Кнігавыданне: асноўныя тэндэнцыі 2015 года

Нацыянальная кніжная палата Беларусі абвесціць асноўныя вынікі працы кнігавыдавецкай сістэмы краіны толькі напачатку 2016-га. Але ўжо сёння можна вызначыць адметнасці працы галіны. 



Найлепшае — дзецям!

 
Сёлета выходзілі не толькі творы айчынных аўтараў для маленькіх чытачоў, але і пабачылі свет кнігі замежных творцаў па-беларуску. У прыярытэце — шведская літаратура з глыбокімі традыцыямі і асаблівымі метадамі працы з дзіцячай аўдыторыяй. Выйшлі кнігі Юі Вісландэр з серыі пра Маму Му, Сары Лундберг з цыклу пра Віту Белую Крэску, а зусім нядаўна па-беларуску загаварылі знакамітыя Пэтсан і Фіндус — героі казкі Свэна Нурдквіста.
 
Згадаю таксама папулярны вершаваны слоўнічак Алены Церашковай «Англійская мова: слова за словам», зборнік вершаў Андрэя Хадановіча «Нататкі таткі», зборнікі-забаўлянкі, укладзеныя Зосяй Куставай. І гэты спіс можна доўжыць! Пра неверагодны ўздым дзіцячай літаратуры сведчыць і той факт, што сёлета ў нашай краіне заснаваная прэмія імя Цёткі — за найлепшую кнігу для дзяцей. Дарэчы, узнагароджвацца ёй будзе не толькі пісьменнік, але і ілюстратар.
 

У краіне паэтаў

 
Аглядаючы паліцы кніг, выдадзеных сёлета, чытач можа здзівіцца: сталыя пісьменнікі нас парадавалі менавіта вершаванымі зборнікамі. Людміла Рублеўская, Валянціна Аксак, Леанід Галубовіч, Святлана Варонік, Андрэй Хадановіч пасля досыць доўгага кніжна-паэтычнага маўчання прадставілі новыя работы. Гэтыя кнігі сталі не проста падсумаваннем зробленага за некалькі гадоў, але і даказалі: Беларусь — краіна паэтаў, як ні банальна гэта гучыць. Напэўна, толькі ў нас выдаўцы не баяцца выпускаць у свет паэтычныя зборнікі, і іх наклады не меншыя за тыражы раманаў. 
 
 
У той жа час маладыя паэты сёлета крыху знізілі творчую актыўнасць і амаль не прадставілі новых кніг. У ліку самых яркіх работ прыгадаю хіба толькі «Сівер-Гару» Ігара Кулікова. Магчыма, цікавыя паэтычныя адкрыцці нас чакаюць у наступным годзе.
 

Паўцарства — за пераклад!

 
 
Сёлета мы атрымалі неверагодна многа новых выдатных перакладаў. Так, па-беларуску можна прачытаць і «Лісты Круцяля» Клайва Льюіса (пераклад Францішка Корзуна), і польскі дэтэктыў Зігмунда Мілашэўскага «Доля праўды» (перакладчыца — Марына Казлоўская), і чэшскія сучасныя раманы «Жыткаўскія багіні» Катэржыны Тучкавай і «Рыбіна Кроў» Іржы Гаічака (перакладчыца — Святлана Рогач).
 
 
Той самай англійскай класікай сталі гісторыі пра Шэрлака Холмса (пераствораныя цэлым калектывам перакладчыкаў), нямецкім раманам — «Каала» Лукаса Бэрфуса (пераклад Ірыны Герасімовіч). 
Дадалося некалькі выдатных кніг польскіх аўтараў, некалькі дзіцячых выданняў, і нават фінскі эпас «Калевала» дзякуючы выдатнай працы Якуба Лапаткі, цяпер можна прачытаць па-беларуску.
 
 
 
 

Увага да традыцыйнай культуры

 
 
Палічка кніг, прысвечаных старажытным святам, абрадам, рамёствам, вераванням нашых продкаў, сёлета папоўнілася адразу некалькімі яркімі і адметнымі работамі. Выйшла работа Цімафея Авіліна «Паміж небам і зямлёй: Этнаастраномія», даследаванне Яўгена Сахуты «Беларускае народнае кавальства», фотаальбом Анатоля Клешчука «Карагод беларускіх абрадаў», праца Таццяны Валодзінай і Таццяны Кухаронак «Ядраное жыта гаспадара кліча»: каляндарны год у абрадах і звычаях». 
 
 
Кожнае з гэтых выданняў змяшчае глыбокае даследаванне, разважанні, роздум пра тое, хто мы, беларусы, пошукі каранёў многіх сучасных святаў. Аўтары кніг упэўненыя: нашы традыцыі маюць багатую гісторыю, наш народ неверагодна мудры, а звесткі, што яшчэ захоўваюцца ў памяці старажылаў, — каштоўныя і вартыя занатавання. Адметна, што выданні падобнага кшталту карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў чытачоў, а выдаўцы з радасцю прымаюць такія работы з аглядкай на аўтарытэтнасць, вопыт і рэпутацыю аўтараў. 
 

Краўдфандынг — гэта знаёма

 
Ад выдаўцоў часам можна пачуць, што ўжо некалькі гадоў ляжыць выдатны рукапіс, але няма сродкаў на яго публікацыю. Цяпер выдавец можа сабраць неабходныя грошы на адмысловай пляцоўцы ў інтэрнэце. Ахвяраваць на выданне кнігі можа кожны, хто лічыць праект цікавым і неабходным. Гэта пэўнага кшталту і замова на кнігу, і праверка актуальнасці ідэі, і доказ даверу чытача выдаўцу. Практыка паказала, што сістэма працуе.
 
 
Сёлета некалькі выдавецкіх праектаў сталі магчымымі менавіта дзякуючы краўдфандынгу. Сабраныя сродкі на выданне дзявятага нумара часопіса беларускай прозы «Макулатура» (усе, хто ахвяраваў грошы, атрымаюць асобнік часопіса бескаштоўна), ужо ёсць неабходная сума для публікацыі зборніка «Нататкі пра Шэрлака Холмса» Артура Конан Дойла, а ў выдавецтве «Галіяфы» выйшла дзіцячая кніга Міхася Зізюка «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя». Аказваецца, беларуская кніга запатрабаваная.

Снежань — месяц прозы

 
 
Калі ў галіне паэзіі, дзіцячай літаратуры ці перакладу ўжо можна падводзіць пэўныя вынікі, то ў прозе нас сёлета яшчэ чакаюць новыя выданні. Анансавана адразу некалькі яркіх праектаў папулярных айчынных пісьменнікаў. Так, хутка выйдуць новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Арлова, Паўла Касцюкевіча, Адама Глобуса, Віктара Марціновіча, Андрэя Адамовіча. Магчыма, так уплывае на кніжны рынак Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца, і празаікі спяшаюцца прадставіць кнігі хаця б пад заслону года, каб стаць удзельнікамі новага гедройцаўскага сезона. А можа, проста абставіны так склаліся. Таму, безумоўна, чакаем!
 

Каментаваць