Краявіды Купалавага натхнення: Ад Вязынкі да Прагі

У Мінску адкрылася выстава Галіны Бараноўскай-Плотнікавай “Краявіды Купалавага натхнення: Ад Вязынкі да Прагі” (фота)



У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася мастацкая выстава Галіны Бараноўскай-Плотнікавай “Краявіды Купалавага натхнення: Ад Вязынкі да Прагі”.

У экспазіцыі, прымеркаванай да 80-годдзя мастачкі, прадстаўлена пяцьдзясят работ у розных тэхніках акварэлі і станковага жывапісу ў каляровым алоўку. Прычым большасць гэтых працаў дэманструецца ўпершыню.

Як адзначыла куратар выставы Марыя Барткова, чароўны свет малюнку, адкрыты ў дзяцінстве, вызначыў жыццёвае крэда Галіны Бараноўскай-Плотнікавай — “глядзець на свет вачыма мастака”. Погляд прафесійнага архітэктара абумовіў тэматыку яе работ. З 1955 года пэндзаль і аловак Галіны Бараноўскай-Плотнікавай імкнуліся закрануць гледача хараством старасвецкай архітэктуры і сакральнага дойлідства тых мясцінаў, дзе аўтару давялося жыць альбо адпачываць. Так былі створаны графічныя серыі — прысвячэнні Мінску, Магілёву, Сынкавічам, Жыровічам, Полацку, Заслаўю, Празе, а таксама сваёй роднай вёсцы Шацк, што на Пухавіччыне ў Мінскай вобласці... Шэраг малюнкаў адлюстроўваюць краявіды ваколіц Вязынкі, дзе нарадзіўся Песняр, і возера Нарач.

Шматлікія мясціны творчага натхнення Галіны Бараноўскай-Плотнікавай  супалі з жыццёвым і творчым шляхам народнага паэта Беларусі. У фондах ягонага музея захоўваюцца тры акварэлі Галіны Бараноўскай-Плотнікавай, створаныя ў Верхнім горадзе Мінска, вулачкамі якога крочыў паэт. На іх прадстаўлены былы Дом масонаў, былыя касцёлы бернардынаў і базыльянак, а таксама дворык па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Аўтар запрашае гледача наведаць прыгожыя куточкі беларускай зямлі, а таксама завітаць у Прагу — знакавы для беларускай культуры горад, каб наталіцца той любоўю да Бацькаўшчыны, якая натхняла кожнае слова Янкі Купалы.

Выстава працуе да 27 лютага.

Каментаваць