Контуры надзеі за смугой песімізму

Перад тым, як сесці за напісанне матэрыялу па выніках мінулага 2010 музычнага года, зазірнуў у запісы, што сталі асновай папярэдняга выніковага артыкула «Год 2009: Сутаргі культурнага каланіялізму». І здзівіўся: многія тэндэнцыі ў нацыянальным рок-руху захаваліся, шмат якія тэндэнцыі, асабліва негатыўныя, узмацніліся. Аднак падстаў для аптымізму ўсё ж не зменшылася. Чаму так?



Перад тым, як сесці за напісанне матэрыялу па выніках мінулага 2010 музычнага года, зазірнуў у запісы, што сталі асновай папярэдняга выніковага артыкула «Год 2009: Сутаргі культурнага каланіялізму». І здзівіўся: многія тэндэнцыі ў нацыянальным рок-руху захаваліся, шмат якія тэндэнцыі, асабліва негатыўныя, узмацніліся. Аднак падстаў для аптымізму ўсё ж не зменшылася. Чаму так? Папросту пазітыўныя з’явы з нашага музычнага жыцця, як і ўсё сапраўднае мастацтва, сталі больш асцярожнымі, выглядаюць больш сціплымі, быццам баяцца сурочыць саміх сябе і сваю місію ў цяперашняй культурнай прасторы Беларусі. Ад гэтага іх важкасць не змяншаецца: хто хоча, няхай пабачыць і ўсвядоміць.

Ужо другі год даводзіцца канстатаваць тое, што айчынны рок-рух фактычна фунцыянуе без «каманднага складу» — гуртоў першага эшалону. На гэтую акалічнасць я звяртаў увагу раней, таму дам кароткае рэзюмэ: у такой з’яве няма нічога страшэннага, як і ў тым, што ролю «валадароў думак» цяперашніх прыхільнікаў рок-музыкі займаюць рускамоўныя калектывы. Так, яны могуць збіраць нават Палац спорту ці КЗ «Мінск», але іх поспех да гэтага часу вымяраецца паводле далёкіх ад мастацтва крытэраў. Як бы там ні было, гэтыя каманды ствараюць канкурэнтнае асяроддзе, актывізуюць «змаганне» за слухачоў, вымушаюць шукаць новыя формы ў прасоўванні свайго прадукту.

Мінулы год быў адзначаны даволі маштабнымі канцэртамі і выданнем альбомаў рускамоўных гуртоў «Без билета», «J-Морс» і «Ляпис Трубецкой», якія шырока рэкламаваліся ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Праўда, там ні слова не казалі, ці з’яўляюцца тыя творы ўкладам у сучаснае нацыянальнае мастацтва, ці будуць іх слухаць праз год. Відавочна, што гэтае пытанне, як правіла, выносіцца за рамкі мастацкай вартасці твораў такіх гуртоў.

Затое амаль ніхто са штатных крытыкаў гэтых СМІ не адзначыў тэхнічна і выканаўча дасканалы альбом гурта «Маўзер» «PORNA», выданне якога стала сапраўдным прарывам для ўсёй айчыннай рок-культуры. Застаўся за межамі ўвагі і альбом гурта «Мутнаевока» «Пошлы гламур», які абвясціў пра з’яўленне на нашай рок-сцэне самабытнага і перспектыўнага калектыву. Не кажучы ўжо пра сольнік берасцейскага гурта «Sciana» «Кропка невяртання», які стаў добрым дэбютным падмацаваннем для набыцця папулярнасці гурта ў межах усёй Беларусі. Хацелася б толькі пажадаць, каб і самі музыканты, і іх сябры ўзялі на сябе частку высілкаў па распаўсюджванню свайго альбому. Асабістая зацікаўленасць лёсам свайго прадукту заўсёды спрыяе росту папулярнасці артыста! Своеасаблівую сенсацыю стварылі ўдзельнікі гурта «AKUTE», якія ў гэтым годзе заваявалі Гран-пры «Басовішча». Застаецца чакаць дэбютнага альбома гэтай магілёўскай каманды.



