Купаласлэм з Бульвара капуцынаў

5 красавіка ў Мінску адбылося мерапрыемства, якое арганізатары пафасна ахрысцілі Першым Купалаўскім Слэмам. Віктар Жыбуль атрымаў караоке, Алесь Камоцкі паказаў, якой маленечкай ён памятае Валярыну Куставу, а Аксана Спрынчан выйшла ў вакно.



5 красавіка ў Мінску адбылося мерапрыемства, якое арганізатары пафасна ахрысцілі Першым Купалаўскім Слэмам. Віктар Жыбуль атрымаў караоке, Алесь Камоцкі паказаў, якой маленечкай ён памятае Валярыну Куставу, а Аксана Спрынчан выйшла ў вакно.

Слэм — забава, надзвычай модная цягам некалькіх прамінулых сезонаў у паэтычных колах Расіі і Украіны. Як і ўсё новае, яна даходзіла да Беларусі вельмі доўга. І вось нарэшце напачатку 2009 года на нефармальнай літаратурнай сцэне Мінска — слэм-бум. Адразу два мерапрыемствы такога фармату былі запланаваныя на красавік, і адно з іх паспяхова адбылося ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў нядзелю 5 красавіка. Нягледзячы на платны ўваход, яно сабрала каля 20 паэтаў-удзельнікаў, больш за 100 гледачоў і два тэлеканалы.

Кавуном не шпурляцца!

Вядучы, дакладней, слэм-майстар, Андрэй Хадановіч напярэдадні шоу заўважна хваляваўся. Яго можна было зразумець: слэм — гэта ўсё няправільнае і нефарматнае ў сучаснай літаратуры, паэзія на мяжы спеву, перформансу і хуліганства — як на гэта ўсё паглядзіць бронзавы Іван Дамінікавіч? «Я быў на слэме, дзе выступоўца парэзаў на кавалкі кавун і стаў кідацца ім у канкурэнтаў, рэшту кавуна ён сервіраваў для журы. Лішне казаць, ён той слэм выйграў, — дзяліўся слэм-майстар з публікай у рэжыме разагрэву. — Дык вось, каб такога не было!» Намёк быў яўна ў адрас адной з удзельніц — Валярыны Куставай, якая вызначылася на слэме ўлетку мінулага года тым, што кідалася ў гледачоў морквай і бульбаю, выцягнутымі з дэкальтэ.

Зрэшты, у асаблівых засцярогах не было патрэбы — пляцоўка Купаласлэму, нягледзячы на шматкроць адзначанае падчас шоу імкненне дырэкцыі музею зрабіць мемарыяльную ўстанову больш сучаснай, цікавай, адкрытай моладзі, выклікала ў гэтай самай моладзі падсвядомы, містычны рэспект і навявала ёй інтэлігенцкія настроі.

Вера Бурлак у вобразе. Фота Алесі Серады

Галоўным фактарам, што стрымліваў паэтычныя бясчынствы і глядацкі беспрадзел, была наяўнасць строгага аўтарытэтнага журы. Звычайна слэмы судзяць або толькі гледачы, або толькі мэтры. Камбінаванае судзейства, на думку арганізатараў, мусіла стварыць здаровы баланс кампетэнтнасці і дэмакратычнасці. У склад прафесійнага журы ўвайшлі літаратары-крытыкі Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Пятро Васючэнка, бард Алесь Камоцкі і дырэктарка Купалаўскага музею Алена Мацевасян. Журы сярод гледачоў чаргавалася паводле прыхамаці слэм-майстра.

Асноўная праблема, якую ў чарговы раз агаліў Купаласлэм, — суіснаванне ў беларускай літаратуры двух эстэтычна адрозных лагераў — мадэрністычнага і традыцыйнага. Само спалучэнне «Купалаўскі слэм» — гэта аксюмаран, традыцыя і наватарства ў адным флаконе. Можа, таму адносна ціхая, традыцыйная паэзія, якая ў іншай сітуацыі не мела б на такім спаборніцтве ніякіх шанцаў, на Купаласлэме была на вышыні… Але пра ўсё па парадку.

