Каляндарны год: творчыя жанчыны Беларусі прад’явілі фотапропуск у беларускую літаратуру

Не так даўно Сяргей Балахонаў змясціў у сваім блогу аналіз фотаздымкаў пісьменнікаў з усяго свету. Ён даводзіў, што, пазіруючы перад камерай, літаратары прымаюць адны і тыя ж заштампаваныя паставы — «за працоўным сталом», «у задуменні», «з цыгарэтай...» Напрыканцы 2010 года прынамсі ў беларускай літаратуры поз паболела — выйшаў з друку «Сучасны беларускі каляндар».



Не так даўно Сяргей Балахонаў змясціў у сваім блогу аналіз фотаздымкаў пісьменнікаў з усяго свету. Ён даводзіў, што, пазіруючы перад камерай, літаратары прымаюць адны і тыя ж заштампаваныя паставы — «за працоўным сталом», «у задуменні», «з цыгарэтай...» Напрыканцы 2010 года прынамсі ў беларускай літаратуры поз паболела — выйшаў з друку «Сучасны беларускі каляндар». Праект выпушчаны рэкламнай агенцыяй «Іксілент» лімітаваным накладам і змяшчае выявы 12 прыўкрасных дам, дзейнасць якіх так ці іначай звязаная з пісьменствам.

(На здымку: Нават у гламурным «Сучасным беларускім календары» Святлане Бень удалося захаваць свой знакаміты рэтра-шарм. Памятныя для яе дні чэрвеня — месяца, які яна прадстаўляе, хочацца пералічыць цалкам: «4 чэрвеня 1783 года: першая дэманстрацыя паветранага шару братоў Мангальф’е. 20 чэрвеня 1840 г. Самюэль Морзэ запатэнтаваў тэлеграф. 8 чэрвеня: Сусветны дзень акіянаў». Паводле http://excellent.by)


  Месяцы праекту ўвасобілі стваральніцы масавай рускамоўнай літаратуры Тамара Лісіцкая, Дыяна Балыка, Яўгенія Пастэрнак, Ганна Альхоўская, Наталля Батракова, Вольга Тарасевіч, Алена Ярмаловіч, беларускамоўныя паэткі Вольга Гапеева, Віка Трэнас і Валярына Кустава, а таксама бард Вольга Акуліч і фронтвумэн фрык-кабарэ «Серебряная свадьба» Святлана Бень. 

Гэты каляндар — далёка не першая спроба ўцялесніць сучасную культуру Беларусі.

Можна канстатаваць своеасаблівы фота-відэа-бум у сферах, якім раней такога кшталту выхады ў масы былі неўласцівыя. Чым так вылучаецца на фоне падобных праектаў каляндар выдавецтва «Іксілент», што пра яго гавораць найболей?

Эстэтыка цкавання

Найперш, «Сучасны... каляндар» — першы іміджавы праект беларускай культуры, які ўдала скарыстаў прынцыпы віруснага маркетынгу. Да яго выхаду выдаўцамі не было апублікавана ніводнага прэс-рэлізу. У гэтым проста не было патрэбы — інфармацыя пра меркаваны праект была даведзеная да масаў больш эфектыўным чынам. Здымкі пачаліся яшчэ ў верасні 2010 года, і амаль усе мадэлі апублікавалі ў інтэрнэт-дзённіках і сацыяльных сетках чарнавікі фотасесій. Асаблівую ўвагу прыцягнуў блог Тамары Лісіцкай, дзе жанчына змясціла здымкі сябе аголенай. Інтымныя месцы былі прыкрытыя плюшавымі мядзведзікамі.

Падкрэслівалася, што кожная ўдзельніца праекту выбірала сабе антураж на свой густ. Журналісты не маглі за гэта не ўхапіцца. Прэса палічыла праект скандальным, а каляндар — эратычным.

Масла ў агонь падліў прома-ролік календара, які быў змешчаны ў сеціве «выпадкова». У ім, насуперак таму, што гаварылася раней (а сцвярджалася, што «Каляндар» аб’яднаў самадастатковых, самарэалізаваных жанчынаў) прагучала «Честная женская песня» Святланы Бень, у якой быў намаляваны цалкам супрацьлеглы вобраз удзельніцы праекту: «Я хочу жить с тобою в шалашике, делать борщик тебе и точить для тебя карандашики...»

