«Камяніца-2015»: пад знакам беларускай вышыванкі

Бадай ўпершыню грамадскі трэнд быў аператыўна падтрыманы народнымі майстрамі і гандлярамі, якія ў патрэбны час змаглі прапанаваць ахвочым вышыванкі і шмат іншага фестывальнага мерчу ў нацыянальным стылі.



У гэтым годзе Міжнародны фолк-фэстываль «Камяніца» праводзіўся ў сёмы раз. Бадай, такога пастаянства не мае ні адзін open air, які адбываецца ў краіне.

Дзве сцэнічныя пляцоўкі, што месціліся на маляўнічых ланшафтах Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, былі вельмі карыснымі як для выканаўцаў фальклору (ім была адведзена малая сцэна), так і для тых музыкантаў, якім з-за іх электрычнага гучання патрабуецца значная тэхнічная падтрымка і вялікая плыцоўка.

Перад тым як распачалася праграма «Камяніцы-2015» на галоўную сцэну былі запрашаны прадстаўнікі Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту, генеральнага партнёра фэсту — ААТ Банк БелВЭБ, якія дапамагалі ў арганізацыі «Камяніцы-2015». А ганаровы госць фэста, Народны артыст СССР і Беларусі, старшыня Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь Ігар Лучанок выказаў словы ўдзячнасці арганізатарам за тое, што такі фестываль дазваляе моладзі больш глыбока адчуць шматвекавыя карані нашай фальклорнай спадчыны. Як адзначыў Ігар Міхайлавіч, мы шчаслівыя, бо многія нацыі ўж згубілі свой фальклор, а мы яго маем і адраджаем у сучасных умовах.

У пацвержанне слоў Ігара Міхайлавіча на фальклорную сцэну выходзілі маладыя выканаўцы, якія спевамі і мелодыямі нагадалі пра прыгажосць старажытных спеваў і глыбокую філасафічнасць думак нашых продкаў. Гонар адкрыць малую сцэну выпаў дзіцячым калектывам «Folk-Rада» і «Мілавіца», якія парадавалі фальклорнымі пярлінамі — народнымі спевамі «Да ў зялёнай дуброве», вясельнай «Едуць мазуры». А вось самабытны палескі фальклор годна прадставіў гурт «Мярэжа», як выканаў шэраг бытавых і лірычных спеваў, песень каляндарна-абрадавага цыкла — «Ой, сонейка маё жаркае», «Жаль, жаль жа мне на казака». У працяг гэтым выканаўцам, на сцэну быў запрошаны фальклорны гурт беларускіх спеваў «Горынь», які выканаў праграму песень, многія з якіх былі сабраныя ўдзельнікамі калектыву пад час экспедыцый.

Гурт «Варган» прыехаў на фэст у Строчыцы з Полацка. Адразу было заўважна, што яго ўдзельнікі імкнуцца да аднаўлення аўтэнтычнасці ў спевах і ў іх інструментальных апрацоўках, такіх як «Покуць, мая покуць», «Непраўдзівая», «Галубка на вішні» ды іншых.

Галоўную сцэну адкрываў ветэран фэста «Камяніца» гурт Altanka. Музыканты разам са сваёй салісткай Дар’яй Лаўрэнц’евай нагадалі пра шырокае выкарыстанне музыкантамі струнных інструментаў: домры, бас-домры, мандаліны, гітары. У іх выкананні прагучалі ўжо знаёмыя слухачам творы паводле беларускага фальклору «Кура-рабушка», «Як на рэчцы», «Лыжка-талерка»…

Своеасаблівым адкрыццём малой фальлорнай сцэны стала выступленне «Этна-суполкі» (кіраўнік Т.Талкунова) Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. У тым, што калектыў дасягнуў значных творчых вынікаў сведчыць тое, што на фолк-сцэну калектыў выходзіў двойчы. Пад акампанемент дуды В.Касуліна (гурт «Кашлаты Вох») студэнты БДУКа выканалі шмат народных мелодый, якія яны запісалі пад час этнаграфічных вандровак.

