Кобрынскія замалёўкі: сімвал месца дуб «Кобрынец»

Часцяком падыходжу да старога дубу, што ўзвышаецца ля ходнікаў на адной з цэнтральных вуліцаў Кобрыну — Савецкай. І заўжды ахоплівае хваляванне, бо гэтае моцнае і прыгожае дрэва прыцягвае і натхняе.

Ад дубу патыхае не толькі старасветчынай, легендамі і мітамі, але, найперш,  жыццяздольнасцю і ўпартасцю. Бо выжыць і захавацца сярод закалотаў часу і не вельмі спрыяльнага навакольнага асяродку можа не кожнае прыроднае тварэнне. А дуб здолеў. І таму склалася колькі радкоў у гонар гэтага ўнікальнага дрэва.  


«Слова пашаны дубу «Кобрынцу»
 
Гэтаму магутнаму помніку айчыннай прыроды — найстарэйшаму дрэву горада — больш за 500 гадоў. Шмат велічнага і трагічнага, мудрага і сумнага пабачыў дуб ажно з часоў Кобрынскага княства.    
 
Дуб — сведка мінуўшчыны краю ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Другой Рэчы Паспалітай, Савецкага Саюза і ўрэшце Рэспублікі Беларусь. Ён бачыў узвышэнне, заняпад і аднаўленне Кобрыншчыны. Побач з дубам адбываліся сутычкі шматлікіх войнаў, у тым ліку Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, Паўночнай 1700–1721 гадоў, трох падзелаў Рэчы Паспалітай, Расіі з Францыяй 1812 году, Першай сусветнай, савецка-польскай 1920 году, Другой сусветнай, а таксама нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў.
 
Пад дубам збіраліся паўстанцы, у яго ценю спачывалі ад стомы, ладзілі скокі, сустракаліся закаханыя і спявалі гусляры, на ягоных галінах гушкалі арэлі і шугалі вавёркі, у бухматай кароне гнездавалі птушкі, а жалудамі кармілася звяр’ё. Дуб стаў знакам дабрыні і ласкі, моцы і непахіснасці, сівой даўніны і пераемнасці пакаленняў. Таму святлеюць нашыя твары, калі падыходзім да «Кобрынца», любуемся ім, абдымаем яго, уздымаем галаву і кранаем шурпатую кару валадара беларускага лесу.
 
Яго жыццяпіс увабраў тысячы світанкаў і захадаў сонца, народзінаў, росквіту і сконаў шматлікіх пакаленняў кобрынцаў, узораў іхнага змагання за Свабоду ад бяспраўя, цемрашальства, хлусні, галечы і гвалту. Доўгі век гэтага дуба-асілка нагадвае пра імгненнасць чалавечага быцця і неабходнасць годна пражыць яго для сваёй Бацькаўшчыны — плённа і прыгожа».

Спадзяюся, што некалі дуб «Кобрынец» упрыгожыць шыльда з гэтымі словамі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ирина симонова
  • 2018-05-25 00:35:58
якая прыгожая хвала дубу "Кобрынец"!!!
  • Марат Гаравы
  • 2018-05-25 07:29:38
Шаноўная спадарыня Ірына!

Вялікі дзякуй
за цёплыя словы

З павагай,
Марат Гаравы
  • Нина Марчук
  • 2018-05-27 16:59:14
Нина Марчук. Где то в это время газета "Кобрин- Информ" печатала мой материал с предложением персонального имени этому дубу. Был проведен опрос жителей. Информация о предложениях имени дуба была напечатана в этой же газете. Заявление легло на стол топонимической комиссии Кобрина.Простите, этого имени дуба я не припоминаю. Простите, но Вы поступили ...
  • Нина Марчук
  • 2018-05-27 17:05:15
Кстати. С инициативой дополнений к основным улицам города исторических названий два года тому выступили представители УЗВ Кобрина. И был ,он и есть, проверенный и по ист. источникам, и по старой публикации, и путем опроса старожилов... Всё это было...
  • Горожанка
  • 2018-05-31 20:00:53
На старых фото улицы Брестской нач. ХХ ст. (соврем. Советская) дуб не просматривается. Если он был в то время, то не выше одноэтажной застройки улицы. Поэтому утверждать о 500-летнем возрасте дерева - дерзко. За 100-летний период дуб легко достигает тех размеров, которые имеет ныне. Поддерживаю Нину Григорьевну Марчук в том, что на обсуждение общественности надо было вынести все предложенные варианты названий, а не одно - предложенное кем-то неизвестным. Почему? Мне, например, импонирует название дуба "Городовой" - соответствует эпохе его рождения и статусу "стража городского порядка". У кого-то другие предложения... Давайте обсуждать, раз уж вопрос вынесен на интернет-площадку. И,главное, заключение профессионального специалиста по предполагаемому возрасту дуба?

Каментаваць