“Белкіналета–2015”: Кіно пад кроплямі дажджу

Праект “Белкіналета–2015” ад фестывалю кароткаметражнага кіно “Cinema Perpetuum Mobile” завяршыўся паказам фільмаў, якія ўдзельнічалі ў сёлетняй конкурснай праграме.



Кадр з фільму "ОБНЦБНЧА"


У дворыку за Нацыянальным гістарычным музеем на вялікім экране паказвалі анімацыйныя, ігравыя і дакументальныя стужкі ад маладых беларускіх аўтараў. 4 верасня надвор’е было сапраўды восеньскім, у другой палове паказу нават пайшоў дождж, але ён не здолеў спалохаць прагных да новага беларускага кіно гледачоў.

Фільм “Невядомы мужчына” Дзмітрыя Дзядка — спроба дакрануцца да ўнутранага свету мінскага мастака, які хаваецца пад псеўданімам А.Р.Ч. Галоўны герой — сапраўдны мастак А.Р.Ч., і ён насамрэч працуе ў моргу ды малюе звышэкспрэсіўныя, звышнеўратычныя, звышбрутальныя карціны. Аднак фільм Дзядка — не дакументальная стужка, а гульнявая сацыялка пра цяжкі ды бязлітасны побыт. Дзмітрый Дзядок паказвае шпацыры галоўнага героя ад адных індустрыяльных краявідаў да іншых, яго знарочыстых сяброў-алкаголікаў, недарэчны Новы год, а суіцыд (ці то мара пра суіцыд) на фоне прамысловага пейзажу выглядае ненатуральным фіналам.

Кадр з фільму "Шчаслівыя дні

Марыя Манакова і Дзмітрый Ляўкоўскі абралі для свайго фільма пра выпадковую сустрэчу былых ды самотных каханкаў у асеннім лесе рэдкі для айчыннага кіно жанр рамантычнай камедыі. Створаная ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва стужка “Шчаслівыя дні” не пазбаўлена вучнёўскай недасканаласці ды пэўнай ненатуральнасці, але ўражвае шчымлівай кульмінацыйнай сцэнай, што сталася безумоўнай творчай удачай. Свараць светлае ды простае, хоць і абсурднае, а таму — рэчаіснае, — складаная ды пачэсная задача.

Дакументальны фільм “Дарога да сонца” Яўгена Лыткіна і Максіма Малахава са студыі “Чырвоны баян” распавядае пра гаротны лёс правінцыйных музыкаў. Стужка грунтуецца на паказе кантрасту жыцця маладога барысаўскага гурта “SUN ROAD-21” і поспехаў сталічных герояў-музыкаў ды суправаджаецца едкімі каментарамі ад музычнага крытыка Аляксандра Чарнухі. Беларуская музычная правінцыя, як тлумачыць Чарнуха, — шэрая маса бесперспектыўных гуртоў, якія граюць другасную музыку. Дзеля таго, каб займацца толькі музыкай, удзельнікі гурта “SUN ROAD-21” вымушаны граць каверы, быць “лабухамі”. Гэта размыльвае музычнае ўспрыманне, і ўласная творчасць — пра якую музыкі мараць у першую чаргу — падаецца другаснай, няшчырай, недзе ўжо чутай. Музыкі падазраюць пра гэта, але зацята вераць у сваю зорку на небе ды бясконца рэпетуюць. На кантрасце з “SUN ROAD-21” Віталь Артыст ды ягоны “БЕЗ БІЛЕТА” збірае сталічны клуб “RE:PUBLIC” двойчы за адзін дзень. Віталь Артыст пачувае сябе добра ды ўпэўнена заяўляе, што ў Беларусі ўсё цудоўна з рок-, поп- і інды-музыкай, а Беларусь — неабсяжная радзіма талентаў. У такім кантэксце дакументальны фільм набывае рысы трагікамедыі. Самая шчымлівая сцэна ў фільме — выступ барысаўцаў у мясцовым клубе, дзе музыкі граюць каверы перад п’янюткай аўдыторыяй постсавецкага кшталту. Складаны і пакручасты пачатак шляху да славы ды вядомасці, бадай, спазналі амаль усе музыкі. Бяда ў тым, што пачатак у многіх так і застаецца пачаткам...

