“Нашы” Дзяды і “іх” Halloween: сінтэз магчымы

Культурны працэс у Беларусі, таксама як і ў іншых краінах, перажывае перыяд адаптацыі сусветных з’яў масавай культуры пад нацыянальныя традыцыі і ментальнасць. Нешта падобнае адбываецца і з Halloween’ам ці святам Ўсіх Святых, якое ўварвалася ў наша “свецкае жыццё разам з тэматычнымі вечарынкамі, што пачалі ладзіцца ў сталічных клубах.
 



Часцяком гэтыя party капіравалі не самыя густоўныя забавы разнашэрстнай маскоўскай тусоўкі ці, у лепшым выпадку, былі падобныя па стылістыцы на ўзоры з галівудскіх стужак адпаведнай тэматыкі. Але капіяванне – не самы прадуктыўны шлях у культурніцкай сферы, таму з’явіліся спробы неяк наблізіць тэму свята Halloween да беларускай рэчаіснасці. Нагадаю, што першым гэта зрабіў кіраўнік фолк-рок-гурту UR’IA, прадзюсар фестывальнага руху Юры Выдронак, які стварыў арыгінальнае фестывальнае шоў “Таўкачыкі на Дзяды альбо Halloween па-беларуску з аўтэнтычнымі дзядоўскімі спевамі і адпаведным антуражам – велізарнымі гарбузамі са свечкамі і тэатралізацыяй ў выглядзе ценяў родкаў, якія павыходзілі ў гэтую ноч са сваіх магіл…

Новую спробу “беларусізаваць Halloween зрабілі арганізатары і ўдзельнікі канцэрта, прысвечанага гэтаму святу, які 31 кастрычніка прайшоў у клубе RE: PUBLIC. Вядучы канцэрта вядомы беларускі рок-музыкант Алесь Таболіч пачаў вечарыну з пытанняў да прысутных наконт роднасных Halloween’у беларускіх Дзядоў, якія таксама ў гэтыя дні адзначаюцца па ўсёй краіне. Ці зразумелі гэтую сувязь маладыя людзі, якія ў гэты дзень прыйшлі ў клуб? Будзем спадзявацца, што так, бо вельмі дружна дэманстравалі Алесю сваю дасведчанасць наконт абодвух гэтых традыцыйных святаў. Тым часам на сцэну быў запрошаны першы ўдзельнік Halloween’а ў клубе RE: PUBLIC. Гэта быў гурт EXEGUTOR (амаль EXEСUTOR), які ў сваёй творчасці арыентуецца на thrash metal. Відавочна, што музыканты выкарыстоўваюць сцёб як мастацкі сродак, як у музыцы, так і тэкстах песень. Запомнілася ў гэтым сэнсе кампазіцыя “Алкаголік. Але не ўсё ў гэтай каманды выглядае са смяшынкамі. Напрыклад, у іх з’явілася першая беларускамоўная кампазіцыя “На поўнач, якая прымусіла слухачоў больш сур’ёзна паставіцца да эксперыментаў гурту EXEGUTOR. І хоць у аб’ёмнай зале клуба у першыя хвіліны вечарыны стаяла даволі прахалодная атмасфера, дзякуючы завадной рытміцы EXEGUTOR слухачам стала намнога больш цёпла і ўтульна.

    EXEGUTOR

Працягнуў “металічна-хэлоўінаўскую эстафету магілёўскі праект OUTSIZE, які паўстаў на базе metal-гурта ASGUARD -- ветэранаў экстрэмальнай музычнай сцэны гэтага горада. Хто ж, канцэртнага вопыту музыкантам OUTSIZE не пазычаць. Іх выканаўчая тэхніка, уменне стварыць канцэртнае шоў і наладзіць кантакт з публікай гаворыць пра прафесіяналізм удзельнікаў праекта. А вось тэксты песень гэтага англамоўнага гурту нельга назваць нейкім адкрыццём. Яны традыцыйна змрочныя і спрошчаныя. Што ў праграмнай кампазіцыі “Dark Wave, што ў эмацыянальнай песні “Freeman. Тым не менш, OUTSIZE пакінуў у слухачоў станоўчыя эмоцыі.

праект OUTSIZE


Калі папярэднія гурты, што першымі ўзрушылі клуб RE: PUBLIC, успрымаліся як святочны сюрпрыз, то наступная каманда-удзельніца вечарыны на Halloween добра вядомы сталічным слухачам. Размова ідзе пра гурт SOULSIDES, які быў створаны ў 2003 годзе. За гэты перыяд музыканты не раз удзельнічалі ў фанаграфічных metal-праектах і іх прэзентацыях, на фестывалях у Беларусі і за яе межамі. Гэтым разам свой сэт музыканты пачалі кампазіцыяй “Лабірынт, у якім перапляліся такія музычныя напрамкі, як thrash metal і punk rock. Сэт гурту SOULSIDES складаўся з такіх кампазіцый, як “Зомба-тэлебачанне, у якім музыканты выказалі свае адносіны да практыкі “прамыўкі мазгоў з дапамогай электронных СМІ, энергічнай і эмацыянальнай “Вендэты, старога хіта “Не для мяне, які ўпершыню пабачыў свет у беларускім metal-праекце “Hard Life-Heavy Music. Трэба адзначыць, што ўся вакальная нагрузка ў гурце кладзецца на аднаго вакаліста – Ігара Баланюка, якому у дадатак прыходзіцца выконваць і гітарныя партыі. Адзін вакаліст у такім “гучным гурце – гэта недастаткова, бо збядняе агульнае гукавое палатно каманды. Каб вакальнае напаўненне адпавядала інструментальнаму, патрэбны дадатковыя вакальныя партыі. Праўда, у рэпертуары SOULSIDES ёсць такія кампазіцыі, як “Кніга мёртвых ці “Ратавальнік (прысвячэнне не так даўно памерламу рок-музыканту А. Клімчанку), якія прымушаюць забыцца на недахопы і шчыра, разам з усімі слухачамі, вітаць гэты гурт.

