Каманда Сербіі другі раз запар стала чэмпіёнам Еўропы па водным пола

Увечары 27 ліпеня ў сталіцы Венгрыі, Будапешце, фінальным матчам Сербія — Венгрыя завяршыўся чэмпіянат Еўропы па водным пола.



Зборная Сербіі ўпэўнена перамагла з лікам 12:7 і, як і два гады таму, стала чэмпіёнам Еўропы. Дарэчы, наступны еўрапейскі турнір 2016 года адбудзецца ў Бялградзе.

Зборная каманда Венгрыі заваявала срэбра (на мінулым чэмпіянаце яны былі трэцімі). Бронза — у каманды Італіі.

У воднае пола гуляюць не толькі мужчыны. Сярод жаночых зборных лепшай была зборная каманда Іспаніі. Іспанкі дадалі да тытула “чэмпіёнкі свету” яшчэ і званне “чэмпіёнкі Еўропы”. На другім месцы — каманда Нідэрландаў. Бронза — у венгерскіх жанчын.

Беларуская зборная на еўрапейскі турнір нават не прабілася. Сярод дванаццаці лепшых каманд Еўропы, якія змагаліся за чэмпіёнскі тытул, з постсавецкіх рэспублік былі толькі каманды Расіі (11 месца) і Грузіі (12 месца).

На жаль, ужо шмат гадоў воднае пола ў Беларусі ў заняпадзе. Хаця ў 1970–1980-я гады гэты від спорту перажываў у нашай краіне сапраўдны бум. Амаль ў кожным раённым цэнтры існавалі секцыі па водным пола. А кожная вобласць мела сваю зборную каманду. Найбольш вызначаліся каманды Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Шмат гульцоў з Беларусі абаранялі гонар зборнай СССР па водным пола.

Дарэчы, зборная СССР была адной з трох мацнейшых каманд, разам са зборнымі ЗША і Венгрыі. Вось толькі ў Венгрыі гэты від спорту па-ранейшаму прыносіць краіне медалі, а ў Беларусі пра яго амаль ніхто не ведае. Хаця ў нашай краіне дасюль існуе некалькі мужчынскіх і жаночых каманд.

Аднак, па-першае, невыразная і амаль безвыніковая гульня (шмат хто лічыць гэта вынікам адсутнасці трэнерскай пераемнасці і прафесіяналізму). Па-другое, абсалютная адсутнасць прамоцыі воднага пола (пра правядзення беларускага чэмпіянату я, напрыклад, змагла даведацца толькі патэлефанаваўшы кіраўніку федэрацыі воднага пола). І, як след, па-трэцяе, адсутнасць спонсарскай падтрымкі — у хуткім часе могуць наогул знішчыць гэты прыгожы і не вельмі стратны від спорту, які да таго ж мае даўнія пераможныя традыцыі.

Каментаваць