Кніга з Гародні

У сярэднія вякі ў знак атрымання еўрапейскім горадам Магдэбургскага права на яго цэнтральнай плошчы будавалі ратушу. Але для людзей адукаваных важным знакам самадастатковасці горада была яшчэ адна рэч — ці мае горад уласную друкарню.

У сярэднія вякі ў знак атрымання еўрапейскім горадам Магдэбургскага права на яго цэнтральнай плошчы будавалі ратушу. Але для людзей адукаваных важным знакам самадастатковасці горада была яшчэ адна рэч — ці мае горад уласную друкарню.

Калі ў 2006 годзе ў Гродна Рухам «За свабоду» была заснаваная выдавецкая серыя «Гарадзенская бібліятэка», гэта стала добрай навіной для ўсіх, хто сочыць за развіццём незалежнага, самастойнага беларускага кнігадруку. Нядаўна пабачыла свет 8-я кніга серыі — «Рыцары і дойліды Гародні», аўтар якой — доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.

Зрэшты, мы паспяшаліся назваць серыю цалкам самастойнай. Гэта не бізнес-праект, выданні ажыццяўляюцца пры шчыльным супрацоўніцтве з польскімі іністытуцыямі, сама ж кніга была надрукавана ў Кракаве. Але факт ёсць фактам: у Беларусі рашуча заявіла пра сябе гроднацэнтрычная літаратура.

Хоць у кнізе нідзе не напісаны ўзрост яе асноўных адрасатаў — мы прызвычаіліся, што такія выданні прызначаны для школьнікаў. У гэтай сувязі хочацца адзначыць густоўную працу ілюстратара Паўла Татарнікава — мастака-графіка, сябра Беларускага саюза мастакоў, дацэнта кафедры графікі БДАМ. Зрэшты, калі кіравацца вядомым тэзісам, любы, хто ў Беларусі спасцігае Беларусь, — дзіця, вялікае ці малое. Таму пачытаць кнігу будзе цікава ўсім, хто неабыякавы да гісторыі гарадзенскага краю.

Кніга мае выдатна прадуманую кампазіцыю. З аднаго боку, у ёй тры раздзелы, што звужаюць аповед пісьменніка-гісторыка тэматычна: «Гарадзенскі замак», «Вялікі князь Вітаўт», «Майстар — наш продак». З іншага — праз гісторыю гарадзенскага замка, жыццяпіс Вітаўта ці апісанне археалагічных знаходак праступае гісторыя гарадзенскага краю і шырэй — старажытнага Вялікага княства Літоўскага.

Пра раздзел «Майстар — наш продак» хочацца сказаць асобна. Заснаваны на аднайменнай кніжцы А. Краўцэвіча 1990 года, ён карэктуе адну важную рэч у масавай свядомасці, якая пануе там яшчэ з савецкіх часоў. Нашы продкі не толькі зямлю аралі! Праз энцыклапедычныя выкладкі пра старажытныя вырабы са шкла, каменя, косці, жалеза, гліны вымалёўваецца побыт беларускіх гарадоў і мястэчак — Міра, Любчы, Ашмянаў, Наваградка і іншых славутых паселішчаў Гарадзеншчыны.

Асабліва мяне ўразіла апісанне такога віду народнага посуду, як рынка. Рынкі — гліняныя патэльні на трох ножках і з ручкай у выглядзе ўтулкі. Месяц таму маці купіла такую ў ГУМе. На цэтліку было напісана: «Выдатна падыходзіць для разагравання ежы ў мікрахвалёўцы». Вось вам і повязь часоў!

Кнігу «Рыцары і дойліды Гародні» можна набыць у гродзенскай кнігарні «Кнігі» (Гарнавых, 7), а таксама ў Цэнтры беларускай кнігі (Будзёнага 48а–44, памяшканне ТБШ), а таксама ў кнігарнях Мінска.
--------------------------------------------------------

Іншыя выданні «Гарадзенскай бібліятэкі»:


Ю. Гардзееў. «Магдэбургская Гародня»
Д. Бічэль «Хадзі на мой голас»
А. Карпюк «Разьвітанне з ілюзіямі»
А. Вашкевіч, С. Токць «Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху. Пётр Сяўрук»
«Зрабаваны народ. Размовы з беларускімі інтэлектуаламі»
С. Шапран «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця». У 2-х т. (выдадзена супольна з «Бібліятэкай Бацькаўшчыны»)

Каментаваць