Трымаю ў руках дзве кнігі: «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і «Евангелле» на беларускай мове. Чытаю і лаўлю сябе на думцы, наколькі не хапала мне
такой літаратуры на роднай мове. І як чалавеку, што не цураецца хрысціянскага вучэння, і як дыпламаванаму філолагу.
Цяжка меркаваць, ці магла б такая літаратура на беларускай мове, з’явіўшыся ў савецкі час, істотна паўплываць на светапогляд беларуса, загнанага ў атэістычны калектыўны дом. Відаць, многае,
калі не ўсё, залежала б ад тых традыцый, якія захоўваліся ў кожнай канкрэтнай сям’і. Калі бацькі і дзяды трымаліся веры, выхоўвалі маладзейшых у духу павагі да ўсяго роднага, нацыянальнага,
то і кнігі духоўныя на роднай мове былі б на пачэсным месцы. Сёння ж можна радавацца хаця б такому стану рэчаў, што шчырая вера ў хрысціянскае вучэнне становіцца фактам асабістага выбару і не
пераследуецца ў такой ступені, як гэта было ў нядаўнім мінулым.
Я здзіўляюся тытанічнай і скрупулёзнай працы, якую здзейсніў ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Чытаючы «Родную мову ў духоўным жыцці Беларусі», я нібы далучаюся да самага патаемнага і
ўзвышальнага працэсу — да працы над Словам. Тое, як падае ксёндз Уладыслаў Завальнюк тлумачэнне слоў, як ён аргументуе свой выбар на карысць таго ці іншага тэрміна, з’яўляецца
добрым прыкладам для кожнага — быць акуратным, абачлівым са словам. Такому чалавеку верыш, з такім духоўным настаўнікам спакойна і ўпэўнена будзеш крочыць па жыцці.
![]() |
---|
Дыктоўка беларускай мовы на офісе ТБМ. 10 верасня 2008 г. |
Я паглыбляюся ў тэкст Евангелля і нібы вяртаюся да самага пачатку жыцця чалавечага, калі многае з ужо спазнанага становіцца зразумелым, ясным і простым. Сваё адчуванне ад прачытання магу параўнаць з тым станам, які настае пасля глытка чыстай крынічнай вады ў спякотны дзень. Душа ўбірае ў сябе роднае Слова, якое было ў пачатку. Чыстая, зразумелая, простая без выкрунтасаў мова, з сапраўднымі формамі імёнаў святых, а не спрошчанымі ці адаптаванымі.
Дзякуй шчыры сапраўднаму падзвіжніку ў духоўным адраджэнні беларусаў, ксяндзу Уладыславу Завальнюку за выдатны прыклад служэння сваёй справе, за бясцэнны дар — кнігу на дарагой для кожнага беларуса мове.
Алена Анісім, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