Канкурэнцыю сваім рускамоўным vis-а-vis на беларускіх канцэртных пляцоўках складалі ў гэтым годзе з большага выканаўцы-салісты. І перш за ўсё маю на ўвазе Лявона Вольскага з яго эксперыментальным альбомам «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх паэтаў-класікаў. Камусьці дыск спадабаўся, камусьці — не, але нельга не прызнаць тое, што песні Лявона і новага складу яго «Крамбамбулі» не пакінулі слухачоў абыякавымі. Дакладна! Гэта стала відавочна падчас прэзентацыі дыска ў канцэртнай зале «Мінск».

Дарэчы, гэту прэстыжную канцэртную пляцоўку мог бы з поспехам асвойваць і яшчэ адзін выканаўца — Зміцер Вайцюшкевіч, які ў гэтым годзе выдаў першы ў сваёй дыскаграфіі канцэртны альбом «Беларуская песня» на вершы Уладзіміра Караткевіча. Аншлагавы канцэрт-прэзентацыя «Беларускай песні» ў Палацы чыгуначнікаў засведчыў, што Зміцеру і яго гурту “WZ-Orkiestra пад сілу збіраць і самыя вялікія аўдыторыі. Зразумела, пры больш шчыльнай рэкламе і пастаяннай наяўнасці «разынак» у канцэртных праграмах артыста. Песні Вайцюшкевіча зала спявае з выканаўцам вельмі ахвотна, таксама актыўна набывае ўсе дыскі, на якія багата дыскаграфія Зміцера.



Заўважнай з’явай агульнанацыянальнага маштабу стала ўзнікненне на айчыннай сцэне праекта «У нескладовае», удзельнікі якога выказалі прэтэнзіі стаць, прынамсі, вядомымі не толькі на радзіме, але і ў суседняй Расіі. Матэрыяльным пацверджаннем намераў стаў першы аднайменны альбом «У нескладовае», выдадзены кампаніяй «VEST-RECORDS». Пакуль пра новы дыск можна казаць як пра першую спробу ініцыятараў праекта Рамана Арлова і Вадзіма Марголіна стварыць варты канкурэнтны прадукт, запатрабаваны і ў Беларусі, і ў Расіі. Для гэтага былі выпрабаваны ўсе сродкі: запамінальныя мелодыі, лёгкія поп-рокавыя аранжыроўкі, зразумелыя тэксты. Але чаканага выніку ўдзельнікі «У нескладовага» ў гэтым годзе пакуль не атрымалі. А гэта значыць, што ў наступным годзе давядзецца больш актыўна заняцца аранжыроўкамі песень, а таксама стварэннем арыгінальнай гукавой канцэпцыі гурта. Якраз арыгінальнасці і не хапае «У нескладоваму» для рэалізацыі сваіх асветных памкненняў у суседняй краіне.

2010 год стаў знамянальным і тым, што многія беларускія выканаўцы рэалізавалі свае даўнішнія навучальныя праекты. Так, лідар гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі прэзентаваў сваю грунтоўную «Гісторыю беларускай музычнай культуры. Ад старажытнасці ад канца XVIII ст.», у якой ім выкладзены ўнікальны гістарычны матэрыял пра генезіс старадаўніх музычных інструментаў, звесткі пра першых кампазітараў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі, пра знойдзеныя музычныя зборнікі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Відавочна, Зміцер вырашыў падзяліцца сваімі гістарычнымі знаходкамі з чытачамі, даць падставу для роздуму даследчыкам айчыннай музычнай культуры.

