А ці ёсць у беларусаў культура мовы?

Гэты ліст мы атрымалі ад аднаго з нашых сталых чытачоў з Талачына і вырашылі пазнаёміць з яго зместам усіх. Магчыма, хтосьці і не пагодзіцца з меркаваннем Анатоля Шнэйдара, калі ласка, запрашаем да дыскусіі на нашым сайце.



Больш за ўсё абыякавасці, непаважлівых адносін да вуснай мовы ў тэле- і радыёэлектронных сродках масавай інфармацыі. Моўная бездапаможнасць асобных журналістаў здзіўляе.

У свеце ўсё больш актыўна працягваецца тэндэнцыя да адстойвання сваёй цывілізаванай ідэнтыфікацыі, менталітэту. Як вядома, нацыянальная мова складаецца на аснове мовы народнасці ў працэсе яе развіцця ў нацыю. А паняцце "нацыя" — гэта наяўнасць агульнай тэрыторыі, эканомікі, мовы і літаратуры, асаблівасцей культуры і характару. Адсутнасць хаця б адной з пералічаных адзнак парушае паняцце «нацыя».

На жаль, на гэтую акалічнасць не звяртаецца належнай увагі. Як і ў суседняй Расіі, у нас яшчэ працягваюцца абыякавыя адносіны да роднага слова. У сучасным беларускім грамадстве назіраецца больш чым парадаксальная сітуацыя. Паслядоўна і пастаянна выкарыстоўваемых адзіных норм і ў арфаграфіі, і ў лексіцы, і ў марфалогіі ў нас да апошняга часу не было. У гэтым сэнсе Беларусь з’яўлялася больш чым унікальнай дзяржавай у Еўропе і свеце.

У Францыі парушэнне норм роднай мовы, выкарыстанне іншамоўных слоў, тым больш скажоных, недакладна перакладзеных, напісаных або вымаўленых, караецца вялікімі грашовымі штрафамі. Сёння ў нас дапускаецца ўжыванне трох варыянтаў беларускай мовы… Зараз выпушчаны новыя слоўнікі, у якіх улічаны змяненні апошняй моўнай рэформы ў рэспубліцы.

Асабліва небяспечна, калі ў мове адбываюцца значныя метамарфозы за кошт замены беларускіх слоў этымалагічна блізкімі паланізмамі або назіраецца бяздумнае выкарыстанне англіцызмаў, нязграбных перакладаў з іншаземных моў (пры наяўнасці агульнаўжывальных аналагаў!). Усё гэта абарочваецца стратай выразнасці, сакавітасці роднай мовы, падзеннем пісьменнасці, дакладнасці паняццяў.

Больш за ўсё абыякавасці, непаважлівых адносін да вуснай мовы ў тэле- і радыёэлектронных сродках масавай інфармацыі. Хаця за апошнія гады пісьменнасць, прафесійны ўзровень тэле- і радыёперадач стаў больш высокім, але па-ранейшаму моўная бездапаможнасць асобных журналістаў здзіўляе.

Скажам, ідзе рэпартаж з месца падзеі. Вядучы запамятаваў патрэбнае беларускае слова, тут жа вымаўляе яго на рускай мове, і як бы нічога не здарылася, працягвае размову. І атрымліваюцца такія «шэдэўры»: «выказаў надежду», «найбольш апасныя аб’екты» і г. д. Як бы дамовіўшыся, многія журналісты перайшлі на такія канчаткі: «два мільён(а)», «два чалавек(а)», «чатыры метр(а)», «абараняў варот(а)», «тры дзесятк(а)», «на выдзеленым участк(і)», «сход праходзіў у дух(і),» «зараз вашай ува(гі) будзе прадстаўлена», «у рэспублік(і)», «забіў гол у сва(і) варот(а)», «на значнай част(кі)» замест «у рэспубліцы», «на значнай частцы».

Насуперак правілам граматыкі часта не скланяюцца лічэбнікі, робяцца памылкі ў канчатках слоў, якія абазначаюць долі працэнта: «5,3 працэнт(аў) замест працэнта. Часта робіцца няправільны націск у словах «вып(а)дак», «в(а)лавы прадукт», «кв(а)ртал», «адз(і)наццаць». Часам беларускія словы вымаўляюцца як «мінчяне», «бабруйчяне», «учёра» і г. д.

