Літаратура на конкурснай аснове

«Карлас Шэрман — уругваец, які размаўляў па-беларуску з сакавітым лацінаамерыканскім акцэнтам...» — так кажуць тыя, хто яго добра ведаў. Сёлета споўнілася б 75 год са дня нараджэння таленавітага паэта, перакладчыка-іберыста, эсэіста, першага старшыні ГА «Беларускі ПЭН-цэнтр». Каб аддаць даніну павагі выбітнаму дзеячу беларускай культуры, традыцыйны, пяты па ліку конкурс маладых літаратараў, які з 2001 года ладзіцца гэтай шаноўнай арганізацыяй, быў названы ў ягоны гонар.



«Карлас Шэрман — уругваец, які размаўляў па-беларуску з сакавітым лацінаамерыканскім акцэнтам...» — так кажуць тыя, хто яго добра ведаў. Сёлета споўнілася б 75 год са дня нараджэння таленавітага паэта, перакладчыка-іберыста, эсэіста, першага старшыні ГА «Беларускі ПЭН-цэнтр». Каб аддаць даніну павагі выбітнаму дзеячу беларускай культуры, традыцыйны, пяты па ліку конкурс маладых літаратараў, які з 2001 года ладзіцца гэтай шаноўнай арганізацыяй, быў названы ў ягоны гонар. З 30 красавіка па 3 мая пры падтрымцы газет «Новы час» і «Наша ніва», а таксама кампаніі «Будзьма!» у Мінску і яго ваколіцах адбыліся «святочныя семінары» для фіналістаў конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана.

(На фота: Віталь Рыжкоў -- пераможца слэму "Бітва паэтаў", фіналіст конкурса Шэрмана)

Усяго на конкурс было даслана каля 80 работ з розных куткоў Беларусі і нават з па-за яе межаў. З іх журы ў складзе літаратараў, перакладчыкаў ды рэдактараў (Валянцін Акудовіч, Лявон Баршчэўскі, Марыя Мартысевіч, Барыс Пятровіч ды Андрэй Хадановіч) абрала 20 фіналістаў: 10 творцаў ва ўзросце да 28 год перамагло ў намінацыі «Паэзія» і 10 — у намінацыі «Мастацкі пераклад». Апошняя намінацыя — навінка сезону. І ў ранейшых чатырох конкурсах нікому не забаранялася дасылаць свае пераклады на суд журы, але ніколі яшчэ маладым перакладчыкам не надавалі ўвагі асобна. Больш за тое, падчас абвяшчэння ўмоваў было названае імя яшчэ аднаго патрона сёлетніх канкурсантаў: Эдгар Алан По — у свеце адзначаецца 200-годдзе з дня яго нараджэння. Творчую моладзь заахвочвалі да перакладу вершаў і прозы слупа амерыканскай літаратуры. Аўтары такіх перакладаў, незалежна ад таго, прайшлі яны ў фінал ці не, маюць шанец спрычыніцца да выдання беларускага збору твораў Эдгара По, які пабачыць свет сёлета.

«ПЭНаўскія конкурсы» вядомыя зусім не каштоўнымі прызамі, якія звальваюцца на пераможцаў. Галоўны прывілей для фіналіста — рэальны шанец на некалькі дзён фактычна з вуліцы ўвайсці ў літаратурны працэс. Агледзецца і вырашыць, ці правільны выбар ён збіраецца зрабіць у жыцці, ці заставацца яму з літаратурай. Першы крок літаратурнай ініцыяцыі для фіналіста — удзел у майстар-класах. Аўтарытэтныя літаратары абмяркоўваюць іх творы, ладзяцца цікавыя паездкі, сустрэчы з айчыннымі зоркамі літаратуры, рэдактарамі часопісаў ды выдаўцамі, варштаты, на якіх ім прапаноўваецца выканаць розныя творчыя заданні. Завяршэнне майстар-класаў — гала-канцэрт пераможцаў, які стаецца для многіх з іх першым «выхадам у свет». Праз некаторы час даходзіць да выдання калектыўнага зборніка твораў і яго прэзентацыяў у розных гарадах Беларусі. За мінулыя гады пабачылі свет 4 зборнікі: «12+1» (конкурс імя Наталлі Арсенневай), «Формула кахання» (конкурс імя Франчэска Петраркі), «Групавы партрэт з бабай Броняй» (конкурс імені Уладзіміра Караткевіча), «In Vilnia veritas» (конкурс, прысвечаны 100-годдзю газеты «Наша ніва»).

Частка майстар-класаў мела характар маёўкі, пленэру і адбылася ў аздараўляльна-адукацыйным цэнтры ГА «Беларускі зялёны крыж» пад Смалявічамі. Па словах арганізатараў, адарванасць ад сталічнай мітусні насіла канцэптуальны характар. Ім важна было стварыць атмасферу адарванасці ад свету, містыкі і загадкавасці ў духу По.