Трэба адзначыць, што на тэрыторыі музею была створана яшчэ адна канцэртная пляцоўка, якая мела вялікі поспех у наведвальнікаў. Маю на ўвазе дзіцячую мітэрыю «Споведзь пад стрэхамі», якую тройчы за фестывальны дзень выканаў лідэр энта-гурта «Троіца» Іван Кірчук. Канцэрт адбываўся пад страхой ўнікальнага помніка беларускага драўлянага дойлідства — уніяцкай царквы ХVIII ст. з вёскі Логнавічы Клецкага раёна.

Перад пачаткам містэрыі Іван Іванавіч распавёў пра гісторыю запісу ўсяго музычнага матэрыялу «Споведзі пад стрэхамі». Таксама пра тое, што песні для гэтай містэрыі ўзяты з выдадзенага ў Галандыі дыска «Спадчына загунуўшых вёсак».

Каляндарна-абрадавая дзея ў выкананні Івана Кірчука яшчэ раз паказала, па словах выканаўцы, глыбіню і мудрасць нашых продкаў, якія пакінулі нам такую самабытную спадчыну. Ну, а сам Іван Кірчук у каторы раз здзівіў слухачоў сваім універсальным майстэрствам фальклорнага выканаўцы, актора, якасцямі шчырага і тактоўнага чалавека.

Не згасае слухацкая любоў да творчасці лідэра айчыннай медыевальнай сцэны, гурта «Стары Ольса». Іх сэт паказаў, што ўсе іх кампазіцыі хутка становяцца хітамі, якія цытуюцца і спяваюцца слухачамі. Так стала з кампазіцыямі «Літвін», «А дзе ж тыя ваяры», «Пекна ёсць кола рыцэрска», «Клецкая бітва» і іншымі творамі. Добрай традыцыяй сталі сюрпрызы ад «Старога Ольсы». Гэтым разам музыканты парадавалі апрацоўкай ў фолк-стылістыцы песні гурта Beatles Obladi Oblada, якая была ўспрынята слухачамі з асаблівым энтузіязмам і апладысментамі.

Яшчэ адзін ветэран «Камяніцы», фолк-гурт Vuraj прадставіў праграму на аснове трэцяга па ліку альбома «Раёк», які адзначаны многімі крытыкамі, як найлепшы за мінулы год. Таму музыкам прышлося ў нейкім сэнсе абараняць высокую адзнаку музычнай грамадскасці Беларусі. Але музыкантам даказваць нічога не трэба было: высокі выканаўчы ўзровень, арыгінальнае гучанне на аснове спалучэння аўтэнтыкі і сучасных формаў этнічнай музыкі, джазавых інтэрпрэтацый і вакала лідара калектыва С.Доўгушава зрабілі сваю справу. Рэакцыяй на музыку гурта слухачы пацвердзлі іх статус, як аднаго з лідэраў айчыннай фолк-сцэны. Асаблівую прыхільнасць музыканты гурта Vuraj здабылі выкананнем сваіх вядомых кампазіцый: «Ой, ляцелі гусі», «За валамі», «Гаю, мой гаю»

Гамельчане з фолк-праекта «Ягорава гара» пад кіраўніцтвам І.Архіпава ад фолк-аўтэнтыкі перайшлі да стварэння кампазіцыій, якія спалучаюцца на аснове двух-трох народных песень. Для надання сучасных рысаў сваім апрацоўкам гомельскія выканаўцы шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрныя тэхналогіі. Так адна з кампазіцый праекта была створана на аснове народных мелодый «Я скакала, я плясала» і «Бувала, не бувала». Таксама, гамельчане адзначыліся сваімі аўтарскімі прыпеўкамі, адна з якіх была прысвечана «Камяніцы».

Яшчэ адна фестывальная традыцыя — вечаровы фолк-рок-канцэрт, гэтым разам міжнародны. Першыя госці з Польшчы, гурт Dzikie Jablka адзначыўчя на фэсце разнастайнымі ўдарнымі інструментамі, якія маюць нават афрыканскае паходжанне. Але такая ўжо канцэпцыя гэтага world-music гурта: важна данесці да слухачоў прыцягальнасць і спрадвечнасць «музыкі людовай». А вось, як толькі музыкі загралі найгрыш «Мазур», дык ногі самі пайшлі ў скокі. Польскія музыканты паказалі блізкасць славянскага фольклору. У выкананні Dzikie Jablka прагучалі і шчадроўкі, і рэкруцкія песні, падобныя да нашых, беларускіх напеваў. Хоць у фальклоры кожнай краіны заўсёды ёсць свае адметнасці. Гэта падкрэслілі сваёй творчасцю польскія музыканты.