Цікавыя метамарфозы адбываюцца пры вымаўленні слова «дождж». Можна пачуць «ішлі дажді», «ішоў дож» або «дош». Не звяртаецца ўвагі на немілагучныя спалучэнні, якія ўтвараюцца ад канчатка папярэдняга і пачатка наступнага слова, кшталту «ўжо пайшлі», «ужо пустуе», «ужо перайшлі».

Адна з вядучых радыё невядома на якой мове вымаўляе сваё імя — Марыянна. У беларускай мове ёсць такое імя, але яно вымаўляецца і пішацца Мар’яна з адным «Н».

Кажуць, у мове душа народа. А на справе атрымліваецца ні мовы, ні душы, ні народа. Адна «трасянка». Ад памылак ніхто не абаронены. Іх не робіць толькі той, хто не працуе. Але ж справа заключаецца ў тым, каб умець выпраўляць зробленыя раней памылкі і не паўтараць іх больш.

Гадоў дзесяць таму ліст на гэтую тэму я даслаў у газету «Советская Белоруссия», але там, відаць, палічылі, што такая «дробязь» не заслугоўвае публікацыі на старонках прэзідэнцкай газеты, і пераслалі пісьмо ў Камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні, адкуль аўтар нават адказу не атрымаў.

Шмат часу прайшло з той пары. Шмат кіраўнікоў камітэта змянілася, а ў эфіры з перадачы ў перадачу, з году ў год «гучаць» адны і тыя ж памылкі і па сённяшні дзень. Адсюль вынікае, што сапраўды гэта пытанне нікога не хвалюе, перадачы не аналізуюцца і нічога не робіцца па выпраўленні становішча з боку зацікаўленых службаў і ўстаноў.

Відаць, патрабуецца перагляд работы ВНУ, якія займаюцца падрыхтоўкай журналісцкіх кадраў рэспублікі. Няўжо на самай справе, як пісала ў адным з сваіх артыкулаў Е. Дубінская, «…времена, когда культура была по-настоящему востребована телевидением и телезрителем, остались в прошлом». Але ж па сутнасці тэлебачанне і радыё павінны быць сапраўднымі «заканадаўцамі», прапагандыстамі этыкі і культуры роднай мовы.

Бернард Шоў сцвярджаў, што існуе сто спосабаў сказаць слова «так» і толькі адзін — напісаць яго на паперы. Душа, прыгажосць, характар народа раскрываюцца ў слове. Па мілагучнасці, песеннасці мова беларусаў параўноўваецца з італьянскай. Высокую ацэнку мілагучнасці, багатаму фанетычнаму і лексічнаму складу беларускай мовы даў калісьці Адам Міцкевіч.

Францішак Багушэвіч пакінуў такі запіс: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так, як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».

Няўжо і ў новым тысячагоддзі мы так і не навучымся размаўляць на роднай матчынай мове. Вельмі добра, што на радыё ёсць праграма «Роднае слова». Гэта вельмі патрэбная і важная праграма. Яе вядучая валодае добрай дыктарскай здольнасцю, прыемным голасам і прэтэнзій да яе няма.

Але ёсць такое, нечакана ўрываецца громкая, рэзкая музыка, на фоне якой затым ідзе тэкст. Музыка тут зусім не патрэбна. Яна часам заглушае голас вядучай, перашкаджае ўспрымаць тэкст. Музыкальнае суправаджэнне лепш убраць, гэта не эстраднае прадстаўленне і галоўнае тут не музыка, а магчымасць слухачу сканцэнтраваць увагу, каб разабрацца ў моўных складанасцях і паняццях, аб якіх вядзецца размова. Гаворку неабходна весці не спяшаючыся, грунтоўна, для чаго, мабыць, трэба павялічыць праграму на некалькі хвілін, каб карысць была для тых, хто слухае.

