Карункі з металу: новы салон «Артаб’ект»

Каваль у традыцыйным беларускім мастацтве — асоба значная, ледзь не культавая. Прыгадаем Паўлюка Багрыма, мастака і паэта, чыя каваная жырандоля ўпрыгожвае касцёл у Крошыне на Наваградчыне. Які панскі маёнтак абыходзіўся без кавальскай работы агароджы — на сходах або балконах, якая царква — без карункавага крыжа?



"Краты-чарот"


Аднак спецыяльнай выставачнай залі, дзе б мастакі, што працуюць з металам, здолелі прадставіць свае работы, да апошняга часу не было.

У Калядныя дні сітуацыя змянілася — па адрасе Казлова, 7, памяшканне 15, адчыніўся салон «Артаб’ект», ініцыятыва аднайменнай арганізацыі, што яднае кавалёў пад кіраўніцтвам майстра Марыі Тарлецкай. Марыя — прыгожая і надзвычай абаяльная маладая жанчына, светлая і ўсмешлівая, з першага пагляду на якую цяжка здагадацца, што яна прафесійна працуе з металам, праектуючы з цвёрдага матэрыялу то дызайнерскі вытанчаныя прадметы сучасных форм, то стылізаваныя рэтра-кампазіцыі ў вечна маладой стылістыцы мадэрну. Да кавальства Марыя прыйшла праз Акадэмію мастацтваў, якую скончыла ў 2004 годзе на аддзяленні мастацкай апрацоўкі металу. Можна было б здзіўляцца выбару дзяўчыны, каб не ведаць, што да яго вызначыла сямейная памяць — пра-прадзядуля мастачкі спраектаваў першы ў Рызе чыгунны мост праз Дзвіну, які і дагэтуль служыць людзям.

Марыя Тарлецкая

Аб’яднаныя ў прадпрыемства «Артаб’ект» мастакі сваімі працамі паспелі пакінуць след на карце сталіцы. Справа іх рук — рамонт, аднаўленне  і выраб кавальскіх агароджаў і дэкаратыўных элементаў на праспекце Незалежнасці (у супрацы з Мінскрамбудам), а таксама афармленне інтэр’ераў. Апрача грамадскіх і офісных будынкаў — гэта металічны дызайн у вядомых рэстарацыях: «Новы Нясвiж», «Мікс», «Настальгія», «7 тон», «Гасцiнец», «Маёнтак» — такіх установах, чыя атмасфера і інтэр’ер прэтэндуе на стылёвасць. Нямала мастацкіх твораў прызначаецца ў прыватныя будынкі — люстры і гардэробы, парэнчы лесвічных сходаў і ложкі. Часам цяжка паверыць, што карункавыя парасткі ці далікатныя кветкі створаны з цяжкага металу. Паколькі кавальскае рамяство — праца і практычна-бізнесовая, так і мастацкая, думаючы пра абодва аспекты, майстры прыйшлі да ідэі адкрыцця салону.

 

«Першапачатковая мэта, — кажа Марыя Тарлецкая, — прасоўванне кавалёў і іх мастацтва: я даўно працую з металам і майстрамі, якія вырабляюць з яго свае творы. І сярод іх ёсць выдатныя аўтары і цудоўныя людзі. І як не дзіўна, яны не заўсёды здольныя сябе прадставіць з-за адсутнасці хоць бы такога невялікага памяшкання для сустрэч з заказчыкамі і паказу твораў.

Сёння, акрамя маіх работ, выстаўлены працы Віктара Віталевіча Старухіна, Сяргея Еранькова, Вадзіма і Кірыла Буглакаў, Сяргея і Яўгена Дзялендзікаў».

Прадметы інтэр’ера, што экспануюцца ў салоне, спраектаваны Марыяй Тарлецкай, а выкананы ў матэрыяле названымі майстрамі, за выключэннем паасобных аўтарскіх работ, цалкам прац саміх кавалёў.

Сузаснавальніцай салона выступіла малады дызайнер Вікторыя Раманенка. А плошчы прадставіў Гарадскі маладзёвы бізнэс-інкубатар, праект КУП «Маладзёжная сацыяльная служба», мэта якога — прасоўваць і падтрымліваць моладзь, што прыходзіць у бізнэс. Дырэктар  установы Рыма Епур не толькі дапамагла новаму салону з арэндай, але адразу праявіла да мастакоў цёплую ўвагу. Дзякуючы ёй у новай выставачнай залы з’явіліся госці з замежжа, партнёры інкубатара, і перспектыва арганізаваць прэзентацыю беларускага кавальства ў Брусэлі.

У планах Марыі Тарлецкай  — выставы паасобных мастакоў і штодзённы паказ разнастайных твораў беларускіх металістаў. Вам трэба не толькі атрымаць эстэтычную асалоду ад прыгожых аб’ектаў, але і замовіць камінныя краты ці іншы каваны дызайнерскі элемент вашага жытла альбо офіса — вы жаданы госць у новым салоне «Артаб’ект». Пра сустрэчу папярэдне можна дамовіцца па тэлефоне (29)-752-48-42 (МТС).

Каментаваць