Культ продкаў на сучасны лад

Якіх толькі музычных вечарын, прысвечаных святу Halloween, не зведала наша сталіца ў канцы кастрычніка: тут прайшлі і Halloween Masquerade, і Halloween Fire-Party, і Halloween El Monstro Rave 2009. Гэта хутчэй вынік каланіяльнага стану свядомасці арганізатараў такіх імпрэзаў, а таксама адсутнасці фантазіі і жадання глянуць на культурную спадчыну свайго народа хоць бы з пазіцыі трэндаў сучаснасці.

(На здымку: Юры Выдронак)



Якіх толькі музычных вечарын, прысвечаных святу Halloween, не зведала наша сталіца ў канцы кастрычніка: тут прайшлі і Halloween Masquerade, і Halloween Fire-Party, і Halloween El Monstro Rave 2009. Гэта хутчэй вынік каланіяльнага стану свядомасці арганізатараў такіх імпрэзаў, а таксама адсутнасці фантазіі і жадання глянуць на культурную спадчыну свайго народа хоць бы з пазіцыі трэндаў сучаснасці.

(На здымку: Юры Выдронак)


Таму можна толькі горача вітаць з’яўленне ў мінскай музычнай афішы імпрэзы, якая аб’ядноўвала модныя тэндэнцыі з гісторыі старажытных кельтаў і ўласна беларускія традыцыі памінання Дзядоў. Гэтую мэту паставіў перад сабой вядомы беларускі даследчык этнаграфіі, музыкант і прадзюсер Юрый “Франц Выдронак, калі прапанаваў сталічнай публіцы стаць гледачамі містычнага тэатралізаванага канцэрта паводле паэмы Адама Міцкевіча “Дзяды і народнага абраду ўшанавання памерлых продкаў. Гэту музычную дзею Юрый запланаваў у рамках уласнага праекта — V міжнароднага фолк-мадэрн-фэсту “Таўкачыкі. Таму спектакль займеў адпаведную назву “Таўкачыкі на Дзяды, або Halloween па-беларуску.

Паэма А. Міцкевіча “Дзяды — даволі складаны твор для ўвасаблення ў выглядзе музычнай тэатралізаванай пастаноўкі. Але ўдзельнікі тэатра “ІНЖЭСТ пад кіраўніцтвам В. Іназемцава нагадалі змест паэмы мовай пантамімы і пластыкі першасных рытуальных формаў тэатра. Дасягненню гэтай мэты “Таўкачыкаў на Дзяды спрыялі і арыгінальныя дэкарацыі ў выглядзе драўляных крыжоў і надмагілляў-саркафагаў, якія сімвалічна ўзламвалі душы памерлых. Такія сцэнічныя вобразы з’явіліся ў рэжысёра пастаноўкі Юрыя Выдронка не толькі пад уплывам творчасці Міцкевіча, але і этнаграфічных матэрыялаў 20-х гадоў мінулага стагоддзя, вынікаў уласных экспедыцый.

Музычным суправаджэннем пластычнай дзеі ад тэатра “ІНЖЭСТ стала кампазіцыя гурта “UR’IA “Суботачка, якую музыкі выканалі ў акустычным варыянце. У складзе гурта, акрамя сталых удзельнікаў, былі заўважаны і госці фэсту — напрыклад, вядомы польскі мультыінструменталіст Барталамей Лех Палыга, які ў складзе “UR’IA граў на рэдкім у Еўропе індыйскім інструменце сарангі.

Горача, воклічамі “брава! прымалі пастаноўку паводле абраду “Дзяды, які аднавілі пад кіраўніцтвам Святланы Яфімавай удзельнікі дзіцячага фальклорнага ансамбля мінскай сярэдняй школы № 3. Дарэчы, на гэтым фэсце ансамбль упершыню выступіў пад новай назвай — “Гарлачыкі. Маленькія выканаўцы змаглі ўзрушыць дасведчаную аўдыторыю сваім трапяткім стаўленнем да мудрай спадчыны Дзядоў, захапілі ўвагу гледачоў сваёй артыстычнасцю і далікатнасцю.