Па шляхах Сасноўскага рушылі вядомы калекцыянер музычных інструментаў, рок-бард Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан. Яны прапанавалі юным чытачам яшчэ адзін музычны фаліянт — паэтычны даведнік «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў», які можна выкарыстоўваць на ўроках музыкі ў пачатковых класах. Дарэчы, менавіта выкладчыкам і выканаўцам адрасуецца і іншае музычнае выданне — праект «Дзіцячы альбом» з фальклорнымі спевамі ад барда Зміцера Сідаровіча і спявачкі Таццяны Матафонавай. Пад іх кіраўніцтвам вядомыя беларускія песні спяваюць Адась Матафонаў і Тамаш Сідаровіч. Іх выканаўчы запал, звонкія галасы зрабілі «Дзіцячы альбом» галоўным дзіцячым метадалагічным выданнем гэтага года. Цяпер справа за распаўсюджваннем дыска ў школах, для якіх і быў задуманы праект. Не будзем перабольшваць магчымасці ў гэтай галіне прыватных асоб, але вельмі важна тое, што такія выданні можна цяпер замовіць у крамах і выкарыстоўваць на ўроках спеваў.

Па волі лёсу цэлы год давялося адсочваць працу айчынных FM-радыёстанцый: за слуханнем добрай музыкі хутчэй бяжыць час, да таго ж можна зрабіць нейкія высновы адносна тэндэнцый у беларускім эфіры. Зноў даводзіцца канстатаваць, што беларускія радыёстанцыі толькі намінальна можна лічыць беларускімі: амаль ніхто з іх ды-джэяў не вытрымлівае 75-працэнтную квоту на беларускую музыку. Зноў жа, беларускамоўнай музыкі ў FM-эфіры гучыць катастрафічна мала.

Многія радыёстанцыі робяць усё магчымае, каб «беларуская музыка» гучала ў эфіры без беларускай мовы. Асабліва шчыруюць ды-джэі «Radio-BA 104,6», якія прайграюць музыку беларускіх гуртоў толькі на англійскай мове. Прааналізаваўшы трэк-ліст гэтай радыёстанцыі, можна зрабіць выснову, што «Крама» і дуэт Аляксандра і Канстанцін — цалкам англамоўныя выканаўцы. Што казаць, калі песню «Бывайце здаровы!» Зміцера Вайцюшкевіча з праекта «Bella Ciao!» — «Бывайце здаровы!» на «Radio-BA 104,6» транслююць толькі на італьянскай мове, хоць гэта італа-беларускамоўная кампазіцыя! Праўда, такія высновы не заўсёды стоадсоткавыя: на ўсіх хвалях зрэдку можна пачуць нешта на роднай мове. Вось нават «Мелодыі Века» пачалі трансляваць не толькі «Песняроў» ды «Верасоў», але і песні «Крамы», каверы гурта «P.L.A.N.», Юрыя Несцярэнкі і Пятра Ялфімава. Выключэнні сведчаць якраз пра тое, што на праблему «75-працэнтнай квоты на беларускую музыку» стараюцца забыцца, каб не турбаваць сябе лішнім клопатам.

А вось піянеры і лідары ў трансляцыя беларускай музыкі — «Аўтарадыё-105,2» — ужо часцяком стамляюць вуха аднатыпнымі музычнымі сэтамі. Асабліва, пяцігадовай даўніны: «Цмокі» — «Дзеці», «Імпэт» — «Зусім не проста», «Крама» — «Дай мне шанец»... Вядучым можна было б «расквеціць» стылістычную палітру станцыі, пачаўшы трансліраваць лепшыя песні беларускіх бардаў, айчынную медыявальную музыку. Менавіта так і робіць у рамках праекта «Простыя словы» на «Аўтарадыё–105,2» вядучы Зміцер Вайцюшкевіч. І яшчэ адно пажаданне ўлюбёнай станцыі: рабіць святочныя музычныя падборкі, напрыклад, да свята Божага Нараджэння ці на Вялікдзень. У беларускіх выканаўцаў назапашана столькі святочнай тэматычнай музыкі, што ёй можна ўпрыгожыць трэк-лісты на адной беларускай FM-радыёстанцый. Дай Божа, каб у наступным годзе так і здарылася!

 

Каментаваць