Патрыятычны стрыптыз

Адборачны тур слэму прынёс шмат яскравых шоу. Нясвіжскі паэт Віктар Быль размаўляў са сваім чаравіком, робячы выгляд, што гэта тапак, і расказваў гісторыю пра готку — Барбару Радзівіл і эма-Жыгімонта. Вера Бурлак скакала ў сукенцы, удаючы маленькую дзяўчынку. Віктар Жыбуль біўся галавой аб сцяну, але нябольна. Уладзь Лянкевіч спяваў ці то мантры, ці то харалы. Але найбольшы фурор выклікалі троххвілінныя перформансы Аксаны Спрынчан і Алеся Туровіча. Першая расклала на зямлі тры белыя хусткі і пачала ілюстраваць вершы, здымаючы з сябе… чырвоныя сукенкі і кладучы іх на хусткі палоскамі. Калі на Аксане засталася апошняя, трэцяя сукенка, Андрэй Хадановіч не вытрымаў і закрычаў: «Прапаную не спыняць таймер на гэтым выступе!» Хлопцы ў залі стаілі дыханне: няўжо здыме сукенку? Дзяўчаты зашушукаліся: «Зараз сама ляжа!» Але Аксана падманула чаканні ўсіх, расклаўшы на хустцы асобнікі сваёй першай кнігі вершаў, таксама чырвоныя.

Глядацкае журы: прысуд паэту. Фота Алесі Серады

Аксана Спрынчан: патрыятычны стрыптыз. Фота Алесі Серады


Выступ Алеся Туровіча ў адборачным туры — першае месца ўсяго турніру ў маім асабістым унутраным рэйтынгу. Літаратар, якога амаль не чуваць апошнім часам, прадэманстраваў высокую марку перформера суполкі «Бум-Бам-Літ». Ён быў адзіным удзельнікам, хто аддаў павагу патрона мерапрыемства, склаўшы оду яго помніку, стылізаваную пад даклад купалаўскай канферэнцыі: «Купалу кавалі, кавалі Купалу, адлівалі, шуравалі, пілавалі…» — несліся над залай яго «навуковыя выкладкі». Гэта было сапраўды арыгінальна, актуальна і дасціпна. Нядзіва, што ён, як і Аксана Спрынчан, лёгка выйшаў у паўфінал слэму. Іншыя пяць удзельнікаў наступнага кола — Валярына Кустава, Глеб Лабадзенка, Сярж Мядзведзеў, Віктар Жыбуль і Вера Бурлак.

Інтэрмедыі паміж турамі слэму забяспечваў яскравы моладзевы гурт «Босае сонца».

Добры доктар Алкаголь

Многія ўдзельнікі толькі падчас самога слэму даведаліся, што гэта такое, і толькі ў працэсе спасцігалі, чым менавіта лепей уражваць гледача. Некаторыя так кранулі сябраў журы сваёй наіўнасцю і шчырасцю, што на іх праліўся дождж творчых сувеніраў і падарункаў. Самае цікавае пачалося, калі такія вось слэм-навічкі прайшлі ў другі тур. Найбольш перапалохалася Аксана Спрынчан: «Я падрыхтавала толькі адзін перформанс!» — заломвала яна рукі. Тым не менш, паэтка мабілізавалася і выкруцілася ў другі раз, што дазволіла ёй выйсці ў фінал. Таксама сіта паўфіналу здолелі прайсці Лабадзенка, Кустава і — з вялікім адрывам ад усіх — Жыбуль.

Віктар Жыбуль – караоке беларускай паэзіі. Фота Алесі Серады

Ні для каго не было сакрэтам, што пераможцам стане менавіта ён. Ніякіх падтасовак і фальсіфікацый, проста Жыбуль быў найлепшым беларускім слэмерам, яшчэ калі ніякага слэму ў нас не было. Мала хто зможа адначасова скакаць на адной назе і чытаць вершы, пры гэтым пакідаючы ў вас няўлоўнае адчуванне, што гэта не проста клаунада — а значна горш, Паэзія. Паэтка Кацярына Зыкава, даведаўшыся, што выступоўцаў запрашаюць у алфавітным парадку, за дзень да слэму нават спрабавала ўзяць сабе псеўданім, каб не выступаць адразу пасля Жыбуля. Ён быў адзіны, хто набраў падчас конкурсу максімальную колькасць балаў за адзін выступ — 30. Гэта значыць, ён цалкам скарыў як пераборлівую публіку, так і строгіх прафесіяналаў.

Такі поспех меў паўфінальны тэкст «Добры доктар Алкаголь» — парадыйная паэма сацыяльнай накіраванасці, якая прымушае людзей шалёна рагатаць з саміх сябе. Увогуле ж два склады журы амаль заўсёды дэманстравалі палярнае стаўленне да пачутага. Гледачы былі больш эмацыйнымі, паблажлівымі, у той час як мэтры сурова сыпалі чацвёркамі.

