«Кніга новага жыцця». Прысвячаецца Максіму Багдановічу

100-годдзtю адзінага прыжыццёвага зборніку вершаў Максіма Багдановіча «Вянок»была прысвечаная навукова-практычная канферэнцыя «Кніга новага жыцця», якая адбылася 26 лістапада ў  Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.



Таццяна Шэляговіч на адкрыцці канферэнцыі


У канферэнцыі, арганізаванай музеем пры падтрымцы Міністэрства культуры і сталічнага выдавецкага дому «Звязда», удзельнічалі даследчыкі творчасці паэта з Беларусі, Расіі і Украіны.

Як адзначыла дырэктарка музею Таццяна Шэляговіч, чым больш знаёмішся з творчасцю Максіма Багданрвіча, тым больш здзіўляешся глыбіні думак гэтага  маладога чалавека і магутнай энергіі яго цудоўных вершаў, якія па сённяшні дзень хвалююць і задаюць пытанне «Хто ж мы такія?». На яе меркаванне, асоба паэта вартая таго, каб пра яе напісаць кнігу «Код Багдановіча». «І калі б мы ўсе разам знайшлі гэты код, зразумелі і прынялі яго да кіраўніцтва, мы — беларусы ў сваім нацыянальным жыцці, мабуць, пераўзышлі б іншыя народы», — сказала Таццяна Шэляговіч.

Першы намеснік дырэктара Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Аляксандр Лукашанец адзначыў, што Бог даў Максіму Багдановічу незвычайны паэтычны талент, але адвёў яму вельмі кароткае зямное жыццё.

«Усю сілу свайго паэтычнага дару Максім Багдановіч аддаў беларускаму народу. Ён пашырыў дыяпазон беларускай паэзіі ад сахі і касы да самай глыбокай і высокай грамадзянскай і інтымнай лірыкі, вывеў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень. І сёння яго «Слуцкія ткачыхі», «Пагоня», «Зорка Венера», «Вераніка» і іншыя вершы не толькі застаюцца хрэстаматыйнымі творамі беларускай літаратуры, але і па праву лічацца шэдэўрамі сусветнага значэння. Разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам Максім Багдановіч выступіў стваральнікам беларускай літаратуры і беларускай мовы новага часу, пачаў распрацоўку складаных вершаваных форм, шырока распрацоўваў тэматыку і практыку мастацкага пераказу замежных твораў на беларускую мову, узнаўляў на нацыянальнай глебе творы антычных, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў, стаў адным з заснавальнікаў пейзажнай і інтымнай лірыкі, першым ў беларускай літаратуры звярнуўся да элементаў паэтыкі мадэрну і ўрбаністычных матываў. Літаратурна-крытычныя даследаванні Максіма Багдановіча шмат у чым вызначылі развіццё літаратурнай крытыкі, на дзесяцігоддзі сталі фундаментальнай асновай у вывучэнні гісторыі беларускай літаратуры ад часоў старажытнасці да XX стагоддзя», — сказаў навукоўца.     

Загадчык кафедры гісторыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша зачытаў прывітанне ад свайго сябры, прафесара Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Івана Франка (Україна) Рамана Лубкіўскага, які не змог удзельнічаць у канферэнцыі ў сувязі з падзеямі на радзіме, і перадаў музею падарункі, у тым ліку украінскае выданне «Вянку» 1929 году, выданную ў 1991 годзе ў Львове накладам у 10 паасобнікаў самвыдатную кніжку з вершамі ўкраінскіх паэтаў, напісаных пад уздзеяннем багдановічавай «Пагоні», а таксама шэраг фатаздымкаў пачатку 1970-х гадоў, зробленых у Ялце (Крым, Україна ). На гэтых здымках зафіксаваныя магіла Максіма Багдановіча, а таксама знешні выгляд і інтэр’еры дому, у якім прайшлі апошнія дні славутага паэта.

На здымках: ; удзельнікі канферэнцыі.

Каментаваць