І шчасце” Максіма Шведа — сацыяльнае дакументальнае кіно. З пазіцыі эстэтыкі фільм на такую важную тэму, як уключанасць у грамадства дзяцей з асаблівасцямі развіцця, ацэньваць складана. Максім Швед паказвае школў, у якой звычайныя дзеткі вучацца разам з дзеткамі-аўтыстамі. Камера назірае за другакласнікам, маці распавядае пра яго ў закадравым інтэрв’ю. Споведзь маці прасякнутая надзеяй на паспяховую сацыялізацыю ейнага сына Жэні. Перыядычна ўзнікаюць цітры з вялікімі ды пафаснымі словамі (“ТРУДНО”, “ОСТАЛЬНОЕ”, “ЗАКРЫВАТЬ”), узятымі з маналогу маці. На маю думку, у кіно на такую складаную тэму не варта штучна выбіваць спагаду з гледача, бо спагада нараджаецца сама і без пафасных цітраў.

Блок айчыннай анімацыі быў прадстаўлены мультфільмамі "Вялікая Казяўка і малая Казяўка" Дзмітрыя Шастапалава, “Мульт пра вяселле” Аляксандры Падкапаевай і Марысі Тульжанковай, а таксама "ОБНЦБНЧА" Максіма Лушчыка.

Кадр з мультфільму "Вялікая Казяўка і малая Казяўка"

 

Мультфільм "Вялікая Казяўка і малая Казяўка" ад студыі імя святога Іаана Воіна з’яўляецца часткай зборніка “Для самых маленькіх”. Гэта простая гісторыя з відавочным маральным падтэкстам пра шчырасць ды сяброўства. Даросламу гледачу адзінай хібай мультфільма можа падацца менавіта гэтае маралізатарста. Аднак мэтавая аўдыторыя гэтай анімацыі — дзеткі самага маленькага ўзросту. І ў такім кантэксце гэта бездакорна прыгожы мультфільм з неверагодна яркімі фарбамі ды маляўнічымі пейзажамі, на фоне якіх знаёмства маленькай Казяўкі ды вялікай Казявы разгортваецца ў самым чароўным сусвеце.

Дакументальная гумарэска пра традыцыйнае беларускае вяселле была створана ў якасці дадатку да этнаграфічнай экспедыцыі моладзевай краязнаўчай арганізацыі "Талака" ў Брагінскі раён Гомельскай вобласці. “Мульт пра вяселле” — магчыма, першы вопыт стваральнікаў у анімацыі, таму аўтарам хочацца сказаць шчыры дзякуй за намаганні ды пажадаць творчага развіцця.

Абсалютны фаварыт вечару — анімацыя "ОБНЦБНЧА" беларуса з Санкт-Пецярбурга Максіма Лушчыка. Бездакорны анімацыйны хіт, які знаёміць гледача з некаторымі асаблівасцямі падлеткавага сталення ў постсавецкія 90-я гады. Паводле структуры мультфільм — дзесяціхвілінны альманах або “энцыклапедычны даведнік”, у якім раскрываюцца такія “тэрміны”, як “гоначкі”, “трактар”, “сшытак” ды іншыя. Кожны з “тэрмінаў” створаны ва ўласнай анімацыйнай тэхніцы — простая 3D-анімацыя, відэаздымкі, сумешчаныя з анімацыяй або наўпрост намаляваная шарыкавай асадкай “вайнушка”. У аўтара атрымалася перадаць смак постсавецкага дзяцінства, калі заходняя культура пранікала ў розумы ўчорашніх піянераў разам з фільмамі пра Рэмба ды Шварцэнэгера. Кожны сегмент зроблены сакавіта ды па-майстэрску, проста ды густоўна, вынаходліва. Менавіта такой і мусіць быць сучасная незалежная анімацыя. Пазбаўленыя любых бюджэтаў творцы эксперыментуюць ды вынаходзяць уласныя жанры, будуюць уласны анімацыйны сусвет.

Агульныя ўражанні ад фестывалю “Белкіналета” супярэчлівыя. Безумоўна, гэта цудоўная ініцыятыва па праглядзе сучаснага беларускага кіно ўсіх напрамкаў ды стыляў — ад дзіцячай анімацыі да сацыяльнай дакументалістыкі — заслугоўвае пашырэння ды развіцця. З іншага боку, мастацкі ўзровень фільмаў вельмі разнародны і дамінуе ўсё ж вучнёўства ды аўтарскае станаўленне. Таму мастацкае выказванне аўтараў не заўсёды знаходзіць паўнавартаснае суперажыванне ў гледача. Але цешыць, што новае беларускае кіно знаходзіцца ў руху, а значыць, адбудуцца і якасныя змены. 

Каментаваць