Крэсла як аб'ект дызайну, і крыху больш, чым кропка апоры

Фантазёрам і прагматыкам раім правесці гадзінку вольнага часу на выставе «Пастулат». Здавалася б, такія простыя і зразумелыя аб’екты штодзённага побыту — стул, крэсла.  Але ёсць чаму здзівіцца.



Ад 31 кастрычніка ў галерэі «Універсітэт культуры» працуе выставачны праект «Пастулат-2014», прысвечаны крэслу як матэрыяльнаму аб'екту і мастацкаму вобразу ў розных жанрах выяўленчага мастацтва. Выстава будзе доўжыцца да 22 лістапада 2014 года.

Сёлета на выставе можна ўбачыць 99 работ як вядомых беларускіх творцаў, так і маладых дызайнераў, студэнтаў.  Удзельнічаюць 57 аўтараў.

Упершыню праект «Пастулат» быў прадстаўлены публіцы ў 2012 годзе, калі на некалькіх выставачных пляцоўках Мінска адбыліся выставы, у якіх прынялі ўдзел 110 мастакоў. Было прадэманстравана каля 120 прац. Па словах арганізатараў, выстава мела поспех  як у час сваёй працы (яе наведалі 3 720 чалавек), так і пасля. Лепшыя працы дэманстравалі ў Вільні, Таліне, Варшаве, у Мінску на выставе «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта», у Гомелі у галерэю Вашчанкі. Віртуальны каталог выставы «Пастулат -2012» года можна паглядзець тут .

Дырэктарка Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Наталля Барсукова мяркуе, што наведвальнікаў прываблівае слова «дызайн», а аб’екты выставы маюць не толькі эстэтычнае прызначэнне:

— Думаю,  людзям цікава прыйсці паглядзець і ўзяць ідэю. Усё зразумела, даступна і мае ўтылітарны характар.

Паводле яе слоў, нават мастакі-удзельнікі захапляюцца працамі сваіх калег ды спрабуюць атрымаць ва ўласнасць упадабаны аб’ект.

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн  адзначае, што гарантыя поспеху любой выставы — у першапачатковай ідэі.

«Калі заяўленая такая тэма, то складана зрабіць кепска ці не зрабіць, — ацэньвае «Пастулат» эксперт. — Гэтая дызайнерская выстава сёлета адметная тым, што тут мала дызайну побытавага, але многа мастацтва і пластычнага гумару. Вялікая заслуга гэтай выставы ў тым, што сабраныя мастакі, графікі, скульптары, дызайнеры. Асабіста мяне ўразілі Генадзь Катлінскі, Дзмітрый Сурскі, Леанід Рыжкоўскі».


Старшыня саюза дызайнераў і ідэйны аўтар «Пастулата» Дзмітрый Сурскі адзначае, што першая выстава была больш напоўненай, бо яна акумулявала працы, зробленыя за многа год. Сёлета экспанаты рабіліся ўжо адмыслова для выставы.

«Чаму менавіта крэсла? Ёсць такое выслоўе: кожны дызайнер і архітэктар мусіць спраектаваць хаця б адно крэсла. І праўда, у дызайнераў у Беларускай акадэміі мастацтваў  першае заданне — зрабіць праект крэсла», — патлумачыў Сурскі адкуль растуць ножкі у вялікага арт-праекта.

Па словах Сурскага, у нашых суайчыннікаў цяпер ёсць цікаўнасць да дызайнерскай думкі, цікавага афармлення інтэр’ераў:
 

— Будаўнічы бум падагравае цікаўнасць да дызайну інтэр’ера. Ёсць попыт, ёсць паслугі рознага кошту. Цяпер мы маем магчымасць мець ва ўласнасці калекцыйныя рэчы, усё можна замовіць, набыць.

Дарэчы, Дзмітрый Сурскі станоўча ставіцца да прадукцыі мас-маркета IKEA, якую адны зацята хаяць, а другія не менш упарта хваляць.

«Там многа добрых ідэй. Можна набыць як дарагія, так і танныя рэчы. Насамрэч дызайн пакліканы рабіць нашае жыццё больш танным. Напрыклад, мне спадабалася ідэя з круглым люстэркам, рама для яго была зробленая з веласіпеднага кола», — гаворыць дызайнер.

І прызнаецца, што свой хатні інтэр’ер рабіў уласнаруч у часы, «калі апроч шахматных і чарцёжных дошак мала што можна было знайсці ў продажы. Вось з гэтага і зрабіў сабе амаль усю мэблю».

Арганізатарамі выставачнага праекта «Пастулат-2014» выступаюць «Беларускі саюз дызайнераў» і Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў.

  
Выстава працуе да 22 лістапада. Месца правядзення: галерэя «Універсітэт культуры», Кастрычніцкая плошча, 1, Палац Рэспублікі.
Час працы: 11.00 — 19.00.

Выходныя: нядзеля і панядзелак.
Уваход вольны.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-11-01 21:35:38
"Крэсла як аб'кт". "Ад 31 кастрычнік у галерэі..." Папраўце самі.

Каментаваць