Канцэрт «Прамень Сонца» скончыўся шэсцем людзей у залатых скафандрах

Піт Паўлаў выканаў абяцанне, дадзенае ім на сваім сольным канцэрце ў «Арт Сядзібе» — 17 мая N.R.M. упершыню пасля вяртання «чорнага спісу» выступілі на вялікай пляцоўцы ў Мінску. Акрамя іх у канцэрце «Прамень Сонца» паўдзельнічалі гурты Paprika Korps, AMAROKA і DJ Laurel.



Піт Паўлаў выканаў абяцанне, дадзенае ім на сваім сольным канцэрце ў «Арт Сядзібе» — 17 мая N.R.M. упершыню пасля вяртання «чорнага спісу» выступілі на вялікай пляцоўцы ў Мінску. Акрамя іх у канцэрце «Прамень Сонца» паўдзельнічалі гурты Paprika Korps, AMAROKA і DJ Laurel.

Дабрачынны канцэрт быў прымеркаваны да «Ночы музеяў», таму прайшоў уначы і мусіў адбывацца ў незвычайным месцы — закінутым цэху завода «Гарызонт», дзе некалькімі месяцамі раней праходзіла выстава «Радыюс Нуля». Але, як звычайна бывае з канцэртамі, у якіх запланаваны удзел «забароненых» гуртоў, правесці выступ на «Гарызонце» не атрымалася з «тэхнічных прычынаў». На гэты раз арганізатары прадбачылі такі сцэнар і прыхавалі запасны варыянт — канцэрт перанеслі ў «R-club» на гадзіну пазней.



Пакуль непраінфармаваныя гледачы цёмнымі мінскімі вуліцамі падцягваліся ў новае месца, Піт Паўлаў расказаў, што такая камбінацыя планавалася ад пачатку, аб’явіў выступоўцаў і саступіў месца DJ Laurel. Публіка патроху запаўняла пакуль яшчэ напаўсонны клуб, а тым часам пад гукі дыджэйскіх міксаў да выступу рыхтаваўся адзін з легендарных польскіх рэгі-гуртоў — Paprika Korps. У хуткім часе натоўп ужо на ўсю моц танчыў пад сонечнае рэгі — часам здавалася, што падлога вось-вось праваліцца.



Беларускім «каліфарнійскім панкам» AMAROKA не пашанцавала больш за ўсіх. З-за дэфіцыту часу iм удалося адыграць толькі тры песні, праўда і завесці публіку ў іх атрымалася лепш, чым у астатніх — пад сцэнай пачаўся сапраўдны «замес», і нават наступны легендарны выступоўца не здолеў падтрымаць актыўнасць публікі на тым жа ўзроўні.



Пачаўшы старымі гітамі, N.R.M. разагрэлі публіку і паціху падвялі да прэм’ер — на канцэрце было выканана некалькі новых песень, напісаных ужо без Вольскага. Праўда, гледачы больш чакалі старога і добра знаёмага, але і навінкі не расчаравалі — на танцполе мала хто спакойна стаяў на месцы.



Напрыканцы канцэрту справа дайшла і да абяцаных сюрпрызаў. Пасля невялікага перапынку «энэрэмаўцы» выйшлі на сцэну ў залатых скафандрах: менавіта ў іх яны здымаліся ў кліпе на новую песню «Прамень». Як высветлілася, такая вопратка ў гэты дзень была падрыхтаваная амаль для кожнага наведніка канцэрта.

«А зараз апранаем скафандры!», — бадзёра скамандаваў Піт Паўлаў, у залі запалілася святло, і натоўп пачаў расхопліваць прыхаваную для яго залацістую вопратку. Праз некалькі хвілін зала літаральна ззяла сонечным святлом, а да сустрэчы сапраўднага узыходу сонца заставалася не так шмат часу.

Неўзабаве пасля выканання новай песні «Прамень» канцэрт скончыўся і ўвесь залацісты натоўп накіраваўся сустракаць сонца на галоўны праспект сталіцы. «Go to the library!», — прапанаваў нехта з замежных гасцей, і пад супольныя спевы «энэрэмаўскіх» гітоў людзі скіраваліся ў бок Нацыянальнай бібліятэкі.

Нешматлікія выпадковыя мінакі і кіроўцы аўтамабіляў захоплена глядзелі на незвычайны натоўп. Прыбіральшчыца ў пераходзе метро пільна назірала за сонечным шэсцем, церла вочы і, відаць, не верыла сама сабе.

Між спевамі песень любімага гурта народ спрачаўся наконт таго, хто ж ініцыяваў такую «дабрачынную акцыю». Ужо потым высветлілася, што натхнёны альбомам Артура Клінава « Горад СОНца» польскі мастак Павел Альтхамер вырашыў правесці арт-перфоманс — сустрэчу узыхода ў «Горадзе Сонца» людзьмі ў залатых касцюмах.

Праўда, ажыццявіць прапанаванае атрымалася не да канца. Калі натоўп ужо быў за «Маскоўскай», да людзей падбег усхваляваны Піт Паўлаў. «Усё, сканчаем, там нейкія аўтазакі, ну яго нах..й!», — выпаліў ён, і ўсе пачалі хутка здымаць свой залаты ўбор.

На шчасце, да сонечнага натоўпу аўтазакі так і не даехалі, а людзі ў залатых скафандрах раз’ехаліся ў розныя часткі гораду, пакінуўшы сабе на памяць маленечкі кавалак сонца.

Фота аўтара.


 

Каментаваць