гурт SOULSIDES


Стылістыку doom metal на гэтай вечарыне прадстаўляў гурт WEEPING TWILIGHT, які можна смела аднесці да адкрыцяў Halloween-2012. Не гледзячы на “мудрагелістую англамоўную назву, каманда ўяўляе сабой сфарміраваны беларускамоўны калектыў, які шукае і знаходзіць апірышча ў айчыннай культуры і фальклоры, імкнецца ісці нераспрацаванымі шляхамі ў рок-музыцы. Чаго варты спробы музыкантаў агучыць у metal-рытмах паэму Я. Купалы! На святочнай вечарыне гурт прадставіў кампазіцыі з апошняга альбома “Парасткі памяці на руінах былога, кампазіцыі “Пракляцце 9 сына і іншыя творы, у якіх спалучаюцца цьмяная эстэтыка doom metal і фальклорны пачатак у кампазіцыях. Цікава, што у дадзены момант у гурце грае беларускі гітарыст, вядомы па гурту “Neuro Dubel і GODS TOWER, Віталь Абрамовіч, які разам з лідэрам гурту, басістам і вакалістам Аляксандрам Глякавым і іншымі музыкантамі ствараюць на сцэне сапраўднае рок-шоў, а галоўнае – завершаныя музычныя вобразы сваіх музычных легенд.

гурт WEEPING TWILIGHT


Музыка наступнага гурту – ROKASH, адрознівалася па стылістыцы ад таго, што гучала са сцэны клуба RE: PUBLIC раней. Вядома, што каманда, якую доўгія гады ўзначальвае басіст Лявон Казакоў, грае неафольк, медыевал-фэнтэзі, пост-фольк і сваім мяккім гучаннем, быццам, не дапасуе да “ўзрыўных рытмаў і сінкопаў “металістаў. Тым не менш, слухачы скарысталіся магчымасцю адпачыць пад рамантычныя гукі флейты і клавішных інструментаў, а таксама разам з вакалісткай Палінай Дулінец заспяваць хіты з альбома ROKASH’а “Запалі агонь. А гэта былі ўжо знакамітыя мелодыі “Стары замак, “Крумач (прысвячэнне А. Клімчанку), “Ваўкалак, “Духі Зямлі і іншыя кампазіцыі, якія тэматычна падыходзілі да дзядоўска-хэлоўінаўскай тэматыкі вечарыны.

гурт ROKASH


Доўгачаканы сэт узыходзячай зоркі беларускай metal-сцэны гурту RE1IKT быў азмрочаны паведамленнем пра тое, што вакаліст Уладзімір Казлоў нечакана сарваў голас на бардаўскім (!) фэсце і не зможа прыняць удзел у гэтым канцэрце. Але гэтая непрыемнасць была з лішкам кампенсавана тымі музычнымі імправізацыямі, які выканалі ўдзельнікі гурту RE1IKT. Гэты матэрыял мог стаць ілюстрацыяй той музычнай плыні, на якую сёння арыентуюцца музыканты – post metal. Разынкай кампазіцый сталі разгорнутыя музычныя палотны, у якіх выкарыстоўваліся складаныя па структуры кампазіцыйныя формы, нестандартныя меладычныя хады, акорды і сугуччы з арсеналу progressive rock і industrial. Слухачы ў захапленні прынялі музыку гурту RE1IKT і віталі шчырымі апладысментамі навацыі каманды, яе магутнае і празрыстае інструментальнае гучанне.

гурт RE1IKT


Безумоўна, арганізатары святкавання Halloween-2012 пайшлі іншым шляхам, чым Юры Выдронак, які зрабіў стаўку на падабенства рысаў “нашых Дзядоў і “іх Halloween’а. У святкаванні, што прайшло ў клубе RE: PUBLIC, бачыцца больш просты, лінейны падыход, які выканаўцамі выкарыстаны для запаўнення “заморскай формы блізкім маладым беларусам музычным матэрыялам. Такі шлях таксама магчымы і мае права на жыццё. Хоць наступным крокам мусіць стаць адначасова змястоўнае і фармальнае запаўненне канцэртных праграм беларускімі па духу атрыбутамі (напрыклад, змяніць назву і антураж) гэтага містычнага свята.

Конкурс на лепшы касцюм

Каментаваць