Краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны — у падарунак

Ад гарадзенскага гісторыка, краязнаўца, грамадскага актывіста Уладзіміра Хільмановіча я атрымаў падарунак — яго новую кнігу «Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны» (дні і гады, асобы і падзеі). Яна выйшла ў вядомай серыі «Гарадзенская бібліятэка». 



Уладзімір Хільмановіч вельмі старанна і сур’ёзна, асабліва ў апошнія гады, працуе над складаннем календароў-даведнікаў. Гэта няпростая справа. Такім сур’ёзным прафесіяналам па календарах-даведніках, энцыклапедычных даведніках быў Янка Саламевіч (1938–2012). Ён ведаў шмат, ён калекцыянаваў розныя беларускія календары, даведнікі, ён марыў напісаць і выдаць кнігу пра гісторыю беларускіх календароў. Не паспеў. Я з гонарам сёння кажу, што справу Янкі Саламевіча на Гарадзеншчыне па напісанні і складанні календароў і даведнікаў працягвае Уладзімір Хільмановіч. Новая яго кніга «Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны» — як прыклад гэтаму.

Уладзімір Хільмановіч

У анатацыі да кнігі Уладзіміра Хільмановіча напісана, што ён цягам дваццаці гадоў збіраў і натаваў фіксаваныя даты адметных гістарычных падзей, дні нараджэння і смерці выбітных асобаў, якія лёсам былі звязаныя з Гарадзеншчынай. І якія гэта асобы! Агінскія, Канстанцін Астрожскі, князь Альгерд, Соф’я Гальшанская, Радзівілы, Станкевічы, Сапегі, Ігнат Дамейка, Язэп Драздовіч, Кастусь Каліноўскі, Язэп Варонка, Міхась Забэйда-Суміцкі, Вацлаў Іваноўскі, Зоська Верас, Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Міндоўг, Баляслаў Пачопка, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч, Янка Брыль, Цётка, Максім Танк, Міхась Ткачоў і сотні іншых беларусаў, пра якіх мы павінны ведаць, памятаць, шанаваць. 

У каляндар увайшлі і менш вядомыя беларусы-гарадзенцы, але якія таксама пакінулі свой след у гісторыі нашай зямлі. Напрыклад, паэт і журналіст Уладзімір Шурпа, даследчык нашай літаратуры і культуры Валеры Задаль, краязнаўца і педагог Уладзімір Урбановіч, журналіст і гісторык Зміцер Кісель. 

Каляндарны даведнік напісаны для нас, каб мы ведалі, калі нарадзіліся знакамітыя асобы, каб адзначыць іх даты вечарамі, сустрэчамі, згадкамі, кнігамі пра іх, каб мы памяталі, калі іх не стала, і ўсклалі на іх магілы кветкі і вянкі, паставілі ім помнікі і адкрылі мемарыяльныя шыльды. Такія краязнаўчыя даведнікі сёння павінны ляжаць у кожнага чыноўніка на сталах у кабінетах, у кожнага кіраўніка прадпрыемства ці арганізацыі, у кожнага настаўніка і на кожнай парце ў школах і ВНУ. Вось тады мы будзем ведаць сваіх вялікіх асобаў, вось тады мы будзем шырока адзначаць і ўшаноўваць іх светлую памяць.

Акрамя дзён нараджэння і смерці выбітных асобаў Гарадзеншчыны і тых, хто жыў на нашай зямлі, аўтар даведніка занатаваў і адметныя даты беларускай гісторыі. Напрыклад, 21 сакавіка 1927 года польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Каля 400 кіраўнікоў і актывістаў Грамады былі рэпрэсаваныя. Ці такая падзея: 26 ліпеня 1511 года Наваградак атрымаў Магдэбургскае права. Аўтар даведніка згадвае і такія даты: 14 лістапада 1939 года Заходняя Беларусь была афіцыйна далучаная ў склад БССР. 11 жніўня 1127 года з’яўляецца першай згадкай пра Гародню ў пісьмовых крыніцах (Лаўрэнцеўскі летапіс). А 14 снежня 1929 года польскія ўлады забаранілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі народны гімн «Ад веку мы спалі». У хуткім часе ён быў забаронены і ў Савецкай Беларусі.

Вядома ж, Уладзімір Хільмановіч у сваім «Каляндарным краязнаўчым даведніку Гарадзеншчыны» не змог адлюстраваць усе важныя падзеі, а таксама нараджэнне і смерць вялікіх людзей. У даведнік шмат асобаў Гарадзеншчыны не ўвайшлі, ёсць памылкі ў гадах і месцах нараджэння асобаў. 

Тым не менш, падобны краязнаўчы даведнік, які падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, можа шмат разоў перавыдавацца, дапаўняцца, аднаўляцца. Таму што адразу ў адно выданне ўсяго не ўключыш, не зафіксуеш, не прыгадаеш. Але верыцца, што нялёгкая праца гарадзенскага рупліўца будзе працягвацца, і з’явяцца новыя дапоўненыя перавыданні, якія нам сёння вельмі патрэбныя.

Каментаваць