Калядныя зоркі з намі

7 студзеня адбудзецца святочны канцэрт на свята Божага нараджэння і прэзентацыя дыску «Калядныя песьні Данчыка» з удзелам зорак акустычнай музыкі Таццяны Беланогай, Зміцера Бартосіка, Андрэя Хадановіча, Эдуарда Акуліна, Андрэя Плясанава, Аляксея Галіча.

7 студзеня адбудзецца святочны канцэрт на свята Божага нараджэння і прэзентацыя дыску «Калядныя песьні Данчыка» з удзелам зорак акустычнай музыкі Таццяны Беланогай, Зміцера Бартосіка, Андрэя Хадановіча, Эдуарда Акуліна, Андрэя Плясанава, Аляксея Галіча.


Каляды, бадай, самае ўлюбёнае свята для ўсіх людзей зямлі. Калі нехта можа не заўважыць, напрыклад, Дзень Радыё ці нават чыйсьці дзень нараджэння, дык забыць пра Каляды проста немагчыма: людзі збіраюцца разам, танчаць, гуляюць у калядныя гульні, спяваюць (ці проста слухаюць) калядныя песні.

Беларусам на Каляды пашанцавала нават двойчы, бо наша поліканфесійнасць прывяла да таго, што свята Божага нараджэння святкуецца і паводле старога календара, і паводле новага. І вось 7 студзеня мінскі Палац ветэранаў запрашае на неверагодны акустычны калядны канцэрт, які да ўсяго іншага будзе і прэзентацыяй унікальнага фанаграфічнага выдання — CD Данчык «Калядныя песьні». Унікальнага таму, што раней (гадоў 15 таму) выходзілі толькі касеты з такой праграмай, а цяпер сучасныя тэхналогіі дазволілі падрыхтаваць адпаведны часу прадукт, які змясціў не толькі два дзясяткі песенных шэдэўраў, але і жывыя відэазапісы знакамітага спевака, якога
называюць «Залаты беларускі голас з Амерыкі».

Як вядома, у беларускай традыцыі сімвалам гэтага свята стала Калядная Зорка (пра яе і многія песні). Дык вось, і на канцэрце гэтым збяруцца сапраўдныя зоркі беларускай поп- і рок-музыкі, бардаўскай, каб ушанаваць песняй Калядную Зорку.

Калі ў двух словах пра артыстаў, дык пераможцу шэрагу еўрапейскіх фестываляў акустычнай рок-музыкі Таню Беланогую беларусы ведаюць найперш па альбомах «Дзьвюхкроп’е» і «Ніткі», якія займалі месцы ў хіт-парадах, траплялі на тэлевізію. Бартосік і Хадановіч прывабліваюць найбольш аматараў сцёбных песенных фельетонаў, у той час як Плясанаў (а ў яго 6 альбомаў) заслужана атрымаў у прэсе тытул «лепшага пасля
Мулявіна рок-меладыста Беларусі».

Некалькі альбомаў выдаў і тонкі лірык, кароль бардаўскага жанру і паэзіі Э.Акулін, а вось унікальнаму таленту Аляксея Галіча ўдалося пакуль прабіць толькі папулярныя складанкі сярэднявечнай музыкі кшталту «Легенды Вялікага Княства», «Medieval», хоць дыяпазон ягонага вакальнага таленту заслугоўвае паўнафарматных аўтарскіх альбомаў.

У фае канцэртнай залі можна будзе таксама паглядзець поўную дыскаграфію ўсіх гэтых артыстаў, а нешта і набыць на памяць аб цудоўным свяце. А ўсім дзеткам арганізатары абяцаюць падарункі ад Святога Мікалая, заўсёднага патрона Калядаў!

Канцэрт адбудзецца, нагадваем, 7 студзеня ў мінскім Палацы культуры
ветэранаў (вул. Я.Купалы, 21) у 19.00. Даведкі па тэл. 649 08 88.

Усім дзеткам падарункі ад арганізатараў і Святога Мікалая!
Даведкі: 6490888. Кошт квіткоў ад 25 000 да 45 000.

Вітаўт Мартыненка

Каментаваць