Кніга-размалёўка «Як Васілёк выратаваў каралеўства» ўжо ў кнігарнях

Дзявятым выпускам серыі «Каляровы ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў стала кніжка-размалёўка Стасі Наркевіч «Як Васілёк выратаваў каралеўства», якая выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор».



Юнака Васіля ногі самі нясуць у пракаветны лес, аднак зайсці туды не атрымліваецца. Птушкі паведамляюць Васілю, што лес аточаны равамі, пасткамі і закляццямі: тут знаходзіцца замак, дзе чарадзеі сцерагуць прынцэсу Дабралетку. Юнак вырашае вызваліць прынцэсу…

Што адбылося далей, вы даведаецеся, калі прыдбаеце сабе новую кніжку Стасі Наркевіч, якая ўзначальвае Віцебскае абласное аддзяленне ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. А каб чытаць яе было яшчэ цікавей, ледзь не кожным развароце кніжкі можна размаляваць графічныя работы мастачкі Алены Сянько.

З творчасцю Стасі Наркевіч (Анастасіі Лазебнай) чытачы знаёміліся і знаёмяцца праз абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. Некаторыя апавяданні ўвайшлі ў калектыўны зборнік “Дзвіна”. У 2008 годзе выйшаў асабісты зборнік апавяданняў “Настальгія” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). Акрамя апавяданняў Стася Наркевіч піша вершы, гумарэскі, казкі. У 2012 годзе пабачыла свет яе казка “Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце” ў зборніку аўтарскіх казак “Залаты талер” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”),  у 2013 годзе кніжка казка-размалёўка “Віялета, бабулечка і чароўны дроцік” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). У гэтым жа годзе выйшла кніга вершаў “Ты зразумей мяне такую…”, аздобленая графічнымі работамі аўтара (Віцебская абласная друкарня).

Кнігу Стасі Наркевіч “Як Васілёк выратаваў каралеўства” можна набыць у кнігарнях Мінска ў аддзелах дзіцячай беларускай літаратуры.

Каментаваць