На досвітку папулярнасці «Серебряной свадьбы» Бенька выконвала гэту песню ў адным сэце з пародыямі на творчасць Надзеі Кадышавай — пад рогат сталічных хіпстэраў і ім падобнай публікі. Дзіўна было пабачыць, што словы іранічнай песні цяпер успрымаюцца літаральна.

Але самым прыкрым элементам рэкламнага вірусу стала мэтанакіраванае цкаванне крытыкесы Ганны Кісліцынай. Дзеля рэкламы агенцыя «Іксілент» спланавала медыйную атаку ў адказ на яе нарыс «Як я здымалася для календара», змешчаны ў «Звяздзе». У ход пайшлі калектыўныя лісты, пагрозы судом і інтэрнэт-сваркі. На жаль, сёння з дакладнасцю можна сцвярджаць, што пісьменніц, якія ўдзельнічалі ў календары, папрасілі падняць як мага болей шуму. І тыя ахвотна пагадзіліся. Карыстаючыся дадзеным Богам літаратурным талентам, многія з іх змясцілі ў сваіх блогах абрАзы на адрас Кісліцынай. Адна з літаратарак нават стварыла сабе дзённік у інтэрнэце спецыяльна для гэтай мэты.



Апошняе слова ў абарону каляндарнага гонару ад беларускай літаратурнай крытыкі сказала Дыяна Балыка. Яна спарадзіравала эстэтыку порнафільмаў, запісаўшы відэазварот да беларускай нацыі. Літаратарка гаварыла пра свабоду творчасці, лежачы аголенай у поўнай пены ванне. Пасля гэтага слова «эратычны» са згадак пра жаночы каляндар неяк незаўважна знікла...

Можна, канешне, меркаваць, што такі сумнеўны розгалас — не свядомая стратэгія, а памылка рэкламшчыкаў, але кансультант па піяры Андрэй Эзерын мяркуе, што такі вэрхал не мог быць выпадковым. Бо з гледзішча маркетынгу, «вірус — гэта ўсё тое, што імгненна распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Відэа, фота, тэкст — няважна. Значэнне мае толькі вынік». Мяркуючы па тым, што пра фрывольна апранутых пісьменніц спрачаліся з куды большай жарсцю, чым пра цалкам аголеных баскетбалістак, чорны піяр атрымаўся.

Этыка білінгвізму

Другой нагодай жарсна абмяркоўваць календарыстак стаў незразумелы выбар мадэляў. Апроч таго, праект зрабіў новы, нечаканы разрэз узаемаадносін руска- і беларускамоўнай культуры Беларусі.

Сучасную літаратуру агулам можна падзяліць на масавую і нямасавую. Тым, хто сочыць за айчынным літаратурным працэсам, вядома, што масавая літаратура па-беларуску — у стадыі зародку, і яе прадстаўляе вельмі вузкае кола аўтараў. Буяе некамерцыйная, у тэрмінах кіно — «аўтарская», «фестывальная», «артхаўзная» беларуская літаратура. Рускамоўных літаратараў такога плану ў Беларусі, наадварот, меншасць. Затое багата камерцыйных аўтараў, якія ствараюць масавае чытво для расійскага рынку.



  У самых першых навінах, датычных праекту, гаварылася, што месяцы ўвасобяць самыя цікавыя сучасныя беларускія пісьменніцы. Але калі праект быў гатовы, выявілася, што большасць удзельніц — рускамоўныя і... нецікавыя. Канфуз: выявілася, Алена Ярмаловіч піша... рэфераты на замову!!! Найбольш рэзка на гэта зрэагаваў культуролаг Максім Жбанкоў: «Запрашаць беларускамоўных пісьменніц на пустыя месцы толькі таму, што не хапіла тых, хто піша па-руску? І сумна, і смешна». 

Асабліва цынічна ў гэтым святле выглядае тое, што стваральнікі прысвяцілі «Каляндар» году роднай мовы.

Яны яўна чыталі творы сваіх мадэляў, бо ў календары прыкладаў жаночай творчасці не надрукавалі. Інакш стаў бы відавочным кантраст паміж удзельніцамі. Затое дзяўчаты — кожная на «сваім» месяцы падпісалі знакавыя для сябе дні. Розніцу відаць нават тут. Вольга Гапеева: «19 жніўня. У 1936 годзе расстралялі Ф. Гарсію Лорку». Яўгенія Пастэрнак: «30 октября. День автомобилизма. Мужчина, помни! Женщина такой же водитель, как и ты! Только красивый».

Сяброўства паміж двума лагерамі не атрымалася, відаць, яшчэ і таму, што Гапеева, Трэнас і Кустава Кісліцынай не цкавалі.



