Купальскае кола: дзень другі (шмат фота)

У другі дзень фестывалю «Купальскае кола» выступаў звычны склад мінскіх зборных фолькава-металічных канцэртаў. Хэдлайнерам была КРАМБАМБУЛЯ, што троху выбілася з канцэпцыі, але сабрала найбольш слухачоў.

Другі дзень “Купальскага кола” ў мінскім парку забаў Dreamland 23 чэрвеня распачаўся лёгкім дожджыкам, што пад вечар сціх. Касцяк самых актыўных слухачоў, што падтрымлівалі выступоўцаў слэмам і маханнем хайрам, застаўся ў параўнанні з першым днём амаль нязменным: тыя ж твары, той жа хлопец на мыліцах, што ўмудраецца скакаць на адной назе (другая забінтаваная).

Ужо не раздавалі вянкі, апрацовак купальскіх песень амаль не гучала – канцэрт мала чым адрозніваўся ад Каляднага фэсту ці Фэсту вясновага раўнадзенства. Хіба тым, што праходзіў у фармаце open air. Збольшага склад музыкаў быў звычайным для такіх мерапрыемстваў. У якасці хэдлайнера запрасілі гурт КРАМБАМБУЛЯ. Ён троху выбіваўся з канцэпцыі, але сабраў найбольш слухачоў. Пэўна, вузкатэматычны фольк-метал фестываль – гэта ўсё ж не для open air у беларускіх рэаліях, замала аматараў стылю.

Ужо не першым разам на мерапрыемствах, арганізаваных Алесем Таболічам, выступілі TROLLWALD, MASSENHINRICHTUNG, OMUT, і, канечне ж, гурт самога Алеся ZNICH. Першы і апошні хваліліся новымі гітарыстамі. Алесь са сцэны дзякваў усім, хто дапамагае ў арганізацыі “Купальскага кола”, асабліва жонцы Алесі і сваім бацькам, якія займаліся продажам мерчу, і наведвальнікам, што прыйшлі ў не вельмі спрыяльнае надвор’е. Абвясціў, што яны з Алесяй неўзабаве чакаюць дачушку і прысвяціў жонцы песню “Мроя”. Зноў на сцэне і пад сцэнай кілбасілася маленькая прыхільніца гурта ZNICH, якую можна было бачыць і на іншых канцэртах.

Удзень на малой сцэне выступалі маладыя метал-гурты. Некаторыя з іх агучвалі, што для іх гэта вялікі гонар. Бліжэй да вечару выйшлі больш вядомыя AMONG GODS (з жаночым вакалам) і PLEMЯ ў касцюмах, якія складана апісаць. Сумесь этна, псіхадэлу і стымпанку? Не, гэта лепш пабачыць на ўласныя вочы.

Вечар завяршыўся выступам этнастудыі КЕТРЫ, што парадавала ўдзячных гледачоў, хто не збег дамоў ад дажджу і холаду, ажно два разы.


Купальскае кола: дзень першы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць