Конан у тамаце

Паўтор фантазійнага эпасу пра варвара Конана вылучаецца процьмай мярзотных сцэнаў і адсутнай акцёрскай гульнёй. Пластыкавы «Конан-варвар» Маркуса Ніспэла атрымлівае паўтары зоркі з пяці.



Паўтор фантазійнага эпасу пра варвара Конана вылучаецца процьмай мярзотных сцэнаў і адсутнай акцёрскай гульнёй. Пластыкавы «Конан-варвар» Маркуса Ніспэла атрымлівае паўтары зоркі з пяці.

У далёкія дагістарычныя часы варвар Конан нарадзіўся падчас бітвы. Калі ён быў падлеткам, чорны маг Халар Зім забіў ягонага бацьку і спаліў родную вёску. Пасталеўшы, Конан марыць адпомсціць і шукае старога ворага. Герой знаходзіць яго, калі выратоўвае прыгажуню Тамару. Маг палюе за прыгажуняй, каб скарыстаць яе ў крывавым рытуале ажыўлення памерлых. Але на шляху чорнага мага стане Конан.

Фэнтэзі Маркуса Ніспэла — яшчэ адна варыяцыя на тэму Конана-варвара, прыдуманага ў 1932 годзе Робертам Говардам. Самым знакамітым Конанам-варварам быў Арнольд Шварцэнегер, які сыграў яго трыццаць гадоў таму. Распаўсюднікі новай версіі рэкламуюць карціну як галоўную сёлетнюю кінападзею, што мусіць засланіць стары фільм кампутарнымі і 3D-эфектамі. Эфекты, сапраўды, маюцца, але што да зместу, формы і сэнсу, дык гэта нудная крывавая мясакрутка, дзе дабро па садызму пераплюне любое зло.

Конан з асалодай катуе ворагаў, тыкае пальцамі ў крывавую дзірку ад носа, кідае людзей катапультамі. Стужку са Шварцэнегерам абвінавачвалі ў жорсткасці, але карціна Маркуса Ніспэла, які пачынаў кар’еру з паўтору «Тэхаскай разні», — гэта жорсткасць шчодрымі пластыкавымі вёдрамі. Мазгі выбіваюцца на буйным плане, раны ззяюць, скура лопаецца. Але, акрамя гучных адмысловых эфектаў, у фільме адсутнічае акцёрская гульня і хоць нейкая харызма галоўнага героя. Рон Перлман (бацька Конана) і Роўз МакГонан (шальная прынцэса-ведзьма) пераігрываюць белазубага Джэйсана Мамоа (Конана) адной левай. У прынцыпе, яго магла сыграць шафа.

Паказальна, што Мамоа ненавідзіць коней, таму замест яго катаўся дублёр.

Фальшываму кіно — фальшывае выкананне.
 

Каментаваць