І яшчэ аб адной праблеме — «кулямёцістай» мове. Сучасныя вядучыя тэле- і электронных СМІ часам сваім перадачам задаюць такі тэмп, быццам бы галоўнае ў аб’ёме інфармацыі пераданай у эфір, а не ў аб’ёме яе засваення. На адным дыханні, без кропак і косак, міні-пауз або інтанацыйных адценняў, не робіцца лагічных паўз перад пачаткам новай інфармацыі, выдаецца нагара шквал моўнай прадукцыі, што значна ўскладняе ўспрыняцце тэксту.

Не кожны здольны паспець за такой моўнай гонкай, пачынае злавацца і знаходзіць просты выхад — выключае «скрынку». Куды і навошта спяшаемся?! «Лепш менш, ды лепш», — казаў класік. Варта прыслухацца да слоў кавалера медаля Францыска Скарыны, да высокага прафесіянальнага майстэрства Уладзіміра Баклейнчава, чыім голасам «гаворыць» Мінскае метро: «Асцярожна, дзверы зачыняюцца…»

Далёка не кожны зможа прачытаць тэкст, каб ён прагучаў. Працаваць са словам трэба ўмець. Фанетыка, марфалогія, арфаэпія — усё гэта прысутнічае ў нашай працы. Я і цяпер, нягледзячы на даволі вялікі стаж, усё роўна хвалююся, некалькі раз перачытваю тэкст радыёпраграмы перад тым, як выдаць у эфір.

Не хачу сябе хваліць! За кожны пракол, памылку наказвалі рублём! Таму мы, дыктары, многа працавалі над сабой кажа Уладзімір Баклейнчаў, які стаў візітоўкай, сімвалам падземкі і перадачы «Беларусь — Расія». І канкурэнтаў у яго пакуль што няма. Як і ў Ільі Львовіча Кургана, беларускага Левітана. А так хочацца, каб былі!

Вось якую думку выказаў аб дзвюхмоўі паэт Фелікс Шкірманкоў у вершы «Не буду маўчаць»:

Дзвюхмоўе сёння у краіне —

Без страт укараненне не прайшло:

Сярод настаўнікаў, на сорам,

Яно прыхільнікаў знайшло

Амаль што знікла асяроддзе,

Дзе мова родная гучыць,

Дзе кожны спадчынай духоўнай,

Як скарбам продкаў, даражыць.

Таму і ты, на жаль, міжволі

Губляеш з памяці сваёй,

Не заўважаючы, паволі,

Слоў залатых бяссонны рой.

Не абышло, не абмінула

Няшчасце і мяне ў жыцці.

І я не ведаю дагэтуль,

Як паратунак мне знайсці?

Таму бывае часам цяжка

У вершы выказаць усім,

Што адчуваю, што трывожыць,

Што ў сэрцы зраненым маім.

Але ў задушлівасці гэтай

Не разгубіўся, не дрыжу,

А словам матчынае мовы

Усё, што думаю, — кажу!

Абмеркаванне:

  • Пран
  • 2014-07-26 17:00:00
Дош - гэта нармальнае беларускае дыялектнае слова і яго ўжыванне ў гутарковай мове цалкам апраўдана.
  • ВР
  • 2014-07-27 14:34:38
Праблема, высмактаная з пальца. Галоўнае, каб мова захавалася, а з шурпатасцямі потым дамо рады. Ну і "тэндэнцыя да адстойвання сваёй цывілізаванай ідэнтыфікацыі, менталітэту" -
вельмі "культурнае" словаспалучэнне... Шкада, што няўцямнае :)
  • Aniolak
  • 2014-07-28 20:41:27
А я згодная з аўтарам.

1) Так, важна, каб мова захавалася. Але ж да вядоўцаў на радыё патрабаваньні мусяць быць куды большыя за патрабаваньні да простых карыстальнікаў мовы. Ну сьмешна, ВР, апраўдваеце памылкі тых, хто
мусіць мову ведаць на высокім узроўні, бо гэта іх праца.

2) Гутарковая мова - не для радыё. Для радыё ёсьць літаратурная. Таксама апраўдваеце звычайную некампэтэнтнасьць.

Каментаваць