Караоке Беларускай Паэзіі

Вось жа, кола фіналістаў Купаласлэму склалі самыя яркія маладыя традыцыяналісты і Жыбуль, які фармальна таксама скарыстоўвае традыцыйную паэтыку, парадзіруючы яе па змесце. У адсутнасць Віталя Рыжкова, які не паспеў вярнуцца з паэтычнага фестывалю ў Харкаве, ролю сэкс-сімвала паспяхова выконваў узмужнелы і непаголены Глеб Лабадзенка з новымі моцнымі вершамі пра любоў і каханне.

Аксана Спрынчан: смяротны нумар дзеля перамогі. Фота Алесі Серады


Ён, аднак, не ўвайшоў у тройку прызёраў. Затое ў яе ўвайшла Аксана Спрынчан, якой для гэтага давялося выйсці ў акно Купалаўскага музею. Такім чынам яна імправізавана праілюстравала свой верш, дзе вялося пра выйсце з аўтобусу, якое адначасова — уваход у царкву. Сябры журы забыліся, што трэба ставіць адзнакі, пазрываліся з месцаў, пабеглі глядзець, ці не пабілася паэтка, ці мякка прызямлілася. Але пабачыўшы, што яна ўжо спакойна раздае інтэрв’ю тэлебачанню, супакоіліся і ацанілі яе скок на трэцяе месца. Валярына Кустава — срэбны прызёр Купаласлэму — на мой погляд, абсалютна заканамерна была адзначаная журы і публікай. 24-гадовая паэтка, у мінулым паэтычны вундэркінд, яна нядаўна адсвяткавала 15-годдзе творчай дзейнасці (Алесь Камоцкі: «Я ж цябе вось такууусенькай памятаю!»). Тым не менш, ёй цікава мяняцца, мадэрнізавацца ў тым, што яна піша. Вершы, прачытаныя ёй на слэме, — удалы, моцны прыклад такой мадэрнізацыі. Ну і перамогу, а з ёй і галоўны прыз — DVD-караоке — атрымаў Жыбуль. У фінале ён не разгубіўся, адрэагаваўшы на лірычны верш Аксаны Спрынчан пра аўтобус сваімі фантасмагарычнымі верлібрамі пра кантралёраў.

Што ж, Купаласлэм дасягнуў сваёй галоўнай мэты — стаў яскравым шоу і каталізатарам вясновага настрою. І — вяхой у развіцці айчыннага мастацтва вершавай дэкламацыі і літаратурнага перформансу. Яшчэ падчас самага першага беларускага слэму Андрэй Хадановіч падзяліўся сваімі планамі: «Мая мэта, як чалавека, які збіраецца паказаць такую забаву, як слэм, беларускаму гледачу, — зрабіць усё, каб гэты самы глядач зразумеў: слэм — таксама мастацтва».

Не сакрэт, што ў сваіх найгоршых праявах слэм — клубная, барная імпрэза, дзе шанец на перамогу мае той, хто гучней крычыць і сакавіцей мацюкаецца. Зрэшты, такі фармат даўно стаміў як паэтаў, так і гледачоў, — менавіта гэтым можна патлумачыць нязменны поспех беларускіх паэтаў з іх інтэлігенцкай манерай слэму на спаборніцтвах ва Украіне (апошнія дасягненні: Наста Манцэвіч выйграла Махнослэм у г. Гуляй-поле ў жніўні 2008 года, Віталь Рыжкоў — Эра-слэм у г. Ужгарад у сакавіку 2009-га). Тым не менш, грубы фармат слэму мае ўсе шанцы дакаціцца і да Беларусі. «У гісторыі беларускага слэму я хачу быць камічна-ўзнёслым містэрам Фёрстам, — з годнасцю зазначае Хадановіч, — а за мной няхай ужо прыходзяць містэры Сэканды!»

У якасці фінальнага акорду Купаласлэму 5 красавіка дырэкцыя Купалаўскага музея ўручыла ўсім удзельнікам памятныя медалі «Янка Купала. Акопы» — відаць, выславіўшы такім чынам ім сваё пажаданне надзейна акапацца ў літаратуры.

Валярына Кустава – лэдзі-паэт. Фота Алесі Серады

 

Сярж Мядзьведзеў: першы публічны выступ пасля дэмабілізацыі з войска. Фота Алесі Серады

 

Гурт “Босае сонца – пераможцы конкурсу глядацкіх сымпатыяў. Фота Алесі Серады


 

 Глеб Лабадзенка – сэкс-сімвал Купаласлэму. Фота Алесі Серады

 

Слэм-майстар Андрэй Хадановіч заўважна хвалюецца. Фота Алесі Серады

 


Позірк з залы. Фота Алесі Серады

Каментаваць