Такім чынам, з самага пачатку «Сучасны беларускі каляндар» быў расцэнены беларускай крытыкай як імкненне масавай літаратуры да іміджу элітарнай, а рускамоўнай — да статусу беларускай. Аказваецца, лічыцца беларускім літаратарам — гэта прэстыжна. Хаця масавым пісьменніцам варта было б ведаць, што ад згадкі пра «белліт» масы бягуць, як ад чумы.

І яшчэ адну віну інкрымінавалі рускамоўным паненкам з календара апаненты ў інтэрнэце. Дзень урачыстай прэс-канферэнцыі з нагоды выхаду тыя прызначылі на 23 снежня — калі Мінск быў фактычна ахоплены жалобай з нагоды папярэдніх падзей, а месцазнаходжанне іх калегі Валярыны Куставай не было вядомым. Як выявілася, у такія дні чытачы чакаюць ад творчых людзей калі не адкрытай рэакцыі, то хаця б маўклівай салідарнасці з пацярпелымі. Неразуменне грамадзянскай місіі літаратуры выявілася яшчэ адной прыкметай масліту.

Ідэалогія фоташопу

І, нарэшце, апошнім важным прадметам спрэчак стаў візуальны шэраг праекту. Як выславіўся наведнік кнігарні «Ў», гартаючы «Каляндар»: «Не бывае непрыгожых жанчын — бывае мала грыму».

Жанчыны на старонках календара не маюць узросту. І 20-ці, і 40-гадовым сёстрам-месяцам — усярэднены трыццатнік. У агенцыі «Іксілент» хваляцца тым, што дазволілі літаратаркам абраць свае вобразы самім. У выніку — хто на што вучыўся — дамы прынеслі ўласныя апранахі, і біжутэрыю, і ў 75% з іх яны апынуліся аднатыпнымі: атлас, блёсткі, стразы, перліны... Макіяж накладзены цудоўна, сукенкі сядзяць выдатна... А сэнс?

 



Максім Жбанкоў сцвярджае, што ў справе візуалізацыі беларускай літаратуры «Сучасны беларускі каляндар» — «крок назад»: «Ён грае банальнымі кодамі і ўзнаўляе прадказальныя вобразы. Гюльчатай, пакажы плечыка! Зацёртая да дзірак замануха для натоўпу, які звычайна прымае любое стварэнне ў спадніцы (або без) як аб’ект эратычнага спажывання».

Мастацтвазнаўца Ганна Родзіна лічыць «атласных паненак» пошлымі: «Я апантаная стэрэатыпам, што творчы чалавек не можа асацыявацца з безгустоўнасцю, што на публіцы ён больш, чым «дзеці-бусікі-роды-дабрабыт». Я думала, мяне пазнаёмяць з сучбеллітам, а мяне пазнаёмілі з філіялам жаночага інтэрнэт-форуму».

Адзінае суцяшэнне: каляндар радуе выдатнай паліграфіяй друкарні «Поліпрынт». З упэўненасцю можна сказаць: на ТАКОЙ паперы літаратарак у Беларусі яшчэ не друкавалі.

-----------------------------------------------------------------------------------------------

Даведка

У мінулыя гады пабачылі свет «вечныя» календары «Шчыры рок-н-рол» (творчае аб’яднанне «Осмо»), які змясціў пад адной вокладкай твары беларускіх рок-зорак — без макіяжу і фоташопу, і «Канец словаў», дзе фатограф Андрэй Шчукін распрануў для часопіса «pARTisan» шэраг мужчын-літаратараў. У канцы 2010 года быў выпушчаны працяг апошняга з календароў — «Канец словаў: хатняя калекцыя» (чорна-белыя ню-паштоўкі пісьменнікаў у выкананні фотамастака Ігара Саўчанкі). Апроч таго, у сакавіку 2010 года ў галерэі Палаца Рэспублікі адбылася мультымедыя выстава «Горад жанчын», дзе было экпанавана больш за 30 чорна-белых партрэтаў беларускіх жанчын рознага веку і розных творчых прафесій. Не варта забывацца і на відэапраект Віталя Рыжкова «Чорна-белыя вершы» — відэаролікі сучаснай паэзіі, якія штотыдня змяшчаюцца на сайце www.budzma.org. Або, напрыклад, спорт: баскетбалісткі жаночай зборнай Беларусі пазіравалі аголенымі для фірмовага календара Фабрыкі «Спартак» на год 2010.

Каментаваць