Маладыя літаратары на плэнэры


Апроч перакладчыцкіх майстэрняў для адных і літаратурных абмеркаванняў для іншых, праграма майстар-класаў прапаноўвала маладым літаратарам і такія цікавосткі, як «круглы стол» з незалежнымі выдаўцамі (Аляксандра Дынько прадстаўляла выдавецтва «Логвінаў», а Міхась Башура — выдавецтва «Галіяфы»), сустрэча з перакладчыкам Васілём Сёмухам і прэзентацыя ажно трох свежавыдадзеных кніжак у яго перакладзе — «Фердыдурка» В. Гамбровіча, «Курдупель Цахес» Э.Т.А. Гофмана і «Юстыцыя» Ф. Дзюрэнмата, сустрэча з маладымі перакладчыкамі Паўлам Касцюкевічам (пераклаў раман «Бойня №5» К. Вонегута) і Сержам Мядзведзевым (пераклаў раман «Байцоўскі клуб» Ч. Паланюка»), прэзентацыя кніжнай серыі «Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў» — выступалі паэты Анатоль Івашчанка, Усевалад Сцебурака і Галіна Дубянецкая і шэф «Дзеяслова» пісьменнік Барыс Пятровіч. Першы дзень майстар-класаў прайшоў пад знакам слэму «Бітва паэтаў» (канкурсант Віталь Рыжкоў стаў яго пераможцам!). 3 мая як лагічнае завяршэнне праграмы мелі месца калектыўныя чытанні і ўзнагароджанне фіналістаў у музеі М. Багдановіча.

Сёлетні конкурс маладых літаратараў прадэманстраваў магчымасць арганічнага суіснавання рускамоўнай і беларускамоўнай літаратуры ў Беларусі. Адразу дзве яскравыя паэткі — Кацярына Зыкава і дэбютантка Іна Заікіна — і «эсэіст» (насамрэч іранічны празаік) Павел Анціпаў перамаглі з творамі на рускай мове. Зыкава і Анціпаў у дадатак прэзентавалі на конкурсе свае пераклады на рускую мову вершаў беларускіх паэтаў — Веры Бурлак і Віктара Жыбуля адпаведна.

Сярод беларускамоўных творцаў самым грунтоўным тэкстам, пададзеным на суд журы, стаў пераклад дзіцячай аповесці польскага пісьменніка Яна Бжэхвы, бліскуча выкананы Аленай Пятровіч, самым стылёвым удзелам — паэзія Уладзя Лянкевіча і выкананыя ім пераклады вершаў Гіёма Апалінэра. Алена Талапіла пераклала апавяданне Генрыха Бёля, Наталля Давыдоўская — Германа Гесэ, але на вечарыне перакладчыца чытала іншыя пераклады — рускамоўнага беларускага празаіка Кірыла Дубоўскага. Юлія Шэдзько прайшла ў фінал з перакладамі вершаў Хорхе Луіса Борхеса, а Ганна Янкута — з перакладамі нідэрландскіх паэтаў. Прадстаўленая як адна з самых перспектыўных маладых перакладчыкаў у Беларусі, яна выступіла з эпіграфам да ўрачыстага вечара, прачытаўшы складаны для перастварэння «Звон» Эдгара Алана По.

Для сталічных студэнтак, паэтак Алены Карп і Аляксандры Сайко ўдзел у конкурсе стаў дэбютам, а віцебская паэтка Ірына Барысевіч перамагла ўжо ў другі раз. Нельга назваць навічком і Ірыну Бельскую з Наваполацку, уладальніцу мінулагодняга «Залатога апострафа». Самым прадстаўнічым выявіўся магілёўскі рэгіён — тут варта назваць паэтку Алесю Башарымаву, згаданую ўжо Іну Заікіну, «хэдлайнера» пераможнай вечарыны Віталя Рыжкова і пісьменніцу, якая піша пад псеўданімам Анка Упала.

«Я даслала пераклад, бо не знайшла ва ўмовах намінацыі «проза», — гэтак патлумачыла Анка з’яўленне самага моцнага, на нашу думку, твора конкурсу — перакладу апавядання «Скура» англійскага пісьменніка нарвежскага паходжання Руала Дала. Менавіта гэта праца была адзначаная спецыяльным прызам рэдакцыі «НЧ». «Хаім Суцін, герой апавядання, што вы пераклалі, паядноўвае сабой Беларусь і Францыю, гэтак жа, як справа мастацкага перакладу паядноўвае старыя часы і новы час», — адзначыў шэф-рэдактар «НЧ» Аляксей Кароль, калі ўручаў узнагароду.

Творы пераможцаў конкурсу імя Карласа Шэрмана будуць рэгулярна друкавацца ў штомесячным дадатку да «НЧ» «Літаратурная Беларусь». І цудоўнае апавяданне «Скура» стане першай майскай ластаўкай.

Каментаваць