Кніга твораў Тараса Шаўчэнкі “Мастак” выйшла ў “Кнігазборы”

У Мінску была прэзентаваная кніга твораў Тараса Шаўчэнкі “Мастак”. Зборнік перакладаў з украінскай на беларускую мову падрыхтаваны вядомым беларускім перакладчыкам Валерам Стралко да 200-годдзя з дня народзінаў заснавальніка ўкраінскай літаратуры Тараса Шаўчэнкі.

 



Вокладка кнігі “Мастак”


Гэтае 200-старонкавае ілюстраванае малюнкамі Тараса Шаўчэнкі выданне выйшла ў сталічным выдавецтве “Кнігазбор” накладам у 500 паасобнікаў пры падтрымцы амбасадара Украіны ў Беларусі Міхаіла Ежэля, ганаровага консула Украіны ў Гродне Валянціна Байка і Саюзу беларускіх пісьменнікаў (СБП).

У першым раздзеле кнігі “На вечным шляху да Шаўчэнкі” акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Іван Дзюба і Мікола Жулінскі апісалі і прааналізавалі жыццё, творчасць і светапогляды Кабзара. Другі раздзел змяшчае 55 вершаў паэта розных гадоў, а трэці — аўтабіяграфічную аповесць класіка “Мастак”, упершыню перакладзеную на беларускую мову. Ёсць у кнізе і шэраг выказванняў вядомых творцаў і грамадскіх дзеячаў пра Тараса Шаўчэнку.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч выказаў падзяку Валеру Стралко за “цудоўную працу дзеля беларускай і ўкраінскай літаратур”, а таксама звярнуў увагу на тое, што самыя значныя юбілеі Кабзара прыпадалі не на самыя лепшыя гады: 100-годдзе і 125-годдзе з дня яго народзінаў адзначаліся, адпаведна, ў 1914 і 1939 гадах, калі распачаліся Першая і Другая сусветныя войны. І сённяшні юбілей прыпаў на трагічны для Украіны час, сказаў Барыс Пятровіч.

Саветнік-пасланнік амбасады Украіны ў Беларусі Валер Джыгун адзначыў, што разглядае прэзентацыю кнігі “Мастак”, як падтрымку беларусамі ўсяго народу Украіны ў ліхую для яе гадзіну. Дыпламат нагадаў, што Шаўчэнка стаяў у аснове нараджэння ўкраінскай нацыі, а ягоныя творчасць, словы і вера і сёння натхняюць ўкраінцаў на жыццё і барацьбу за волю. “І калі я адкрыў гэтую кніжку Кабзара, на творчасці якога вырас, быў уражаны тым, як Валер Стралко дакладна перадаў па-беларуску не толькі слова, але і дух Тараса Шаўчэнкі”, — сказаў Валер Джыгун. 

  Выступае Валер Джыгун. Злева — Валер Стралко

Акадэмік Радзім Гарэцкі звярнуў увагу на тое, што Тарас Шаўчэнка вельмі любіў сваю Радзіму, хоць амаль не жыў там і быў ад яе адарваны. “А калі ён загаласіў пра родную украінскую мову, дык ускалыхнуў увесь люд, мова стала галоўным чыннікам свядомасці народа, і вырасла Украіна”, — сказаў навукоўца. Паводле ягоных слоў, беларусы сёння поўнасцю залежаць ад Пуціна, бо страцілі сваю родную мову і па гэтаму чынніку сталі нацыянальнай меншасцю на сваёй Радзіме. Вось чаму творчасць і мары Кабзара вельмі актуальныя і сёння для беларусаў і украінцаў, сказаў Радзім Гарэцкі.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца назваў Тараса Шаўчэнку геніям, аднолькава блізкім і дарагім украінцам і беларусам, бо ён увабраў у сябе тыя якасці, што дазваляюць выказаць сутнасць усёй нацыі і ўсяго людскага. “Сапраўды, Кабзар з’яўляецца бацькам украінскага народу, гэта той, на якім ўзрасла нацыя. Гэтаксама, як у нас Янка Купала, без якога проста немагчыма ўявіць Беларусь і беларускую мову. А паколькі Шаўчэнка аказаў уплыў на Купалу і Коласа, мы павінны быць удзячныя украінцам”, — сказаў Рыгор Сітніца. Ён заклікаў да салідарнасці з украінцамі ў трагічны для іх час, а таксама выказаў шчырую падзяку Валеру Стралко за кнігу і адзначыў, што ягоная праца заслугоўвае самых высокіх дзяржаўных узнагарод Беларусі і Украіны.       

Пісьменнік і перакладчык Леанід Дранько-Майсюк назваў творчасць Валеры Стралко ўнікальнай, бо “яна набліжае беларусаў да ўкраінцаў – блізкага да блізкага, роднага да роднага, што нашмат цяжэй, чым наблізіць чужое да чужога”.

На вечарыне прагучалі асобныя творы Кабзара ў перакладзе Валера Стралко. Дарэчы, ён пераклаў на ўкраінскую мову шэраг твораў беларускіх класікаў Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, але ў сувязі з падзеямі на Украіне існуюць пэўныя праблемы з іх выданнем ў Кіеве.

Каментаваць