Было цікава пазнаёміцца і з творчасцю ўкраінскіх фолк-рок-музыканатаў з гурта «Дримба Да Дзиґа». Многія беларускія слухачы ведаюць хіты ўкраінскіх братоў і заспявалі іх разам з вакалісткай «Дримба Да Дзиґа», артыстычнай і пластычнай Вольгай Траян. А гэта такія кампазіцыі, як «Паравая машына», «Муха», «Каламыйка», «Біла мяне маці»…

Эстонскі этна-гурт Trad Attack! — адзін з самых тытулаваных у гэтай балтыйскай краіне. На ESTONIAN MUSIC AWARDS 2014 гурт, іх альбом і песня былі названыя лепшымі. Аснова гучання Trad Attack! сінтэз народных мелодый, заграных на эстонскай bagpipe (ці, па-нашаму, дудзе) і варгане з рок-рыфамі акустычнай дванадцаціструннай гітары. Трэба адзначыць уражваючае выканаўцчае майстрэства эстонскіх музыкантаў (такім яно было нават пры СССР) і асабліва Сандры Сілома, якая ўразіла беларусаў сваім узорна чыстым выканеннем на эстонскай дудзе, варгане і тэнар-саксафоне.

Завершыў вечаровы канцэрт гурт Znich, які выступаў на фэсце ў абноўленым складзе. Старыя хіты і новыя кампазіцыі харызматычнага Алеся Таболіча і яго каманды сталі добрай, пазітыўнай кодай для сёлятняй «Камяніцы».

Фестываль скончыўся, калі сонца ўжо зайшло за далягляд. Але нават у цемрадзі можна было ўбачыць тое, колькі дзяцей, моладзі і людзей старэйшага веку ўпадабалі беларускую вышыванку, старажытныя нацыянальныя карункі і абярэгі. Бадай ўпершыню грамадскі трэнд на нацыянальныя рысы ў вопратцы быў аператыўна падтрыманы народнымі майстрамі і гандлярамі, якія ў патрэбны час змаглі прапанаваць ахвочым вышыванкі, вышымайкі і шмат іншага фестывальнага мерчу ў нацыянальным стылі. Добры знак!

Яшчэ шмат фота з "Камяніцы–2015" глядзіце тут.

Абмеркаванне:

  • VM
  • 2015-09-07 01:16:26
Афігіцельна падрабязны разбор, які дазволіў зацеміць нават прапушчанае тымі, хто там быў. Адзін нюанс: украінскі гурт меў на афішах афіцыйную назву "Дримба Да Дзиґа". Мы з Анатолем у
2006 вярнулі літару " ґ " ва ўжытак у сваёй кнізе "222 альбомы беларускага року", а ў 2008 украінцы афіцыйна ўвялі яе ў альфабэт. Час і нам вярнуць сам гук роднай мовы
ад калгаснага да эўрапейскага.
  • А.м.
  • 2015-09-07 13:53:45
VM, сапрауды маеце рацию. На сайце http://mialguj.ucoz.org/news/kamjanica_2015_pad_znakam_belaruskaj_vyshyvanki/2015-09-07-98 ужо вярнуу карэктную лiтару у назве украiнакала гурта.
  • Адольф Алаізавіч
  • 2015-09-07 01:25:37
"Забароненых", як я разумею, не было.
  • Zonen Party
  • 2015-09-07 01:33:51
Жанчына, што гандлявала кветкамі, ажно плакала, чаму на "Камяніцу" перасталі пускаць выдатнага вакаліста Зьмітра Вайцюшкевіча. Не разумела пэўна, што ў краіне ёсць тактыка
"забароны на прафэсію". Душаць самых таленавітых.
  • Ірына
  • 2015-09-07 14:22:29
Дзякуй за агляд!

Як удзельніца "Ягоравай Гары" крыху ўдакладню: "гамельчане адзначыліся сваімі аўтарскімі прыпеўкамі, адна з якіх была прысвечана «Камяніцы»" - прыпеўкі ў нас не
аўтарскія, а народныя, а для прысвячэння кампазіцыі фэсту мы крыху змянілі словы.

Каментаваць