"Гарлачыкі"


“Гарлачыкаў на сцэне змяніў этна-эмбіент-гурт “Дзівасіл з салісткай Ірынай Перасецкай-Малаковіч. Эмбіент-рытмы, элементы псіхадэліі служылі аправай для фальклорных матываў кампазіцый гурта — “Сіроцкай і “Восеньскай песень.

А вось знакамітая “Альтанка выйшла на фестывальную сцэну з балалайкай, на якой граў лідэр гурта Дзмітрый Лук’янчык. Канешне, у самой сутнасці гэтага інструмента няма нічога супярэчнага, але для беларускай культуры балалайка застаецца амаль незасвоенай слухацкай аўдыторыяй. Калі гаварыць пра постмадэрнісцкае асэнсаванне фальклору, то музыкі “Альтанкі маюць права на свой погляд на нацыянальнае ў музыцы. І гэта яны прадэманстравалі падчас свайго сэту на “Таўкачыках...

Музыкі гурта этнічнага сюррэалізму “Нагуаль прадставілі тую частку сваёй праграмы, якой уласцівы псіхалагічная заглыбленасць, нават трансцэдэнтальнасць.

Добрая традыцыя “Таўкачыкаў, якія ўжо ў пяты раз у сталіцы і ў рэгіёнах Беларусі праводзіць Ю. Выдронак, — запрашэнне лепшых фолк-выканаўцаў з суседніх краін. Сёлета міжнародны статус фэсту падтрымалі “зборная каманда лепшых фолк-выканаўцаў Польшчы (па адзнацы Ю. Выдронка) — музыкі гурта “Zespoі Polski пад кіраўніцтвам знакамітай выканаўцы і педагога Марыі Памяноўскай.

Трэба адзначыць, што ў польскай традыцыі таксама існуе нешта накшталт Halloween’у, які завецца “Дзень вшысткіх свёнтых. Таму гэтым разам у праграме польскіх гасцей яскрава гучала “задушная тэматыка, а музыка “Zespoі Polski скіроўвала слухачоў у міцкевічаўскую сімвалічную плынь святкавання Дзядоў.

Зусім іншую музычную традыцыю ўспамінаў продкаў, цяпер ужо персідскую, прадставіў вядомы ў Беларусі курдскі музыкант Масуд Талебані. Разам з Барталамеем Лехам Палыгам (сарангі), Юрыем Задзіранам (акустычная гітара). Да таго ж, мала хто ў Беларусі чуў, як “ужывую гучыць арыенталісцкі фолк-джаз. Яго першым выканаўцам у нашай краіне стаў Масуд Талебані!

Але ж цэнтрам спектакля, яе эмацыянальным пікам стала знаёмства з удзельніцамі этнаграфічнага гурта “Глыбокія крыніцы з вёскі Закальное Любанскага раёна Мінскай вобласці. Не кожны дзень пачуеш спевы тых выканаўцаў, чыя песенная манера ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА!

Гурт "Глыбокія крыніцы"


Вясковыя пявунні пад кіраўніцтвам Надзеі Мірэйчык прадставілі зусім рэдкае сёння відовішча — адноўлены абрад Дзядоў, які суправаджаўся аўтэнтычнымі спевамі, замовамі, пачастункам для памерлых. Як заўважыў у прадмове да паэмы “Дзяды Адам Міцкевіч: “Просты народ верыць, што частаваннем і песнямі ён прыносіць палёгку душам, якія пакутуюць... Трэба было ў тое імгненне быць у зале Купалаўскага тэатра, каб адчуць усепаглынальную цікаўнасць гледачоў, якія напружана сачылі за старонкамі гэтага сакральнага абраду, за ўсімі мізансцэнамі дзеі, узрост якой налічвае тысячы гадоў!

Пасля галашэнняў у выкананні гурта “Глыбокіх крыніц, якія былі традыцыяй падчас наведвання могілак на Дзяды, Юрый Выдронак у выразнай фальклорнай манеры разам з вясковымі спявачкамі выканаў песню “Тры ангелы. Словы з яе: “У нашым раю жыць весела, ды толькі некаму... — нагадалі ўсім, што продкаў трэба ўспамінаць не толькі на Дзяды, а жыццё напаўняецца стваральным сэнсам толькі жывымі.

Каментаваць