Краязнаўчы фэст у Мінску

Працягваючы ажыццяўленне праекту “Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці, 28 мая Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны арганізавала ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску краязнаўчы фестываль.



Працягваючы ажыццяўленне праекту “Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці, 28 мая Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны арганізавала ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску краязнаўчы фестываль.

 
У адрозненне ад канферэнцыі “Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух, якая прайшла 16 красавіка і пра якую “НЧ паведамляў чытачам, падзея насіла не толькі навуковы, але і практычны характар. Вырашалася пытанне, як краязнаўцы ў сваёй штодзённай дзейнасці здольныя захаваць каштоўныя аб’екты старадаўняй і традыцыйнай культуры. Размова ішла як пра матэрыяльную, так і нематэрыяльную спадчыну, таму частка сустрэчы ў Мінску адводзілася выступленням народных калектываў, якія з’яўляюцца непасрэднымі носьбітамі аўтэнтычнага спеўнага, танцавальнага і абрадавага фальклору.


У Беларусі, у адрозненне ад яе еўрапейскіх суседзяў, яшчэ захоўваюцца ўнікальныя мясціны, дзе фальклорная спадчына натуральным шляхам перадаецца з пакалення ў пакаленне. Непаўторнасць народных традыцый засведчылі на фестывалі госці з Бешанковіч на Віцебшчыне і дзвюх суседніх вёсак Веткаўскага раёна на Гомельшчыне — Свяцілавічы (дзіцячы гурт “Задорынка) і Стаўбун (фальклорна-этнаграфічны гурт “Стаўбунскія вячоркі). Першыя паказалі ўзоры валачобных абрадаў — веснавых віншавальна-велічальных спеваў, другія ўразілі выкананнем цыклу абрадавых і каляндарных нумароў, густоўнай танцавальнай праграмай.


Выступленне гасцей з Гомельшчыны прываблівала тым, што побач з выканаўцамі сталага ўзросту ўдзельнічала моладзь. Старадаўняга крою строі, упэўненыя рухі ў традыцыйных польцы, кракавяку, хараводах. І сапраўдная жыццёвая энергія. У выніку арганізатары фестывалю атрымалі запрашэнне “ісці да народу і сабраць наступны шырокі фальклорны фэст на Веткаўшчыне. У фальклоры знаходзіцца падмурак сучаснага сцэнічнага мастацтва. Як старадаўні мелас жывой крыніцай адухаўляе фольк-рокавы эстрадны накірунак, сваім выступам на фестывалі засведчыў лідар гурта “Палац Алег Хаменка.
 

 
Навукова-тэарэтычная панель сустрэчы прысвячалася абмеркаванню некалькіх пытанняў: шляхі супрацоўніцтва грамадскасці і дзяржавы ў працы па зберажэнні архітэктурных каштоўнасцяў і гістарычных мясцін, абуджэнне цікаўнасці да нацыянальнай гісторыі і культуры, пашырэнне шэрагаў удзельнікаў краязнаўчага руху.


Вітаючы прысутных, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі зазначыў, што дзяржава, безумоўна, зацікаўленая ў дапамозе краязнаўцаў у розных формах. Ёсць прыклады ўдалай працы па аднаўленні замка ў Любчы, чакаюць уратавання такія знакавыя помнікі, як замкі ў Гальшанах і Крэве. Гутарка вялася пра традыцыі беларускай талакі і спосабы арганізацыі сучаснага валанцёрскага руху — у формах летнікаў і будаўнічых атрадаў. Што датычыць пашырэння кантактаў краязнаўцаў, пошуку новых людзей, то эфектыўным спосабам працы тут з’яўляюцца развіццё турызму, правядзенне пазнавальных адукацыйных конкурсаў, выданне даведачнай літаратуры. І як вынік — дасягненне адзінства беларускага краязнаўчага руху ў форме нацыянальнага таварыства.


Першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім у каментары для “НЧ адзначыла важнасць рэгулярных сустрэч і супрацоўніцтва актывістаў краязнаўчага руху з усіх куткоў Беларусі: “Падняць нашу спадчыну можна толькі агульнымі намаганнямі і толькі тады, калі высілкі будуць рабіцца непасрэдна людзьмі з рэгіёнаў.


Станоўчая тэндэнцыя ў агульнай працы на будучыню — дасягненне ўзаемаразумення і добразычлівага дыялогу грамадскасці і дзяржаўных органаў, што засведчыў фестываль. Ахвотных далучацца да канкрэтнай дзейнасці ТБМ запрашае шукаць інфармацыю на сваім сайце www.tbm-mova.by.

Фотаздымкі:
Выступленні фальклорных гуртоў і ўдзельнікаў дыскусіі.

Каментаваць