў з жонкай Вольгай, сям’я журналістаў і грамадскіх дзеячаў Глеба Лабадзенкі і Таццяны Шапуцькі, праваабаронца Ганна Шапуцька, экс-пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, вядучая курсаў «Мова нанова» Алеся Літвіноўская, кандыдат у прэзідэнты 2010 года Алесь Міхалевіч з сям’ёй, музыка Андрусь Такінданг, этнахарэограф Мікола Козенка. Працаваў аператар Белсата Аляксандр Баразенка, вядомы праз леташні судовы пераслед.



Шмат людзей прыйшло ў адзенні з вышыўкай, апрануўшы так жа і дзяцей. Зміцер Вайцюшкевіч заклікаў прыходзіць на канцэрт сем’ямі, таму ў зале дзяцей было вельмі шмат, нязвычна для «дарослых» канцэртаў. Сталым наведвальнікам абяцалі зніжкі на наступную імпрэзу, трэба было толькі запоўніць анкету на выхадзе.




Зміцер Вайцюшкевіч выконваў песні на калядную тэматыку на словы Уладзіміра Някляева, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага. Некалькі песень упершыню прагучалі ў канцэртным выкананні. Канцэртная версія «Калядкі» на словы Уладзіміра Някляева адрозніваецца ад прэзентаванай «шырокім масам» на Youtube. Мне падалося, што ў канцэртным варыянце цікавейшая аранжыроўка. Нязвычна аранжыраванай была і песня «Бывайце здаровы, жывіце багата».

На некалькі песень Зміцер Вайцюшкевіч запрасіў на сцэну дзяцей, падпяваць і падтанцоўваць.


 Выходзіў таксама гурт NAVI, які выканаў разам са Змітром Вайцюшкевічам песню «Я люблю бярозку» на словы Адама Русака. «Цярпіце, антракту не будзе», — сказаў Вайцюшкевіч і пайшоў пераапранаць кашулю. Арцём і Ксенія тым часам выканалі яшчэ дзве песні.

Завяршыўся канцэрт песняй «SOS» па просьбе сына арганізатара, Зміцера Безкаравайнага.

Уладзімір Някляеў падзяліўся з «Новым часам» уражаннямі: «Сённяшні выступ Змітра Вайцюшкевіча сапраўды калядны, святочны. Было вельмі ўтульна, у першую чаргу праз тое, што зала не проста сядзела, заплаціўшы за квіткі, а ўдзельнічала. Усё было па-беларуску, па-сямейнаму. Вельмі добра працавалі музыкі. З улікам малой колькасці часу на рэпетыцыі, я мяркую, праграма ўдалася, і ў лепшай зале, з лепшай акустыкай будзе гучаць яшчэ лепш. Віншую ўсіх, хто быў на гэтым канцэрце. Хто не быў — таксама віншую з Калядамі! Жыве Беларусь!».

Фота і відэа Арцёма Лявы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць